Ёсць на свеце такія краіны,
Што расце нават хлеб на раллі.
А мне нашы бярозы, каліны,
Нашы краскі ў душу заляглі.
Я прыгожых мясцін знаю многа,
Многа пройдзена дальніх дарог.
А найлепшая тая дарога,
Што вядзе на бацькоўскі парог.
Антон Бялевіч
Так кранальна і цёпла сказаць пра сваю малую радзіму можа толькі чалавек, горача ўлюбёны ў родныя мясціны. Там матчыны рукі заўсёды пахнуць хлебам, а кропелькі ранішняй расы на траве нагадваюць бесклапотнае дзяцінства. І пакуль жывыя бацькі, дзверы роднай хаты заўсёды адчыненыя. Сюды хочацца вяртацца зноў і зноў, каб удалечыні ад гарадской мітусні пахадзіць па знаёмых вулачках, напоўніць сэрца шчасцем і цеплынёй.
Такія ўспаміны ўскалыхнулі душу пасля сустрэчы з дзіўнымі людзьмі з аг. Кабылаўка, дзе я пабывала ўпершыню. Мой прыезд у Навасёлкаўскую сярэднюю школу здарыўся спантанна, але ўражанняў хапіла спаўна. Не кожная адукацыйная ўстанова можа пахваліцца ўласным этнаграфічным музеем, а ў Кабылаўцы такі ёсць, ды яшчэ і з рэдкімі экспанатамі, пад сімвалічнай назвай «Вясковая хата».
Загадвае музеем настаўніца гісторыі Іна Леанідаўна Лук’яненка. Менавіта яна з 2006 года працягвае распачатую яшчэ ў 90-я цікавую справу, якая захапіла не толькі вучняў школы, але і мясцовых жыхароў. Музей ствараўся агульнымі намаганнямі ўсіх, хто не абыякавы да гісторыі роднага краю, каму цікава, як жылі і працавалі іх продкі, як гадавалі дзяцей і захоўвалі сямейныя каштоўнасці, якія ва ўсе часы так неабходна берагчы і перадаваць наступным пакаленням. У беларусаў заўсёды была адметная рыса — любоў да малой радзімы, павага да бацькоў, захаванне культурных традыцый свайго краю.
Пераступіўшы парог музея, быццам трапляеш у старажытныя часы, дзе нават падлога і сцены прасякнуты духам той эпохі. У вялікім пакоі без перагародак, дзе прастора ўмоўна падзелена на куты, усё расстаўлена так, як гэта было ў нашых продкаў у канцы 18 — першай палове 19 стагоддзяў. Юныя экскурсаводы расказалі, з чаго складаецца музей і што ў ім незвычайнага.
— Самым пачэсным месцам у вясковай хаце з’яўляўся «чырвоны кут», у якім віселі абразы. У нізе стаяла дзяжа з рошчынай, а побач — драўляны стол. Ікона, свечка і хлеб — тры духоўныя сімвалы, якія заўсёды захоўваліся ў сялянскай хаце. Дзяжа заўсёды стаяла ў куце пад абразамі. Такое месца ёй адводзілі, падкрэсліваючы яе вялікае значэнне для простых людзей, таму што менавіта ў ёй замешвалі цеста для хлеба — галоўнага багацця, сімвала дабрабыту сям’і. На дзяжу ў канцы жніва ставілі апошні сабраны і звязаны сноп жыта, упрыгожвалі рушніком і захоўвалі да наступнага жніва, — расказвае вучаніца 9 класа Юлія Дзямідава.
Асаблівую цікавасць у экспазіцыі заўсёды выклікае руская печ, якая была ў кожнай хаце. Гэта месца прыгатавання ежы, сімвал цеплыні і ўтульнасці. Для школьнага музея печ была выраблена па гістарычных малюнках з усёй неабходнай атрыбутыкай і кухоннымі прыстасаваннямі таго часу. Печка — адзін з галоўных персанажаў у народных казках, прымаўках і загадках. Для славян — сімвал жыцця і здароўя. Яны лічылі, што печка жывая і нават можа размаўляць з дамачадцамі. Яе старанна прыбіралі, сачылі за парадкам вакол, а раз на год, перад Вялікаднем, занава бялілі.
— З печчу звязана многа народных паданняў. Па народным павер’і, пад печчу альбо за ёю жыве Дамавік — душа і ахоўнік сялянскай хаты. Яго ўяўлялі ў выглядзе маленькага мужычка з сівой барадою і з доўгімі кіпцюрамі. Людзі стараліся падтрымліваць з ім добрыя адносіны, пакідалі яму ежу. Дамавік любіў ператварацца ў кацяня. Адсюль і павер’е — у новы дом першай запускалі кошку. Калі дзіця хварэла, яго парылі ў печы, засоўваючы на лапаце ў пратопленую, але даволі астыўшую печ, як гэта рабіла Баба-Яга з Іванушкам. Пасля вяселля ў печ кідалі пусты гаршчок, гаворачы: «Колькі чарэп’я, столькі дзяцей», — паведамляе вучаніца 9 класа Вікторыя Ніпарка.
— Па правую руку ад печы знаходзіцца «бабін кут» — месца, дзе гаспадыня захоўвала гліняныя міскі, лыжкі, таўкачыкі, збаны, глякі, бунькі, а ў больш заможных абавязкова быў самавар. У экспазіцыі шырока прадстаўлена паліца з пружанскай керамікай, адметнай рысай якой з’яўляецца яе чорны колер з арнаментамі ў выглядзе ромбаў і елачкі. У сенцах знаходзіўся «гаспадарчы кут», дзе стаялі селгаспрылады: сякера, піла, барана, жорны, рэшата, плеценыя карабы і шыяны, лапаты, вілы, граблі, матыкі — усё тое, што неабходна было селяніну ў яго паўсядзённым жыцці, — распавядае вучаніца 8 класа Ульяна Цімошык.
Злева ад уваходных дзвярэй знаходзіцца кут «Прадзенне і ткацтва», дзе прадстаўлены працэс стварэння даматканай тканіны. Гэтым гаспадыні займаліся ў доўгія зімовыя вечары, спявалі песні, расказвалі розныя небыліцы. Дзяўчынак ужо з пяці гадоў пачыналі прывучаць да хатняй работы, і яны павінны былі выпрасці сваю першую нітку. Падзея суправаджалася магічным абрадам: маці дзяўчынкі хавала нітку, пакуль дачка не выйдзе замуж. Рыхтуючыся да вяселля, матуля апяразвала гэтай ніткай дачку. Гэта, па народным павер’і, служыла абярэгам супраць нячыстай сілы, порчы і сурокаў.
— У нашым музеі вялікая калекцыя рушнікоў, бо з імі было звязана ўсё жыццё чалавека. Калі нараджалася дзіця, яго спавівалі рушніком, калі чалавек паміраў, яму ў дамавіну клалі рушнік, а самыя прыгожыя вешалі на абразы. Рушнікамі была ўпрыгожана ўся сялянская хата. Для выцірання рук і посуду былі самыя простыя, без усялякіх упрыгожванняў. А святочныя рушнікі былі рознымі: даматканыя, вышываныя, і ўпрыгожваліся плеценымі карункамі. Таксама ў калекцыі экспанатаў знаходзіцца сялянская вопратка нашага раёна: кашулі, спадніцы, фартухі, хусткі, нагавіцы і даматканыя паясы, — гаворыць вучаніца 9 класа Ангеліна Даражэй.
Сапраўдная каштоўнасць музея — ткацкі станок з усімі неабходнымі прыладамі, дзе ўвесь працэс апрацоўкі льну і стварэння тканіны паказаны ў натуральную велічыню. Зразумела, нашы прабабулі працавалі не разгінаючы спіны. Напрыклад, для таго каб спрасці ніткі з аднаго пуда кудзелі, а гэта больш за 16 кг, патрабавалася прыкладна 6 тыдняў запар руціннай працы. Вось так жылі нашы продкі, майстэрства якіх у асобных вёсках дайшло і да нашага часу, а іх вырабы беражліва захоўваюцца ў экспазіцыі.
І як прыемна, калі ў нашых мястэчках ёсць такія людзі, як Іна Леанідаўна, неабыякавыя да сваёй гісторыі, да мінулага і да сваіх каранёў. Каб папаўняць музейную калекцыю, настаўніца гісторыі працягвае збіраць матэрыялы, дамаўляецца з мясцовымі жыхарамі, знаходзіць новыя артэфакты, далучае да гэтай працы сваіх вучняў. Для сучаснай моладзі гэта важны штрых з мінулага, без якога не магчымы ні дзень сённяшні, ні будучыня. І вельмі важна, што ўсе намаганні настаўніцы падтрымліваюць яе калегі: дырэктар школы Наталля Мікалаеўна Лаптановіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Сцяпанаўна Грыцук, а таксама новы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алёна Віктараўна Пракаева.
Каб дакрануцца да мінулага, на экскурсію ў школьны музей прыязджаюць вучні з усяго раёна. Тут пабывалі турысты з Расіі, Польшчы, Германіі і нават Кітая, а таксама ганаровыя госці — былы міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў і Старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Наркевіч. А ў 2006 годзе наведваў Пружаншчыну і Кіраўнік дзяржавы са сваім сынам Мікалаем. Прэзідэнт таксама ацаніў мясцовы аўтэнтычны каларыт і важкі ўклад настаўнікаў школы ў вялікую справу.
У кожнага чалавека з выразам «вясковая хата» ўзнікаюць свае асацыяцыі. Для кагосьці гэта кватэра ў вялікім доме, для іншага — драўляны дом у роднай вёсцы. Але якім бы не было тое месца, дзе прайшлі гады дзяцінства і юнацтва, з любых жыццёвых дарог там заўсёды чакаюць гасціннасць і ўтульнасць. Для беларусаў «Вясковая хата» — гэта цёплая печ, доўгія лавы, засланыя вышыванымі рушнікамі, гліняныя збаны і плеценыя карабы. Менавіта ўсё тое, што прадстаўлена ў музеі, і з’яўляецца часцінкай той самай адметнасці беларусаў, пра якую трэба ведаць, памятаць і шанаваць.
Ірына Велясевіч
Фота аўтара