Пятница, 18 апреля 2025

Старшыня Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Дзяніс Цямчык пра дзейнасць і планы

354

Старшыня Маладзёжнага парламента пры Пружанскім раённым Савеце дэпутатаў, дырэктар Шчарчоўскай СШ Дзяніс Цямчык увайшоў у склад Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Ён таксама абраны на пасаду старшыні камісіі па пытаннях навукі і адукацыі.

На днях мы сустрэліся з Дзянісам Цямчыкам і задалі некалькі пытанняў маладому парламентарыю.

— Дзяніс Уладзіміравіч, падзяліцеся абставінамі выбрання Вас старшынёй камісіі па пытаннях навукі і адукацыі Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.

— Адбылося гэта на першым пасяджэнні Маладзёжнага парламента трэцяга склікання, у якім прыняла ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава. Я ўнёс сваю кандыдатуру на абранне старшынёй пастаяннай камісіі і атрымаў аднагалосную падтрымку. Акрамя гэтага, разам з членам Маладзёжнага парламента пры райсавеце дэпутатаў Дыянай Крэтавай мы ўвайшлі ў склад камісіі па пытаннях адукацыі, навукі, культуры, спорту і турызму, арганізацыі забаўляльнай дзейнасці моладзі Маладзёжнага парламента пры Брэсцкім абласным Савеце дэпутатаў трэцяга склікання.

— Што ўваходзіць у функцыі камісіі Маладёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь?

— У абавязкі ўваходзіць выяўленне патрэб, праблем, спадзяванняў моладзі. Мы жадаем дабіцца таго, каб маладыя людзі замацоўваліся пасля адпрацоўкі на сваіх першых рабочых месцах, навучэнцы актыўна прымалі ўдзел як у навуковай, так і працоўнай дзейнасці. Таксама трэба ўмацоўваць выхаваўчую работу на месцах, гадаваць сапраўдных патрыётаў. Пакуль дзейнасць нашай камісіі толькі пачалася, усё яшчэ наперадзе.

— Ці ёсць у Вас асабіста задумкі наконт намечаных накірункаў?

— Задумкі ёсць. Хачу дабіцца павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, умацавання прававой абароны маладых педагогаў. Гэта ўсё на першым этапе работы. Далей мы вызначымся з іншымі накірункамі дзейнасці.

— Ваша грамадская дзейнасць паўплывае на якасць навучальнага працэсу, бо Вы яшчэ і дырэктар школы?

— Лічу, гэта ўмацуе якасць маёй работы. Я змагу сам зразумець, як у сучасных умовах будаваць, накіроўваць дзейнасць не толькі маладых, але і больш сталых спецыялістаў нашай школы. Не сумняваюся, што гэтага магчыма дабіцца. Як сказала Наталля Іванаўна Качанава, не трэба зацыклівацца толькі на дзейнасці адной камісіі, мы павінны ведаць усе напрамкі, цікавіцца імі.

Гутарыў Віктар Ільюшчанка

Фота Кацярыны Масік