Среда, 19 февраля 2025

«Экспазіцыя выклікае захапленне». Лукашэнка ва Улан-Батары наведаў Нацыянальны музей Чынгісхана

62

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва Улан-Батары наведаў Нацыянальны музей Чынгісхана, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнта Беларусі ў музеі сустрэлі міністр культуры Манголіі Чынбатын Намін, міністр замежных спраў Батмунхійн Батцэцэг і генеральны дырэктар музея Сампілдандавын Чулуун.

Кіраўнік дзяржавы агледзеў экспазіцыю, прысвечаную праўленню Чынгісхана. Яму таксама прадэманстравалі сярэбранае дрэва работы італьянскіх майстроў, якое сімвалізуе гістарычную сувязь Манголіі з Еўропай.

Акрамя таго, Прэзідэнт агледзеў экспазіцыі, прысвечаныя развіццю Мангольскай Імперыі і наследнікам Чынгісхана ў апошнія стагоддзі.

Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. «Экспазіцыя музея, прысвечаная шматвяковай гісторыі Манголіі, выклікае захапленне. Глыбокай павагі заслугоўвае тое, з якой любоўю і натхненнем мангольскі народ ставіцца да захавання гістарычнай і культурнай спадчыны сваёй Радзімы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Нацыянальны музей Чынгісхана размешчаны побач з Дзяржаўным Палацам. Музей быў адкрыты ў 2022 годзе. Ён уяўляе сабой 9-павярховы будынак у сучасным стылі агульнай плошчай 22,5 тыс. кв.м. З іх выставачная плошча займае 10,2 тыс. кв.м.

Экспазіцыя прадстаўлена больш як 10 тыс. арыгінальных экспанатаў, уключаючы творы жывапісу, рукапісы, скульптуры, шыццё і вышыўку, якія адлюстроўваюць асноўныя вехі мангольскай гісторыі — ад заснавальніка імперыі хунаў (першай качавой дзяржавы) да пачатку ХХ стагоддзя.

Музей мае наступныя тэматычныя залы: «Старажытныя дзяржавы», «Вялікая Манголія», «Мангольская імперыя», «Цары і падданыя Чынгісхана», «Свет і манголы».

У Музеі размешчаны выставачна-рэстаўрацыйная лабараторыя, дзве вучэбныя залы, бібліятэка, міні-кінатэатр, зала «Сярэбранае дрэва», сувенірны магазін і кавярні.

БЕЛТА