У разгар спартыўнага сезона ў Лядовым палацы нашага горада сапраўды ёсць на каго і на што паглядзець. Тым больш у выхадныя дні. Мінулыя не сталі выключэннем: тут прайшоў дзіцячы хакейны турнір «JUNIOR BULLDOGS».
На гэты раз спаборніцтвы сабралі шэсць каманд 2012 г.н. і ўпершыню выйшлі на міжнародны ўзровень. Усё таму, што пазмагацца са зборнымі з раёнаў вобласці на гэты раз прыехала каманда «Фенікс» з Калінінграда. І прыехала не адна, а з даволі ўнушальным клубам балельшчыкаў. Карэспандэнту пашчасціла пагутарыць з трэнерам зборнай Юрыем Ботвіным. Высветлілася, што сваю прыгожую назву «Фенікс» каманда атрымала ад назвы лядовай пляцоўкі, дзе трэніруюцца хлопцы. І падчас турніру хакеісты даказалі, што яны гатовы змагацца.
— Усяго ў нашым горадзе тры дзіцячыя хакейныя каманды. Мы — прадстаўнікі гарадской школы, функцыянуюць яшчэ абласная «Бурштынавая зорка» і прыватная «Святлагорац». У Пружанах раней не даводзілася бываць, таму з радасцю адгукнуліся на запрашэнне арганізатараў турніру. Нам спадабалася. І лёд, і ўзровень — усё вельмі годна. Амаль усе свае матчы нашы хлопцы пачыналі з паражэння варот саперніка, але, на жаль, мы не сталі пераможцамі ніводнай гульні. Самай выніковай аказалася сустрэча з камандай «Брэст-1», мы прайгралі, але не разгромна — 3:4, — расказаў Юрый Міхайлавіч.
Трэнер упэўнены: кубак за ўдзел, які атрымала каманда, гэта добры стымул рухацца далей. Увогуле, зборная існуе шэсць гадоў. Дасягненні — самыя розныя. Будзем спадзявацца, што мы яшчэ абавязкова ўбачым хлопцаў у ярка-жоўтай форме з надпісам «Фенікс», і яны возьмуць рэванш у Пружанах.
А як жа згулялі нашы? Даволі годна.
Абодва пятнічныя матчы былі за пружанскай камандай. Спачатку абышлі баранавіцкі «Авіятар» — 13:2, пасля разграмілі «Фенікс» — 10:2. Напружанай аказалася суботняя сустрэча з «Брэстам-2», але і яна была за пружанцамі — 2:1. У нядзелю чакалі таксама дзве гульні. На жаль, паядынак з «Собалем» не задаўся — 3:6 на карысць бярозаўчан. А вось з «Брэстам-2» згулялі на роўных — 4:4. Лепшым іграком у складзе пружанскай зборнай па выніках усіх матчаў названы Іван Жытко. Трэніруе каманду Павел Літус.
Трэцяй па выніках гэтага турніру стала зборная «Брэст-2», другой — «Брэст-1», а чэмпіёнства святкавала зборная «Собаль» з Бярозы.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара
Фотаальбом з турніру: https://vk.com/album-23306785_291820717