Як сёння трэба працаваць беларускім СМІ, у якім напрамку рухацца і якія новыя формы работы засвойваць — пра гэта і не толькі гаварылі на мінулым тыдні ўдзельнікі дзявятага Форуму маладых журналістаў.
Мерапрыемства — цудоўная пляцоўка для абмену вопытам, новых знаёмстваў і проста добрых сустрэч сяброў. У форуме аўтар радкоў прымаў удзел у другі раз. І летась, і ў гэтым годзе арганізатары — прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі — напоўнілі яго самымі актуальнымі тэмамі і запрасілі аўтарытэтных спікераў.
Адкрыў форум Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Ён адзначыў, што паводле даследаванняў, найбольш папулярнымі сярод моладзі да 30 гадоў з’яўляюцца сацыяльныя сеткі і месенджары. З іх маладыя людзі атрымліваюць большую частку інфармацыі, таму трэба выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы. У той жа час нельга забывацца пра мясцовыя СМІ, у прыватнасці раённыя. «Мясцовая прэса заўсёды будзе запатрабаванай: яна ведае пра праблемы сваіх жыхароў, у адрозненне ад цэнтральных каналаў. Наша мэта — зрабіць рэгіянальныя СМІ дамінуючай адзінай сістэмай у медыйным ландшафце Беларусі», — адзначыў Уладзімір Пярцоў.

Затым пачаліся выступленні спікераў. Першым слова ўзяў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. Выступоўца разважаў пра свабоду слова ў журналістыцы, расказаў, якім атакам падвяргаўся сайт медыяхолдынга, падкрэсліў, што некаторыя відэа Агенцтва тэленавін YouTube выдаляў без якіх-небудзь тлумачэнняў. Нягледзячы на гэта, асноўнай задачай Іван Міхайлавіч лічыць данясенне людзям праўдзівай і аб’ектыўнай інфармацыі.
Прадстаўнік інстытута стратэгічных даследаванняў Вольга Багамаз расказала, якім чынам ажыццяўляецца маніторынг медыйнай прасторы, пазнаёміла ўдзельнікаў з тэндэнцыямі глабальнай сеткі. Не менш цікавым было выступленне старшага выкладчыка факультэта журналістыкі БДУ Дзмітрыя Сіняўскага. Ён гаварыў пра інфармацыйную вайну і тое, якая роля ў ёй адводзіцца газеце. У якасці паспяховага выдання Сіняўскі назваў «Мінскую праўду», фішка якой — гучныя загалоўкі, яркія колеры і таблоідны фармат. Журналісты не баяцца закранаць грамадска значныя тэмы, і гэта прыносіць поспех медыяхолдынгу.
Цікавым меседжам завяршыў выступленне старшыня праўлення «Беларускага таварыства «Знание» Вадзім Гігін, які разважаў пра журналістыку і прапаганду. «Добрага журналіста як любяць і цэняць, так і ненавідзяць», — сказаў спікер.
Другая частка форуму пачалася з аўтарскай журналістыкі. На гэтую тэму выказваліся палітаглядальнік АНТ Ігар Тур і вядучая «Новага радыё» Марына Караман. Па меркаванні Ігара Тура, аўтарская журналістыка прасцейшая ў стварэнні, але стаць добрым аўтарам няпроста. У той жа час аглядальнік спрагназаваў, што цікавасць да такой журналістыкі паступова будзе падаць. А вось Марына Караман упэўнена: аўтарская журналістыка — адказ на дзейнасць апанентаў. Таму меркаванне журналістаў і цікава гледачу, чытачу ці слухачу.
Размову пра «Мінскую праўду» працягнула галоўны рэдактар рэдакцыі інтэрнэт-праектаў Кацярына Лапіцкая. Спікер расказала, як і ў якіх сацсетках і месенджарах прадстаўлена «МП», з якімі блакіроўкамі прыходзілася сутыкнуцца. Таксама падкрэсліла, што журналістам трэба змагацца з фэйкамі. Прычым у тых электронных рэсурсах, дзе яны з’явіліся.
«Калі грамадзянская пазіцыя журналіста перадаецца чытачу, тады чалавек становіцца сапраўдным журналістам», — сказаў аглядальнік «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык. Ён упэўнены: «раёнкам» пад сілу змагацца з фэйкамі. У той жа час журналіст не павінен быць адзін: дапамогу павінны аказваць як кіраўніцтва, так і калегі.

Асабіста ў мяне найбольшую цікавасць выклікалі тры заключныя выступленні. Першае з іх — таму, што датычылася яно асабістага брэнда ў медыяпрасторы. Прэзентавала тэму ўдзельнікам форуму прэс-сакратар Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Анастасія Рудзкая. Яна заклікала ўсіх не баяцца вучыцца і памятаць, што імкнуліся да таго, каб брэнд быў індывідуальнасцю. Цяпер жа індывідуальнасць і ёсць брэнд. Менавіта таму важна граматна выбудоўваць работу ў сацсетках.
Гэтую тэму працягнула адказны сакратар крычаўскай «раёнкі» Дар’я Баравікова. Яна падзялілася вопытам вядзення сацсетак газеты. Што запісаў для сябе? Вось такую думку спікера: «Пакуль мы рыхтуем дзясяткі навін для газеты, нашы чытачы даведваюцца сотні навін з інтэрнэту, у тым ліку з нашых рэсурсаў». Менавіта таму ў рэдакцыі «Крычаўскага жыцця» працуе адразу два вэб-рэдактары, а сацыяльныя сеткі тут называюць асобнай платформай журналістыкі. «Раённыя будні» таксама стараюцца быць аператыўнымі ў інтэрнэце. Перш за ўсё, у Viber i Telegram.
Але разам з развіццём электроннай версіі не трэба забываць пра чытача друкаванай газеты. Галоўны рэдактар газеты «Авангард» (г. Буда-Кашалёва) Ірына Палубец расказала пра 7 крокаў да тыражу: гэта супрацоўніцтва з дзяржорганамі і іншымі арганізацыямі, прасоўванне брэнда, заахвочванне падпісчыкаў, работа з моладдзю, дапамога ў вырашэнні праблем, якасныя тэксты і фота, прыцягальны дызайн.

Усе гэтыя парады ўжо на ўзбраенні нашай «раёнкі».
Трэба сказаць, што цікавымі былі пытанні аўдыторыі. Тычыліся яны ўніверсальнасці журналіста, стварэння на базе раённых газет сучасных медыястудый, аналітычных матэрыялаў у раённых СМІ. У чарговы раз упэўніўся, што ў моладзі шмат ідэй. Галоўнае цяпер — дапамога зацікаўленых у іх рэалізацыі. У сваю чаргу, Мінінфарм будзе дапамагаць у тым ліку такімі форумамі. Як заверыў Уладзімір Пярцоў, дзясяты, што пройдзе праз год, будзе не менш насычаным і карысным.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара