Понедельник, 13 января 2025

Есенин, Толкин и многие другие. Мы поинтересовались, что читают пружанские спортсмены

1 270

Напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту мы звярнуліся да спартсменаў горада з простым пытаннем: ці можаце назваць вашу любімую кнігу? Адказы сведчаць аб тым, што фізічную зарадку можна з лёгкасцю сумяшчаць з зарадкай для розуму.

Валянціна Адамаўна Красько, трэнер па лёгкай атлетыцы СШ №1:

— Я вельмі люблю чытаць і пастаянна наведваю цэнтральную раённую бібліятэку. Апошнім часам чытаю дэтэктывы, перавагу аддаю жанчынам-аўтарам: Вользе Валадарскай, Наталлі Аляксандравай, Наталлі Андрэевай. У захапленні і ад псіхалагічных раманаў Алега Роя.

Андрэй Сяргеевіч Муха,  інструктар-метадыст ДЮСШ №1, удзельнік паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра:

—  У мяне многа любімых аўтараў, але, мабыць, асобна стаіць Эрых Марыя Рэмарк. Усё пачалося з кнігі “Тры таварышы”. Калі нехта не ведае,  дзеянне там адбываецца ў Гамбургу з трыма таварышамі, якія займаюцца аўтабізнэсам. Справа ў тым, што пачаў я яе чытаць менавіта ў Гамбургу, куды накіраваўся з трыма сябрамі за машынай! Выдзелю яшчэ адну кнігу – “Імгненне і лёс” брэсцкага аўтара Васіля Сарычава. Яна выйшла невялікім тыражом, але, на шчасце, трапіла мне ў рукі. У ёй расказваецца аб знакамітых спартсменах: хто кім быў і хто кім стаў.

Віталь Мадзяліца, трэнер па таэквандо:

— З упэўненасцю магу сказаць, што мая любімая кніга – гэта “Сволачы” Уладзіміра Куніна. Магчыма, многія бачылі аднайменны фільм, але кніга намнога цікавейшая!  Гэта вельмі моцны твор пра вайну, асабліва ўражвае, што падзеі ў творы датычацца дзяцей.

Вольга Уважаная, трэнер па фігурным катанні ДЮСШ №1:

— У мяне два любімыя творы — “Спяваючыя ў цярноўніку” Колін Маккалоў і “Знесеныя ветрам” Маргарэт Мітчал. Мне падабаецца нестандартны ход  думак у галоўных гераінь. І тое, як яны спраўляюцца з няўдачамі. А таксама іх баявы характар.

 Валерый Анатольевіч Дзегцяроў, трэнер па валейболе ДЮСШ №1:

— Доўгі час маёй настольнай кнігай была “Лязо брытвы” Івана Яфрэмава. Ды і зараз часта звяртаюся да гэтага фантастычнага  рамана з псіхалагічнымі тэорыямі і практыкамі і філасофскімі разважаннямі. А для адпачынку я ўсім раю прачытаць “Уладара кольцаў” Джона Толкіна. Дарэчы, калі вы б спыталі ў мяне пра любімы фільм, то адказам таксама стаў бы “Уладар кольцаў”.

Аляксандр Віктаравіч Шаманаў, трэнер па плаванні, дырэктар ДЮСШ №2:

— Зараз па рабоце даводзіцца чытаць шмат нарматыўных актаў, таму, каб адпачыць, я звычайна звяртаюся да вершаў Сяргея Ясеніна. Паэт мне падабаецца яшчэ са школьных гадоў. Вельмі блізкая мне яго творчасць па духу, ды і бярозкі мне таксама падабаюцца.

Думкамі цікавілася Кацярына Пашкевіч.

Фота Сяргея Талашкевіча і з архіваў рэдакцыі і спартсмена.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *