Понедельник, 21 апреля 2025

Дзяўчынка пад крыламі Арыёна

1 407

Дзесяць гадоў назад перад Аляксандрам і Вольгай Анташок жыццё паставіла цяжкую задачу,  для вырашэння якой спатрэбілася нямала сіл. Сёння яны зноў вераць у лепшае, таму што горшае з імі ўжо калісьці здарылася.

SAM_2882

Калі дачка з’явілася на свет, радасці не было мяжы. Я марыла аб тым, як нас выпішуць з раддома, і я прадстаўлю ўсім сваякам новага члена нашай сям’і. Але аказалася, што дзяўчынка нарадзілася невідушчай. І пацягнуліся бясконцыя дні, потым месяцы спадзявання: а раптам урачы памыляюцца… Пасля таго, як шок прайшоў, мы вырашылі зрабіць усё, каб у  Веранікі не было адчування, быццам яна не такая, як усе.

Вольга ўспамінае, што вельмі перажывала за тое, ці зможа Вераніка адэкватна ўспрымаць свой стан, калі вырасце. Яна доўга думала, чым можа заняць дачку, каб часу на сум у малой не заставалася, і вырашыла навучыць яе музыцы. Прызнацца, рашэнне ёй падказала сама дзяўчынка, якая з першых гадоў жыцця спачатку проста напявала мелодыі, якія чула, а потым дзіўным чынам прайгравала іх на маленькім цацачным піяніна ў дзве актавы. Вераніка цалкам акунулася ў свет гукаў, і  тату нічога не заставалася, як набыць  сінтэзатар Yamaha.

За кароткі тэрмін дзяўчынка самастойна вывучыла ўсе яго функцыі і цяпер, як прафесійны музыкант, не толькі грае вядомыя творы, але і сама складае музыку, запісвае фанаграмы. Бацькі Веранікі распавядаюць, што іх дачка, дзякуючы музыцы і спевам, не адчувае сябе ў чымсьці абмежаванай.  Абмежаванай адчула сябе я, калі пачула ў яе выкананні «Адажыа» з балета «Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага  і «Санаціну» Аляксандра Гедзіке, ды яшчэ і з варыяцыямі на флейце.

Мы ніколі не лічылі і не ставіліся да свайго дзіцяці, як да інваліда. Яна звычайная дзяўчынка, для паўнацэннага жыцця якой проста патрабуецца спецыяльнае абсталяванне і кваліфікаваныя спецыялісты. Мы стараліся своечасова ўсім гэтым яе забяспечваць, – перапыняе мае разважанні Аляксандр Уладзіміравіч.

Вераніка некалькі гадоў наведвала інтэграваную групу ў дзіцячым садку в.Слабудка. Цяпер яна навучаецца ў Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце. З лёгкасцю асвойвае школьную праграму, паралельна займаецца і ў музычнай школе – за год вучобы самастойна асвоіла творы ўзроўню 3-га класа. Займаецца харэаграфіяй, бісерапляценнем, лепкай з пластыліну. Наведвае эстрадную студыю. Да гэтай скарбонкі захапленняў трэба дадаць і паглыбленае вывучэнне нямецкай мовы – Вераніка прымае актыўны ўдзел у складаных тэатральных пастаноўках, вылучаецца сярод іншых дзяцей вельмі чыстым вымаўленнем.

Аб насычаным творчым жыцці дзяўчынкі сведчаць шматлікія дыпломы ў яе пакоі. Што дзіўна, на дыпломы яна не звяртае ніякай увагі, а адразу вядзе знаёміцца ​​з галоўнымі сябрамі – дзясяткам плюшавых мядзведзікаў, кожны з якіх пры націску і павароце выдае музычны гук, і каляровымі шклянымі шарыкамі, якія яна любіць перабіраць у хвілінкі адпачынку. Дзяўчынка таксама прызналася, што вельмі любіць салодкае, і калі яго няма пад рукой — вельмі сумуе.

Так, наша Вераніка актыўная і мэтанакіраваная, заўсёды дамагаецца жаданага. Радуе, што настаўнікі ацэньваюць яе, як дысцыплінаваную і вельмі выхаваную дзяўчынку. Кожны год, адзначаючы яе дзень нараджэння, мы дзякуем Богу за магчымасць мець такую дачку, як Вераніка. Мы бязмежна радуемся любым яе поспехам і ўдзячныя ёй за жаданне жыць. Ніколі не варта здавацца. Заўтра будзе лепш, чым учора!

Такую кранальную параду даюць бацькі дзяўчынкі тым, хто губляе надзею ў падобных сітуацыях.

Некалькі гадоў таму ў жыцці Веранікі пачаўся  хвалюючы час фэстаў і конкурсаў. У мінулым годзе яна прайшла адбор і заняла першае месца на III міжнародным фестывалі-конкурсе інклюзіўнай  творчасці «Пад крыламі Арыёна», які праходзіў у г.Мінску. Гэты фестываль асаблівы: дзеці з абмежаванымі магчымасцямі  на роўных спаборнічаюць са здаровымі аднагодкамі. Апошнія, як адзначаюць і педагогі, і бацькі, у падобных сумесных зносінах праяўляюць асаблівую ўважлівасць і спагадлівасць. За тры гады існавання ў фестывалі прынялі ўдзел больш за 3000 дзяцей ад 7 да 18 гадоў з Беларусі, далёкага і блізкага замежжа –  гэта ўжо сапраўднае творчае сузор’е неабыякавых да чужой бяды талентаў.

А  сёлета, 19 мая, галоўныя дыпламанты фестывалю, сярод іх і мая маленькая ўсмешлівая суразмоўца, годна прадстаўлялі нашу краіну  на XVI міжнародным фестывалі рэлігійнай песні ў польскім горадзе Скарышаве. «Прыгожыя песні пра Божую міласэрнасць», – так назваў тэматыку гэтага фестывалю Папа Рымскі Францыск. Касцёл святога Іакава, у якім праходзіў фэст, быў запоўнены публікай, якая прыйшла паслухаць адораных спевакоў.

DSC_9428_измен.размер

Мне вельмі спадабаўся польскі фестываль. Я пазнаёмілася з дзецьмі з розных краін, пасябравала з Лэйлай з Эстоніі. Мы разам скакалі на батуце і каталіся разам на кані. Ездзілі на экскурсію, на Вежу Замка Ілжэ – высока там было вельмі, некаторыя пайшлі на самы верх, і я за імі. Я вельмі задаволена тым  святам, якое мне падарылі бацькі і арганізатары фестывалю. Дзякуй Ірыне Анатольеўне Паўлавай за прыгожы касцюм, у якім я выконвала песню «Крылы анёла», Алене Міхайлаўне Пятрэнка, Святлане Анатольеўне Сацюк, Анастасіі Вячаславаўне Данковай, – дзеліцца сваімі ўражаннямі дзяўчынка.

DSC_9240_измен.размер

Сёння Вераніка ўсё імкнецца рабіць сама. Актыўная яна і ў сацыяльных сетках, дзе з дапамогай бацькоў размяшчае свае фота, фрагменты выступленняў і мноства шчаслівых момантаў з сябрамі.

З‘явілася ў яе і яшчэ адно захапленне: дзяўчынка  піша вершы, апавяданні і казкі. Верным памочнікам у гэтай справе ёй служыць разумная пішучая машынка  Брайля. Дзяўчынка спісала рэльефнымі кропачкамі ўжо не адзін агульны сшытак. Але самастойна прачытаць яе творы могуць толькі тыя, хто валодае сістэмай Брайля, дзе рознымі камбінацыямі кропак пазначаюцца літары, лічбы, ноты і любыя іншыя  сімвалы. Гэтая машынка ў руках у дзяўчынкі –  галоўны ключ да яе пісьменнасці.

А ключ да яе шчасця таксама просты: яна марыць пракаціцца па лесе на веласіпедзе і пачуць спевы лясных птушак: карканне гарадскіх варон ёй, ох, як надакучыла…

На здымках: Вераніка дома за сінтэзатарам і падчас выканання песні «Крылы анёла» ў касцёле святога Іакава; сям‘я Анташок падчас паездкі ў Скарышаў.

Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *