Воскресенье, 16 июня 2024

Дзякуючы дабрачыннай дапамозе пацыенты Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду будуць абслугоўвацца ў яшчэ больш добрых умовах

400

Тое, што пацыенты Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду будуць адпачываць і абслугоўвацца ў яшчэ больш добрых умовах, зразумелі, калі днямі пабывалі ў гэтай установе.

Справа ў тым, што нядаўна сюды прывезлі патрэбнае для бальніцы абсталяванне: 25 новенькіх ложкаў з матрацамі, тры бакавыя сценкі, стойкі і падвескі для зручнага пад’ёму ляжачых хворых, столькі ж калясак медыцынскіх, пяць столікаў для зручнага догляду ляжачых пацыентаў, 12 прыложкавых тумбачак, дзве проціпролежневыя сістэмы.

Усё гэтае забяспечыў выканаўчы дырэктар дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія» Сяргей Зубовіч. Крыху пазней прыехаў сам, каб упэўніцца, што абсталяванне на самой справе патрэбна ў поўным аб’ёме, а не для таго, каб «проста было».

Сяргей Станіслававіч даў парады па рацыянальным карыстанні прыладамі, пагутарыў з персаналам бальніцы, пацыентамі, прайшоўся па палатах, зазірнуў на кухню. Суправаджаў госця галоўны ўрач установы аховы здароўя «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» Юрый Юзько.

Як расказаў падчас нашай гутаркі Сяргей Зубовіч, упершыню ён наведаў Сухопальскую бальніцу сястрынскага догляду ў студзені 2024 года. Тады і заўважыў, што пацыенты маюць патрэбу ў добрых ложках: старыя ўжо не адзін раз рамантаваліся. Звязаўся з Юрыем Віктаравічам і ўдакладніў, што, акрамя ложкаў, яшчэ патрэбна. У выніку быў складзены спіс неабходнага, ім і кіраваліся.

Грошы, якія ідуць на закупку неабходнага аснашчэння медыцынскіх устаноў накшталт Сухопальскай БСД, збіраюць прыхаджане Царквы Іісуса Хрыста Святых апошніх дзён. Як расказаў Сяргей Станіслававіч, кожная капейка ахвяраванняў строга ўлічваецца, адсочваецца і накіроўваецца толькі тым, хто ў гэтым мае патрэбу. ДГА «Сафія» не займаецца пастаянным спонсарствам нейкіх арганізацый: супрацоўнікі грамадскага аб‘яднання ідуць туды, дзе іх дапамога патрэбная сёння. Яны прывозяць усё неабходнае, а сачыць за разумным выкарыстаннем, беражліва адносіцца да абсталявання, прыбораў павінны самі гаспадары. Нельга дапускаць такога: крыху зламалася — выкінулі, дайце яшчэ. Усё павінна быць рацыянальным, лічыць выканаўчы дырэктар.

Па паведамленні Сяргея Зубовіча, за 2022 і 2023 гады дзякуючы рэалізацыі гуманітарных праектаў праз «Сафію» Царква Іісуса Хрыста Святых апошніх дзён аказала дапамогу арганізацыям нашай краіны на суму 403 750,8 беларускіх рублёў. Толькі за чатыры месяцы гэтага года, акрамя Сухопальскай БСД, ДГА «Сафія» аказала дапамогу дзвюм аналагічным установам Столінскага і Лунінецкага раёнаў. Агульная сума, выдаткаваная на рэалізацыю трох праектаў, склала 45 550,05 беларускіх рублёў. Акрамя гэтага, дапамога аказваецца розным спецінтэрнатам, псіханеўралагічным і іншым установам. Дзякуй за гэта!

Выконваючая абавязкі загадчыцы Сухопальскай БСД Святлана Данілюк кажа, што ўвесь персанал удзячны дабрачыннаму грамадскаму аб’яднанню «Сафія» і асабіста яго выканаўчаму дырэктару Сяргею Зубовічу за такую значную дапамогу. Прылады, якія былі пастаўлены аб’яднаннем, значна аблегчаць догляд пацыентаў бальніцы, зробяць больш камфортнае пражыванне ва ўстанове.

Віктар Ільюшчанка

Фота аўтара