У лясах Пружаншчыны пачаўся масавы збор дароў прыроды: ягад і грыбоў. Іх закупкай і перапрацоўкай актыўна займаецца прыватнае прадпрыемства «Экалеспрадукт». На дадзены момант на пастаўку дзікарослай прадукцыі заключаны шэраг дамоў з замежнымі пакупнікамі. Напрыклад, частка партыі лісічак, сабраных у ваколіцах Белавежскай пушчы, адправіцца ў Парыж, у рэстаран Эйфелевай вежы.

Прыклад бізнесмена В.В.Баярына і яго кампаніі «Экалеспрадукт» яскрава сведчыць, што кітайская мудрасць адносна таго, што ўсе выпадковасці даволі часта здараюцца невыпадкова, рэальна дзейнічае. Дзесяць гадоў таму Валерый Вячаслававіч і не думаў пра ўласную справу, працуючы нарыхтоўшчыкам у адной з беларускіх кампаній. Але абставіны склаліся так, што малады мужчына застаўся без працы і вымушаны быў шукаць сабе занятак, каб пракарміць сям’ю.

— Дык чаму не пачаць усё з «нуля» і не адкрыць уласную справу? Задумаўся я над гэтым і.. заняўся тым, што дагэтуль добра асвоіў,— успамінае пачатак сваёй дзейнасці В.В.Баярын. Хаця адразу прызнаецца, што ў тых успамінах мала прыемнага.
Пераважнай большасці айчынных прадпрымальнікаў давялося сапраўды пераадольваць нялёгкі шлях, бо нікому не пашанцавала знайсці залежы нафты ці залатую жылу. Так і «Экалеспрадукт» пачынаўся з былой піларамы, дзе працаваць давялося літаральна 24/7.

Чаму ж тады менавіта Пружаншчыну выбраў месцам свайго бізнесу, калі нават і родам не з гэтага краю? Як зазначае цяпер ужо пружанскі прадпрымальнік, спачатку думаў, што яшчэ адна выпадковасць затрымала яго тут. А потым зразумеў, што нічога выпадковага ў жыцці не бывае.

— Гэты рэгіён вельмі багаты дзікарослай прадукцыяй, сапраўднымі аднаўляемымі рэсурсамі, дзякуючы якім Пружаншчына можа бязмежна багацець. Гэтаму спрыяе і ўдалае геаграфічнае месца знаходжання. Яшчэ б мясцовыя людзі навучыліся беражліва ставіцца да гэтых прыродных багаццяў, літаральна падораных лёсам і лесам, то можна было б будаваць бізнес не толькі для сябе, але і для сыноў і нават унукаў.

А справа гэта заўсёды будзе карыстацца попытам, што пацвярджае дзень сённяшні кампаніі «Экалеспрадукт». Зараз прадпрыемства займае істотную плошчу былой вайсковай часці ў в.Куплін. Тут пастаянна працуюе 15 чалавек, а ў сезон штат павялічваецца да 300 работнікаў, якія працуюць па ўсёй вобласці і нават у суседніх рэгіёнах. Сваімі інтарэсамі пружанская ініцыятыва ахоплівае чатыры вобласці Беларусі, а пастаўкі ажыццяўляе амаль па ўсёй планеце, бо праз пасрэднікаў дары пружанскай прыроды ахвотна купляюць жыхары Кітая і Канады. Заснавана дзейнасць гэтага прадпрыемства на нарыхтоўцы дароў дзікай прыроды, ура-джаяў з прыватных сядзіб і фермерскіх гаспадарак з іх наступным замарожваннем і адпраўкай на далейшую перапрацоўку або на прылаўкі магазінаў. У першым варыянце галоўная задача — павялічыць тэрмін годнасці пры мінімальнай апрацоўцы, бо атрымальнік прадукцыі ўжо самастойна будзе даводзіць ужо свой тавар да належнай кандыцыі. Такі варыянт рэалізуецца ў партнёрстве з еўрапейскімі кампаніямі. У другім выпадку робіцца дасканалая ачыстка, замарозка і ўпакоўка (а зараз яшчэ абавязкова захоўваецца і масачны рэжым), каб пакупнік набываў гатовы прадукт. Напрыклад, пружанцы таксама маюць такую магчымасць, а нехта ўжо і скарыстаўся ёю, набыўшы замарожаныя ягады пад брэндам «Санта» ў мясцовых магазінах.

— Але ў любым выпадку перад прыёмкай ягад ці грыбоў вядзецца максімальны кантроль якасці — у супрацоўніцтве з абласной санітарнай службай і з дапамогай уласна набытага сучаснага абсталявання,— тлумачыць уладальнік кампаніі «Экалеспрадукт».
Гэта В.В.Баярын лічыць адной са складаемых таго, чаго прадпрыемства дасягнула за 10 мінулых гадоў. У якасці яшчэ адной апоры бізнесу ён называе сваіх работнікаў, якіх ведае не толькі пайменна, але і іх жыццёвыя абставіны. Пра кожнага, пачынаючы ад галоўнага бухгалтара і заканчваючы грузчыкам, Валерый Вячаслававіч можа доўга расказваць, апісваючы перавагі таго ці іншага працаўніка. «У мяне лепшыя грузчыкі, лепшыя перабіральшчыцы, лепшыя бухгалтары і лепшыя нарыхтоўшчыкі»,— менавіта так ён кажа пра любога, хто сустракаўся нам падчас своеасаблівай экскурсіі па вытворчасці. Магчыма, з-за такога стаўлення да людзей на прадпрыемстве практычна адсутнічае цякучка кадраў, хаця кадравае пытанне пакуль яшчэ не вырашана.

— Мы арганізавалі падвоз з Пружан і Новых Засімавіч, прадугледзелі годную аплату працы і нясём адпаведныя сацыяльныя абавязкі з захаваннем усіх устаноўленых дзяржавай гарантый,— зазначае дырэктар. — Але па-ранейшаму адчуваем недахоп спецыялістаў, асабліва складана знайсці на Пружаншчыне адказных мужчын-работнікаў.
Ёсць і іншыя праблемы, якія кампанія самастойна вырашыць не можа. Напрыклад, для далейшага росту вытворчасці трэба павялічыць энергаспажыванне, што не дазваляюць тыя лініі, што выкарыстоўваюцца зараз. «Экалеспрадукт» змог бы ўтрая нарасціць аб’ёмы, што адпаведна паўплывала б і на адлічэнні ў мясцовы бюджэт, і на стварэнне новых працоўных месцаў. Але дацягнуцца да бліжэйшай ЛЭП, што ідзе на Белавусаўшчыну, не ў стане. Дакладней, давялося б выдаткаваць усе свае актывы на вырашэнне пытання, што прывяло б да пагрозы банкруцтва.
— Мы ўпэўненыя ў гэтым, бо даўно пралічылі свае магчымасці, з чым і звярталіся да энергетыкаў з просьбай дапамагчы,— гаворыць В.В.Баярын.— Сёння наша кампанія не ведае канкурэнтаў на абласным узроўні, што дае нам шанец будаваць перспектыўныя планы, але ж падтрымкі іх пакуль што не бачым.

Зараз прадпрыемства сканцэнтравана на нарыхтоўцы чарніц і першых летніх грыбоў, у асноўным лісічак. Па словах спецыялістаў, ураджай бягучага сезона здавальняючы, работы хапае. Вось толькі не заўсёды радуе тое, што прыносяць здаваць нам людзі. Ёсць і такія, хто нясе зялёную ягаду: такую, зразумела, не прымаюць. Шкада, калі з-за чалавечай прагнасці церпіць ураджай. А вось тое, што беларуская прырода дае чыстую прадукцыю, высока цэняць еўрапейскія пакупнікі, бо нават у рамках каранціну і самаізаляцыі ні адна з краін ЕС не закрывала свае межы для фур з замарожанымі ягадамі, якія паспелі ў гэты час. Таму і не разумее В.В.Баярын тых, хто смуткуе з-за адсутнасці ў нашых землях карысных выкапняў у вялікіх аб’ёмах.
— Наша зямля выдатна пракорміць як саміх беларусаў, так і дзясяткі тысяч людзей з іншых краін, калі мы зможам з розумам распарадзіцца прыроднымі дарамі. І гэта павінны разумець не толькі нарыхтоўшчыкі прадукцыі, але і дзяржаўныя органы.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.