Суббота, 5 октября 2024

Дзіва-творчасць жыхаркі Стараволі Любові Велікаселец

403

Дзе шукаць карані творчасці? Калі асабіста мне даць у рукі ніткі, пруткі, кручок, іголку і іншыя інструменты для вязання і вышыўкі, напэўна, рукадзельнічаць я так і не пачну. Такі ўжо характар і такое жыццё: хутка праспяваць, адрэпетыраваць, гэтак жа хутка прыгатаваць — і зноў за руль, у прамым сэнсе ехаць па новыя ідэяі і да новых мерапрыемстваў.

юбоў Іосіфаўну Велікаселец са Стараволі дэманструе свае работы.

Але сёння размова не пра мяне. Сёння хочацца расказаць пра жанчыну, якая шмат гадоў займаецца творчасцю. Карані гэтай творчасці — у глыбіні сэрца. Яна з задавальненнем наведвае канцэрты і святы ў Стараволі, бярэ кнігі ў нашай бібліятэцы і маўкліва сыходзіць. Гэты чалавек не любіць пра сябе расказваць, аднак рана ці позна пра такіх людзей павінны даведацца. Гаворка — пра Любоў Іосіфаўну Велікаселец са Стараволі.

smart

Штогод калектыў аматарскай творчасці Старавольскага сельскага клуба-бібліятэкі з калядкамі наведваецца да жыхароў нашага аграгарадка. Не парушылі мы традыцыю і сёлета. Усе старавольцы, як адзін, адчынялі нам дзверы, з радасцю прымалі ў сваіх дамах. І вось мы завіталі да ўжо знаёмай жанчыны. Любоў Іосіфаўна запрасіла нас, як кажуць у вёсцы, у пярэдні пакой. І тут я застыла ад захаплення… Усе сцены былі завешаны самымі рознымі карцінамі: тут і пейзажы, і партрэты, нацюрморты, абстрактныя і сюжэтныя малюнкі. На іх — кветкі, жывёлы, прырода, дамы, вадаёмы… Але і гэта не ўсё: на ложку — вялікія падушкі з вышытымі пышным узорам букетамі руж. На маленькіх падушачках — нібыта жывыя вавёрачкі. Здаецца, вось-вось скокнуць і пабягуць! А ручнікі якія! Бярэш у рукі — і быццам пераносішся ў мінулае, уяўляеш, як раней менавіта ў іх, доўгія, беласнежныя, клалі толькі што спечаны хлеб і давалі з сабой падарожніку: доўгі ручнік быў сімвалам удачы і шчаслівай дарогі.

Работы Любові Іосіфаўны надзвычай здзіўляюць і разнастайнасцю тэхнік вышыўкі. Тут і крыжык, і гладзь, і барджэла, і асізі, лонгсціч, аб’ёмная, бразільская, дывановая, якабінская, тамбурная вышыўка…

— Як можна сумясціць усе жанры, — пацікавілася я ў Любові Іосіфаўны, зазначыўшы, што сустрэць такое — вялікая рэдкасць.

А жанчына проста адказала:

— Колькі сябе памятаю, вышываю карціны. Саджуся за працу тады, калі спявае душа.

І далей працягнула паказваць свае работы…

Мне здаецца, што Любоў Велікаселец мае поўнае права насіць ганаровае званне майстра народнай творчасці. Упэўнена: у руках гэтай сціплай, вытанчанай, мілай, спагадлівай, дабрадушнай і, безумоўна, таленавітай жанчыны яшчэ не адно палатно ператворыцца ў цудоўную карціну. І абавязкова стане шэдэўрам.

Вельмі хочацца, каб пра Любоў Іосіфаўну і яе творчасць даведалася як мага больш людзей, прычым не толькі аднавяскоўцы. Менавіта таму выстава з яе цудоўнымі вырабамі зойме годнае месца на свяце «Шырокая Масленіца», якое Старавольскі сельскі клуб-бібліятэка правядзе ў нядзелю, 19 лютага, у 15.00 гадзін. Шчыра запрашаем да нас усіх чытачоў! Мы актыўна рыхтуемся і абяцаем яшчэ многа іншых сюрпрызаў, яркіх уражанняў і смачных блінцоў!

Наталля Дарошчанка, загадчыца Старавольскага СКБ. Фота Кацярыны Масік