
Для ўсіх нас 9 мая 1945 года – асаблівая гістарычная дата. Яна абвеяна веліччу подзвігу, памяць пра які застанецца ў сэрцах наступных пакаленняў. Гэта свята, якое аб’ядноўвае нашчадкаў агульным болем і гонарам за дзедаў і прадзедаў, што заваявалі магчымасць жыць і працаваць у вольнай і мірнай краіне.
Важнае значэнне для нас, нашчадкаў, маюць сёння сапраўдныя дакументы ўдзельнікаў вайны: успаміны былых воінаў, партызан, падпольшчыкаў, франтавыя лісты, фатаграфіі, паштоўкі, кнігі, газеты ваеннага часу. Усё гэта і зараз нярэдка захоўваецца ў асабістых архівах ветэранаў вайны і членаў іх сем’яў, і, на жаль, застаецца невядомым шырокаму кругу грамадскасці.
Але захаваць дакументы дома ў сілу розных акалічнасцяў бывае цяжка: тэксты лістоў цьмянеюць, папера і фатаграфіі жоўкнуць. Забяспечыць захаванасць кожнай старонкі гісторыі, данесці яе да будучых пакаленняў закліканы дзяржаўныя архівы, куды можна здаць сямейныя рэліквіі на захоўванне.
Менавіта так паступіла і я з дакументамі свайго дзядулі Івана Пятровіча Маслоўскага, перадаўшы іх у Занальны дзяржаўны архіў у г. Кобрыне, які зараз узначальваю.
Іван Маслоўскі нарадзіўся ў 1917 годзе ў в. Чапялі (на той час яна ўваходзіла ў Шарашоўскі, а цяпер у Пружанскі раён), у сялянскай сям’і. Скончыў адзін клас царкоўна-прыходскай школы, бо неабходна было дапамагаць бацькам даглядаць гаспадарку.
У 1938 годзе дзядуля быў прызваны ў польскае войска. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мабілізаваны ў Савецкую армію, дзе ваяваў да Перамогі. У званні радавога ўдзельнічаў у вызваленні Берліна. Скончыў службу ў Венгрыі ў 1946 годзе. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі і знакамі, заслужыў дзве Падзякі Маршала Савецкага Саюза І.В. Сталіна.
У мірны час дзядуля працаваў будаўніком у калгасе імя Калініна. У яго было чацвёра дзяцей. У 1977 годзе Іван Пятровіч выйшаў на пенсію, але працягваў працаваць у гаспадарцы. Памёр у 2006 годзе.
У мяне засталіся самыя цёплыя ўспаміны пра дзеда. Школьніцай кожнае лета я гасцявала ў Чапялях. Там мяне навучылі працаваць на зямлі, даглядаць жывёлу, там я палюбіла лес. Вечарамі дзед часам дзяліўся сваімі ўспамінамі пра тую страшную вайну. Я заўсёды дзівілася, як жа ён змог выжыць тады, пабываўшы неаднаразова ў палоне, атрымаўшы кантузію, пераадольваючы голад і губляючы таварышаў.
Дзіўны для мяне той факт, што на працягу ўсёй вайны дзядуля ні разу не быў паранены, хоць кулі, як узгадваў, праляталі літаральна ў сантыметры ад яго. На маё здзіўленне ён заўсёды адказваў: «Усё таму, што я быў веруючым, унучка».
Дзед не любіў распавядаць пра той час, мабыць, каб не верадзіць у душы страшэнныя моманты. У маёй памяці ён заўсёды застанецца ўзорам мужчынскай стойкасці, гонару, вернасці, адвагі і працавітасці.
Дакументы І.П. Маслоўскага (падзякі, ордэнская кніжка, пасведчанні да медалёў і знакаў, фатаграфіі, віншавальныя паштоўкі і інш.) сёння з’яўляюцца часткай архіўнай калекцыі дакументаў удзельнікаў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, грамадска-палітычных дзеячаў, прадстаўнікоў культуры. Яны дапамагаюць і будуць дапамагаць узнаўляць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ў новых выставах, кнігах, публікацыях, зборніках, кінастужках. Яны ярка раскрываюць веліч подзвігу нашага народу, яго любоў да Радзімы.
Пройдуць стагоддзі, але гэтыя дакументы не страцяць магутнай сілы ўздзеяння.
Юлія Закірава,
дырэктар Занальнага дзяржаўнага архіва
ў г. Кобрыне
