Трэба прызнаць, што эксперты дзейнічалі і да 2013 года, калі было прынята рашэнне аб стварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Як расказвае начальнік Пружанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз падпалкоўнiк юстыцыi Генадзій Пракаповіч, выдзяленне службы ў асобную структуру ставіла мэтай удасканальванне дзяржаўнай судова-экспертнай дзейнасцi, узмацненне абароны правоў i законных iнтарэсаў грамадзян, арганiзацый у крымiнальным, адміністрацыйным, грамадзянскім i гаспадарчым працэсах. Гэта істотна паскорыла ўзаемадзеянне паміж экспертамi розных напрамкаў, дазволіла прафесійна выконваць ускладзеныя абавязкі па прыняццi ўдзелу ў выкрыцці злачынстваў або разбірацца ў розных спрэчных момантах.
– Наш міжраённы аддзел адказвае за ўзаемадзеянне з праваахоўнікамі Пружанскага і Камянецкага раёнаў. Дзякуючы аб’яднанню 10-гадовай даўнасці выніковасць работы нашай службы істотна палепшылася. Прадстаўнiкi Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз задзейнічаны ў расследаванні розных крымінальных спраў, устанаўліваюць справядлівасць па такіх жыццёвых пытаннях, як бацькоўства, ступень роднасці і іншыя. Калі прыватным ці юрыдычным асобам спатрэбіцца атрымаць афіцыйнае заключэнне кваліфікаванага эксперта, то яны могуць звярнуцца ў Пружанскi міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (вул. Савецкая, 36, другi паверх, каб. 215), патлумачыць сутнасць праблемы. Далей справу ў свае рукі возьмуць спецыялісты.
– Генадзій Вітальевіч, колькі супрацоўнікаў у міжрайаддзеле?
– Атэставаны чатыры эксперты, а яшчэ ў падраздзяленні ёсць дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт Сяргей Пінчук, які працуе працяглы час і мае багатую практыку. Ды і іншыя супрацоўнікі – таксама прафесіяналы. Трэба адзначыць, што атэстацыя ў нашай сферы азначае выдатную падрыхтоўку па розных прыкладных навуках. Па кожнаму з напрамкаў спецыяліст павінен паказаць найвышэйшы ўзровень ведаў, каб атрымаць допуск на права правядзення экспертыз, на права ўдзелу ў аглядах месца здарэння i iнш. Такімі ўменнямі дакладна авалодалі, акрамя мяне, старшы эксперт Алеся Міклашэвіч, якая служыць з першых дзён стварэння службы, эксперт Дзмітрый Віцько, які быў грамадзянскім экспертам, а з 2020 года – атэставаны супрацоўнік. І яшчэ ў Камянцы – старшы эксперт Андрэй Гiль i эксперт Анастасія Шэйко.
– Тэорыя – гэта толькі базіс практыкі, якой таксама трэба авалодаць. Наколькі паспяхова спраўляюцца са сваімі практычнымі задачамі судовыя эксперты?
– Настолькі, што знакаміты дэтэктыў Шэрлак Холмс мог бы павучыцца ў нас. Той кніжны герой карыстаўся толькі метадам дэдукцыі, а мы дапаўняем яго яшчэ і сучасным спецыяльным тэхнічным абсталяваннем, і дакладнымі навуковымі даследаваннямі. Ні адна дробязь на месцы злачынства не застаецца незаўважанай пад пільным поглядам спецыялiста. Памятаеце гучную трагедыю з жорсткім забойствам маладой гараджанкі ў 2014 годзе? Праз няпоўных восем гадоў, на працягу якіх карпатліва збіраліся ўсе магчымыя ўлікі, праводзіліся экспертызы, асоба забойцы ўсё-такі была ўстаноўлена. Невялікі след фарбы, парушаны пыл або ссунутая з месца ржавая засаўка – усё «размаўляе» з экспертам, адкрываючы карціну таго, што адбывалася на месцы злачынства.
– І наколькі вядома, не толькі праз месяц ці год, а нават і праз дзесяцігоддзі. У прыватнасці, начальнік абласнога ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз Андрэй Дзяшкевіч расказваў пра актыўны ўдзел у расследаванні крымінальнай справы па генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якая была ўзбуджана Генпракуратурай рэспублікі.
– Сапраўды так, мы прымаем непасрэдны ўдзел ва ўстанаўленні гістарычнай праўды, вывучаючы месцы масавых пахаванняў закатаваных фашыстамі мірных людзей. Напрыклад, разам з пракурорам раёна Аляксандрам Вярбіцкім праводзілі агляды ў в. Баравікі, каля райцэнтра і іншых, паказаных мясцовымі жыхарамі. У шэрагу месцаў пачнуць праводзiць раскопкі ў бліжэйшы час.
– Генадзій Вітальевіч, 10 гадоў, бадай што, і невялікі тэрмін, аднак ужо можна падвесці некаторыя вынікі. Ці пацвердзілася вернасць рашэння кіраўніцтва краіны па стварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, ці будзе ён дзейнічаць у такім жа фармаце ў будучым?
– Карысць ад новаўвядзення поўнасцю пацвердзілася. Істотна павялічыўся працэнт выкрывальнасці, скарацiлiся тэрмiны правядзення экспертыз, а зламыснікі зразумелі, што за супрацьпраўныя дзеянні абавязкова давядзецца адказваць, пра што сведчыць зніжэнне колькасці злачынстваў. Акрамя таго, у асобным падраздзяленні лягчэй сабраць сапраўдных прафесіяналаў, аб’яднаць іх асноўнай задачай і ў далейшым толькі павышаць іх кваліфікацыю. Упэўнены, што наперадзе нас чакаюць чарговыя юбілеі. А з нагоды першага – віншую калег са значнай падзеяй, жадаю новых поспехаў ва ўстанаўленні iсцiны.
Алег Сідарэнка. Фота з адкрытых крыніц