3 ліпеня адзначаўся Міжнародны дзень без пластыкавага пакета, закліканы звярнуць увагу людзей на глабальныя экалагічныя праблемы. І вельмі прыемна, што да сусветнага руху, які імкнецца да змяншэння абароту пластыку ў прыродзе і ўвогуле ўвасабляе ў жыццё ідэю “экалагічнага” ладу жыцця, з нядаўніх пор далучыліся і Пружаны.
У Пружанскім раёне штогод збіраецца і адпраўляецца на перапрацоўку ў сярэднім каля 300 тон пластыкавага смецця.
Вось ужо некалькі месяцаў у гарадскім Палацы культуры поўным ходам ідзе вытворчасць беларускіх эка-торбачак. Узначальвае “пашывачны цэх” галоўны ініцыятар арыгінальнай экалагічнай акцыі, дыпламант абласнога конкурсу “Жанчына года-2018”, народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Мікалаеўна Кулецкая. А дапамагаюць ёй увасабляць ідэю “чыстых” аксесуараў цудоўная швачка, майстар народных рамёстваў Святлана Строк і таленавітыя выхаванцы ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Шклінка-маляванка”.
Першая прэзентацыя эка-сумак пружанскай вытворчасці адбылася на фальклорным фестывалі “Радавод”, калі шматлікія майстры з Брэсцкай і суседніх з ёй абласцей, і нават з Польшчы, захапляліся ўбачаным. Другі “выхад” эка-торбаў у свет адбыўся падчас раённага свята “Лесвіца поспеху”, якое праводзілася ў рамках “Дзён энергіі ў Пружанах”. Праца Марыі Кулецкай, Святланы Строк і іх юных памочнікаў была адзначана на раённым узроўні. А ў рамках рэспубліканскага праекта “Калейдаскоп рамёстваў” студыю наведала дэлегацыя выкладчыкаў і навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава.
– Насамрэч, у той жа Польшчы торбы з палатна і бавоўны — сёння нярэдкая рэч, – сцвярджае Марыя Мікалаеўна. – Вось толькі нашы пружанскія сумачкі асаблівыя: кожная з іх эксклюзіўная, існуе ў адзіным экзэмпляры і мае арыгінальны дэкор. Адны торбачкі выхаванцы студыі распісалі спецыяльнымі фарбамі па тканіне, побач з выявамі, напрыклад, кветак ці жывёл паставілі лагатып Пружан. Іншыя ўпрыгожаны вышыўкай ці ажурнымі і арнаментаванымі стужкамі, на некаторых красуюцца маленькія лялькі-“матанкі”. Дзесьці мы выкарыстоўвалі тэхніку аб’ёмнай аплікацыі і інкрустацыі саломкай. А нядаўна нашы дзеці асвоілі партатыўны ткацкі станок і з задавальненнем ткуць на ім ручкі і кішэнькі для торбачак. Скажам так: выраб нашых эка-сумак – гэта цэлы сінтэз народных рамёстваў, якія асвойваюць выхаванцы.
Як адзначае майстрыха, эка-торба — гэта добрая тэма для майстар-класа, падчас якога можна не толькі шыць і дэкарыраваць, але і патлумачыць праблему пластыкавых адходаў.
— Пластыкавыя пакеты, на жаль, прапануюць усюды, у кожным магазіне! — кажа Марыя Мікалаеўна. — Яны ж нетрывалыя — рвуцца ў самы непрыдатны момант, а значыць напаўняюць сметнікі. А яшчэ яны безаблічныя, ніякія. Нашы ж сумачкі цяжка не заўважыць. Яны вельмі прыгожыя і трывалыя. Акрамя таго, таксама як і пакеты, у складзеным выглядзе не займаюць шмат месца ў сумачцы. Увогуле любы выраб ручной работы — гэта выдатны падарунак для блізкіх, які несумненна выкліча мноства станоўчых эмоцый у вашых сяброў!
Пружанскія эка-торбы, сапраўды, умеюць узняць настрой. Глядзіш на іх — і міжволі пачынаеш усміхацца. Згадзіцеся, дзеля гэтага прыемнага адчування варта набыць сабе такую. Вось так прадэфіліруеш ад магазіна да магазіна, здзівіш прахожых — і адначасова без асаблівых намаганняў дапаможаш навакольнаму асяроддзю.
Калі жадаеце набыць эка-торбу, тэлефануйце па нумары: 8-029-826-88-60.
Алена Зялевіч.