Бягучы год для калектыву КУВП «Камунальнік» двойчы знакавы.
Па-першае, 22 ліпеня камунальнаму прадпрыемству, у зону адказнасці якога цяпер уваходзіць практычна ўвесь раён, спаўняецца 75 гадоў. Да гэтай даты служба істотна змянілася і колькасна, і якасна. Па колькасці работнікаў «Камунальнік» з’яўляецца адной з самых буйных арганізацый Пружаншчыны. Многае, асабліва ў апошнія гады, змянілася і ў рабоце прадпрыемства: укараняюцца новыя тэхналогіі, пашыраецца асартымент аказваемых насельніцтву і юрыдычным асобам паслуг. А яшчэ сёлета камунальшчыкам давядзецца вытрымаць даволі сур’ёзны экзамен: у г.п.Ружаны пройдзе абласное свята-кірмаш «Дажынкі 2019», да якога служба актыўна зараз рыхтуецца.
З нагоды юбілею арганізацыі мы вырашылі на свае вочы пабачыць сучасныя магчымасці калектыву КУВП «Камунальнік», наведаўшы шэраг ружанскіх аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, на якіх шчыруюць работнікі гэтай арганізацыі.
Недзе праводзіцца капітальны рамонт, на іншых вуліцах пракладваюцца інжынерныя сеткі, а затым робіцца добраўпарадкаванне тэрыторыі. У цэнтры ўвагі не толькі шматпавярхоўкі: нямала сіл і сродкаў ідзе на прывядзенне ў належны выгляд прыватнай забудовы.
Як расказаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце В.І.Казлоў, зараз штодзённа ў пасёлак прыязджаюць брыгады з Клепачоў, Кабылаўкі, Шарашэва, Пружан, на падрыхтоўцы Ружан да свята на пададказных аб’ектах працуе да 50 чалавек.
— Падвоз работнікаў робіцца з дапамогай уласнага транспарту і пры істотнай падтрымцы аўтапарка №11,— гаворыць Віталь Ігаравіч.— І трэба адзначыць, што на канец ліпеня некаторыя аб’екты ўжо здадзены ў эксплуатацыю, шэраг іншых работ набліжаецца да завяршэння. Увогуле тэмпы выканання пастаўленых задач нас задавальняюць, і можна з упэўненасцю сказаць, што хутка пасёлак парадуе людзей змененым абліччам.
Многае са зробленага рукамі камунальшчыкаў застанецца незаўважаным з першага погляду. Але хочацца спадзявацца, што іх работу годна ацэняць жыхары пасёлка. Як, напрыклад, рамонт дахаў шматпавярховых дамоў, дзякуючы чаму ніякая непагадзь больш не прымусіць хвалявацца ружанцаў.
Больш падрабязна пра падрыхтоўку да свята-кірмашу «Дажынкі-2019» чытайце ў нумары «РБ» за 20 ліпеня.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).