
Яшчэ ў пачатку навучальнага года педагог дадатковай адукацыі Вера Наумік паведаміла, што для ўдзельнікаў гуртка «Юны карэспандэнт» Ружанскай СШ імя К. Марача будзе арганізавана экскурсія ў рэдакцыю газеты «Раённыя будні». Нам хацелася хутчэй пабываць там. І вось наша мара здзейснілася: мы ў рэдакцыі газеты.
Нас гасцінна сустрэў адказны сакратар Алег Сідарэнка. Ён правёў па ўсіх кабінетах і пазнаёміў з супрацоўнікамі выдання.
Алег Сяргеевіч зрабіў невялікі экскурс у прафесію. Мы даведаліся, што раней газета друкавалася зусім не так, як цяпер. Гэта быў даволі працаёмісты працэс. Нам прадэманстравалі металічныя пласціны, на якія наносіліся фота і малюнкі, а затым адціскаліся на паперу. Мы таксама пабачылі шрыфт, якім карысталіся наборшчыкі тэксту.
Расказчык паведаміў, што сёння актыўна развіваецца вэб-журналістыка. У нашай раённай газеце таксама ёсць такі напрамак дзейнасці: журналісты вядуць афіцыйны сайт выдання. «Раённыя будні» можна адшукаць і ў сацыяльных сетках.
— Перш чым трапіць да чытача, газета праходзіць доўгі шлях, — паведаміў нам экскурсавод. — Карэспандэнты збіраюць інфармацыю, пішуць артыкулы, заметкі. Затым пачынаецца працэс вёрсткі — змяшчэння матэрыялаў на старонках будучай газеты. Звярстаныя палосы чытае і папраўляе магчымыя памылкі карэктар. За ім перачытваюць дзяжурны карэспандэнт і галоўны рэдактар выдання.
Алег Сяргеевіч прадэманстраваў нам газетную паласу пасля праўкі карэктара, каб мы пераканаліся, наколькі гэта скрупулёзная работа.
Пад канец візіту мы завіталі ў кабінет галоўнага рэдактара, які з захапленнем расказаў нам пра журналістыку. Віктар Міхайлавіч Ільюшчанка падзякаваў за актыўную работу гуртка, заахвоціў да творчай працы, параіў удзельнічаць у конкурсе да Дня Перамогі. На развітанне мы атрымалі ад яго сувеніры.
Рэдакцыю мы пакідалі ў прыўзнятым настроі. Экскурсія стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Я зразумела, колькі намаганняў і працы ўкладаецца ў стварэнне кожнага нумара газеты. Гэта паездка натхніла на далейшае вывучэнне журналістыкі, таму што ў будучым, магчыма, я стану часткай гэтай важнай сферы дзейнасці. Наведванне рэдакцыі дапамагло паглыбіцца ў свет навін і зразумець, наколькі неабходна журналістыка ў наш час. Навіны чытаюць людзі розных узростаў, і вельмі важна перадаваць праўдзівую інфармацыю.
Мы ўдзячны калектыву рэдакцыі «Раённых будняў» за супрацоўніцтва і чакаем журналістаў на чарговыя практычныя заняткі гуртка.
Меркаванні ўдзельнікаў экскурсіі:
Ксенія Жэбіт:
— Супрацоўнікі рэдакцыі — сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Найбольш уразіла мяне тое, наколькі ўважліва ставяцца журналісты да кожнага матэрыялу, правяраючы факты, імкнуцца зрабіць інфармацыю даступнай для чытачоў. Цяпер я з вялікай цікавасцю чытаю кожны новы нумар «Раённых будняў», ведаючы, колькі работы і душы ўкладзена ў кожны радок.
Марыя Вішнявецкая:
— Больш за ўсё мяне прыцягнула згуртаванасць і дружба працоўнага калектыву. Я зразумела: каб стаць журналістам, трэба прыкласці шмат намаганняў, таму што работа ў рэдакцыі цяжкая і патрабуе вялікай самааддачы, адказнасці, аператыўнасці ў падрыхтоўцы матэрыялаў, уважлівасці. Журналістыка — гэта не проста прафесія, а лад жыцця.
Аліна Хаваўка:
— Асабліва цікавым быў экскурс у мінулае. Цяжка нават уявіць сабе, наколькі складана было набіраць тэкст з асобных літар, ды яшчэ такіх маленькіх. Шмат цікавага і карыснага даведалася пра журналістыку. У гэтай прафесіі мяне вабіць пастаянны кантакт з людзьмі. Пасля экскурсіі я задумалася аб тым, каб паспрабаваць сябе ў прафесіі журналіста.
Юлія Яраховіч, удзельніца гуртка «Юны карэспандэнт». Фота Кацярыны Масік