Спецыялісты кожны месяц манітораць кошт аднаго ложка-дня знаходжання з размяшчэннем у аднапакаёвым двухмесным стандартным нумары, перыядычна аналізуюць кошт знаходжання ў атэлях Егіпта і Турцыі, краін Балтыі. Аб гэтым у рамках праекта БЕЛТА «Экспертнае асяроддзе» на тэму «Адпачынак і аздараўленне ў Беларусі — 2022» расказаў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай.

«Сярэдняя цана ў санаторна-курортных арганізацыях рэспублікі ў першым квартале фактычна была на ўзроўні снежня мінулага года і склала Br69,5 за адзін дзень знаходжання ў стандартным аднапакаёвым двухмесным нумары, — сказаў Аляксандр Цай. — Чакаецца, што ў другім квартале кошт складзе Br71,5. А на летнія месяцы з-за павышанага попыту на лячэбна-аздараўленчыя паслугі з боку спажыўцоў цана будзе прыкладна Br72-75. Што датычыцца атэляў Турцыі, то там кошт у 3-4-зоркавых атэлях складае прыкладна Br162, у Егіпце — каля Br145, гэта значыць у два разы вышэй. І ў яго, падкрэслю, не ўваходзяць медыцынскія працэдуры».

Дырэктар РУП «Цэнтркурорт» Святлана Кончыц падкрэсліла, што не трэба забываць аб асноўным фактары падаражэння адпачынку ў Турцыі і Егіпце — авіяпералёце. «Цяпер трафік, лагістыка крыху змяніліся, таму львіную долю бярэ на сябе менавіта кошт авіябілетаў. Калі браць санаторыі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то 7 дзён з пражываннем і харчаваннем абыдуцца ад $180, у атэлях Турцыі — ад $1,2 тыс. Сочы, куды таксама ўваходзіць кошт пералёту, — ад $1 тыс.», — расказала яна.
Як растлумачыў генеральны дырэктар «Белпрафсаюзкурорт» Мікалай Мацюкевіч, практычна такі ж расклад і ў іх, праўда, ёсць адно маленькае ўдакладненне: скідка ад прафсаюза, тыя самыя 25 працэнтаў, значна зніжае цану пуцёўкі. «Яе кошт з лячэннем, пражываннем, харчаваннем — гэта каля Br50 у дзень на чалавека. Хоць складана даць нейкую сярэднюю лічбу, паколькі ва ўсіх санаторыях кошт залежыць аб выбранага нумара. Згадзіцеся, аднапакаёвы двухмесны або двухпакаёвы аднамесны — абсалютна розныя рэчы», — рэзюмаваў ён.