Больш за паўтара дзесяцігоддзя ў раённай цэнтральнай бальніцы захоўваецца добрая традыцыя ладзіць мерапрыемства, звязанае з прысвячэннем у прафесію маладых спецыялістаў-медыкаў, якія прыйшлі ў пружанскую сістэму аховы здароўя пасля заканчэння навучальных устаноў. І апошнія пяць гадоў базай для такіх шчырых і адкрытых сустрэч абіраўся музей-сядзіба «Пружанскі палацык», каб тыя, хто ўпершыню прыехаў у наш рэгіён, маглі азнаёміцца і з яго гісторыяй.
Таму чарговае прысвячэнне ў медыкі для кампаніі маладых спецыялістаў, што папоўнілі ўстановы аховы здароўя раёна ў бягучым годзе, пачалося з традыцыйнай экскурсіі па музейных экспазіцыях. Як расказвае старшыня прафсаюзнай пярвічкі «людзей у белых халатах» Ірына Шэйка, сёлета шэрагі медыцынскіх работнікаў папоўнілі 28 выпускнікоў профільных навучальных устаноў, у тым ліку пяць урачоў.
Пасля экскурсіі сумесна з артыстамі гарадскога Палаца культуры быў арганізаваны медыцынскі батл. Перад пачаткам інтэлектуальнага спаборніцтва да яго ўдзельнікаў звярнуўся галоўны ўрач Юрый Юзько, які заклікаў у абранай прафесіі кіравацца не толькі розумам, але і сэрцам.
— Толькі тады вы затрымаецеся ў гэтай галіне, — запэўніў Юрый Віктаравіч. І ў якасці прыкладу прывёў жыццёвы шлях вядучай батла Вольгі Касюк, якая пяць гадоў таму прыйшла працаваць у ахову здароўя раёна, а зараз узначаліла тэрапеўтычнае аддзяленне ЦРБ.
Падчас віктарыны маладыя спецыялісты паказалі пахвальнае веданне медыцынскай тэорыі. А вось ці змогуць яны паспяхова прымяняць свае веды на практыцы, пакажа будучае. У гэтым дапамогу і падтрымку моладзі акажуць старэйшыя калегі.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_296638414