Не павінна быць ніякага тармажэння ў рэалізацыі дамоўленасцей па выніках праведзеных замежных візітаў на вышэйшым і ўрадавым узроўнях. Гэта галоўны тэзіс, які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў на нарадзе па выніках візітаў, расказала журналістам прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант.

«Прэзідэнт сабраў нараду, каб без ніякага прамаруджвання, літаральна імгненна ўрад і іншыя службовыя асобы пачалі рэалізацыю тых дамоўленасцей, якія былі дасягнуты ў ходзе праведзеных важных замежных перагавораў. Камандзіроўка была вельмі насычаная і цяжкая. Ніколі Прэзідэнт не вылятаў з краіны так надоўга. Інтэнсіўнасць сустрэч, перагавораў, пералётаў усе бачылі. Ад Ціхага акіяна да Атлантыкі, як сказаў кіраўнік дзяржавы», — адзначыла прэс-сакратар.
У выніку траекторыя работы на далёкай дузе вырысоўваецца зусім прадметна і перспектывы вельмі добрыя.
«Афрыка якраз адзін з самых перспектыўных напрамкаў. Прэзідэнт настройвае ўсіх на інтэнсіўную работу з высокім тэмпам і такой жа прадукцыйнасцю», — расказала Наталля Эйсмант.
У супрацоўніцтве з Кітаем, як адзначыў Прэзідэнт, праблем няма. «Гэта наш стратэгічны партнёр, з якім мы супрацоўнічалі, супрацоўнічаем і будзем супрацоўнічаць», — заявіла прэс-сакратар.
Вялікая ўзаемная цікавасць ёсць і з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Не толькі ў двухбаковым фармаце, але і, як абазначыў кіраўнік дзяржавы, размова ідзе аб магчымай сумеснай рабоце ў Афрыцы.
Абмеркавалі на нарадзе і перагаворы ўрадавай дэлегацыі ва Узбекістане і В’етнаме. Падрабязна аб выніках паездкі далажыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
«Што датычыцца беларуска-ўзбекскіх адносін — аб канкрэтных планах і праектах. А в’етнамскі напрамак мы, можна сказаць, рэанімуем. Абодва бакі да гэтага гатовы», — падзялілася падрабязнасцямі прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы.
Асаблівы акцэнт на нарадзе Прэзідэнт зрабіў на тым, што актыўна ўключыцца ў работу павінны віцэ-прэм’еры. Не меншай актыўнасці кіраўнік дзяржавы патрабуе і ад паслоў і МЗС у цэлым. «Наогул жа вынікі падведзены, задачы пастаўлены, зоны адказнасці размеркаваны. Ніякага тармажэння — гэта галоўны тэзіс і патрабаванне Прэзідэнта», — падкрэсліла Наталля Эйсмант.
Як паведамлялася БЕЛТА, за апошнія два тыдні Аляксандр Лукашэнка наведаў з візітамі шэраг замежных краін.
У пачатку снежня ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах ён прыняў удзел у Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату і правёў шматлікія сустрэчы з замежнымі калегамі на палях гэтага форуму.
Пасля гэтага Прэзідэнт пабываў у Кітаі, дзе сустрэўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
Пасля вяртання ў ААЭ кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з Прэзідэнтам гэтай краіны шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.
З ААЭ Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Афрыку. Адбыўся афіцыйны двухдзённы візіт у Экватарыяльную Гвінею і рабочы візіт у Кенію.
У сваю чаргу прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў гэтыя дні наведаў Узбекістан і В’етнам, дзе адбыліся перагаворы і сустрэчы на розных узроўнях.