Пасёлак Лагішын Пінскага раёна рыхтуецца да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021». Хлебаробы з усёй Брэстчыны з’едуцца сюды праз тыдзень, 4 верасня. Для гасцей будзе падрыхтавана нямала сюрпрызаў.
Адзін з іх – прыгожыя кветкавыя інсталяцыі. На мінулым тыдні для таго, каб стварыць іх, на Піншчыну з’ехаліся сапраўдныя майстры з 19-ці прадпрыемстваў і арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўсёй вобласці. Яны не проста паказвалі свой талент, але і ўдзельнічалі ў конкурсе прафесійнага майстэрства сярод рабочых зялёнага будаўніцтва. Пры падліку балаў вызначаліся па два першыя, два другія і два трэція месцы.
Пружанскі раён на конкурсе шмат гадоў запар прадстаўляе падраздзяленне зелянгаса ўчастка «Добраўпарадкаванне» КУВП «Камунальнік». Летась работнікі «ўзяліся» за архітэктурную тэму, і напярэдадні «Дажынак» у Дзівіне змайстравалі Эйфелеву вежу. Сёлета вырашылі працягнуць своеасаблівае падарожжа па славутасцях свету, таму на суд журы і гасцей свята прадставілі ўжо вежу Пізанскую.
— Каранавірус значна сапсаваў планы многіх людзей на адпачынак за мяжой, — кажа майстар участка «Дапаможны» Марыя Кандарэвіч. – Таму мы вырашылі: а чаму б гасцям дажынак, якія прыедуць на Піншчыну, адначасова не пабываць яшчэ і ў Італіі? На выраб кампазіцыі спатрэбіўся месяц. Пэўную складанасць, канечне, выклікала тое, што вежа павінна нахіляцца і ў той жа час быць устойлівай. Але нашы работнікі справіліся і змайстравалі яе з фанеры і дошак. Каб абараніць «скульптуру» ад непагоды, мы пакрылі яе лакам, а побач з кампазіцыяй высадзілі аксаміткі, сальвію, колеусы, цынерарыю і аздобілі ўсё дэкаратыўнай падсыпкай.
Крэатыў пружанцаў спадабаўся жыхарам Лагішына: у каментарыях у сацсетках незвычайная «клумба» фігуравала з першага дня стварэння. Ацанілі яе і члены журы. КУВП «Камунальнік» прывёз з абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства па прафесіі «Лепшы рабочы зялёнага будаўніцтва» дыплом другой ступені. Віншуем!
Уладзіслаў Шпарла