Навазасімавіцкая сельская бібліятэка ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама па выніках абласнога конкурсу «Сельская бібліятэка – партрэт у сучасным інтэр’еры» ў намінацыі «Тэрыторыя дзяцінства» за арганізацыю дзіцячай зоны з мэтай прыцягнення дзяцей і маладых бацькоў да чытання.

У сценах Навазасімавіцкай сельскай бібліятэкі часта гучаць вясёлыя галасы хлопчыкаў і дзяўчынак, бо маленькія чытачы прыходзяць туды не толькі па цікавыя кнігі. У бібліятэцы можна і ў настольныя гульні пагуляць, і памаляваць, і змайстраваць вырабы. Падабраць цікавыя кнігі прыходзяць і чытачы з малымі дзецьмі. Як бачыце, невыпадкова ў супрацоўнікаў бібліятэкі ўзнікла ідэя стварыць дзіцячую зону, дзе можна пагуляць і заняцца творчасцю.

Сцены гэтага незвычайная куточка ўпрыгожылі маляўнічыя тэматычныя наклейкі, утульнасці дадаюць разнастайныя мяккія цацкі. Цяпер маладыя бацькі могуць спакойна выбраць кнігу, пакуль іх малыя захоплена гуляюць у дзіцячай зоне. Бібліятэка вядзе актыўнае супрацоўніцтва з Навазасімавіцкім дзіцячым садам і Параслянскай школай, таму дзеці з’яўляюцца частымі гасцямі літаратурных мерапрыемстваў.
У супрацоўнікаў бібліятэкі ёсць яшчэ многа цікавых ідэй, якія яны плануюць ажыццявіць на радасць чытачам.
Юлія Мікалаева. Фота Кацярыны Масік