Среда, 15 января 2025

Дзень Зеляневіцкага сельсавета

232

На мінулым тыдні, у пятніцу, у адпаведнасці з распараджэннем старшыні раённага выканаўчага камітэта Міхаіла Грышкевіча прайшоў Дзень Зеляневіцкага сельсавета.

Кожны чалавек — гэта асоба, са сваім характарам. І заўсёды прыемна, калі цябе не пакідаюць сам-насам з праблемамі, працягваюць руку дапамогі ў цяжкую мінуту, прымаюць удзел у тваім жыцці, не даюць застацца аднаму, калі вакол кіпіць жыццё. Тое ж самае можна сказаць і пра такую адміністрацыйную адзінку, як сельсавет. З той розніцай, што там увагі чакае не адзін чалавек, а сотні. Тым не менш, да іх таксама трэба прыслухоўвацца, бачыць іх, ствараць такія ўмовы, каб жылося добра і спакойна. Такая ж мэта праследуецца падчас правядзення Дзён сельсаветаў у нашым раёне.

Які быў зроблены наказ перад пачаткам мерапрыемства? Не проста пагаварыць, а канкрэтна прапаноўваць вырашэнне тых праблем, з якімі сутыкаюцца людзі на вёсцы, каб яны не адчувалі сябе забытымі і пакрыўджанымі ўвагай.

А дапамога сапраўды патрэбна, як высветлілася падчас правядзення прыёмаў грамадзян і юрыдычных асоб кіраўніцтвам райвыканкама і дэпутатамі раёна, якія прайшлі перад асноўным пасяджэннем. Трэба будзе звярнуць увагу на падключэнне электраацяплення, уборку зрэзанага галля раённымі электрычнымі сеткамі, якасць вады ў Магілёўцах і Асошніках. Павінна працягвацца барацьба з сумнікам.

Перш, чым прыступіць да больш дэталёвага знаёмства з Зеляневіцкім сельсаветам, прысутныя заслухалі інфармацыю аб выкананні пратакола даручэнняў па выніках правядзення Дня Велікасельскага сельскага Cавета ад 18 чэрвеня 2024 года. Як адзначыла старшыня сельвыканкама Таццяна Навіцкая, было дадзена 25 даручэнняў, з якіх на сённяшні дзень выканана чатырнаццаць. Аддзелам па адукацыі ў рамках падрыхтоўкі навучальных устаноў да 2024/2025 вучэбнага года праведзены работы па замене ацяпляльнага катла ў кацельнай Велікасельскай базавай школы, зроблены касметычны рамонт кабінета біялогіі, адрамантаваны прыступкі ўваходнай групы дзіцячага садка ў будынку навучальнай установы, з 1 верасня навучэнцы пераведзены на новыя прынцыпы харчавання. У Старавольскай пачатковай школе заменены электранагравальнік на харчблоку, прывялі ў парадак прыступкі і цокаль будынка.

Аддзелам культуры вызначаны арыентаваны кошт бягучага рамонту брацкай магілы ў в. Бакуны: 2000 рублёў на праектную дакументацыю, рамонтныя работы — 43000 рублёў.

Пастаралася і УАЗ «Пружанская ЦРБ». Бакунскі фельчарска-акушэрскі пункт укамплектаваны спецыялістам, медыцынская ўстанова дааснашчана медыцынскімі вырабамі і абсталяваннем, закуплены пульсаксіметр і ЭКГ-апарат.

Да першага лістапада бягучага года завершана дыспансерызацыя работнікаў ААТ «Велікасельскае Агра», якія абслугоўваюцца Бакунскім, Старавольскім і Велікасельскім ФАПамі.

Пружанскі КУВП «Камунальнік» праінфармаваў, што пітная вада ў аг. Стараволя і Вялікае Сяло адпавядае санітарна-гігіенічным патрабаванням. У 2024 годзе выдалена 18 небяспечных дрэў на могілках у в. Радзецк, усталяваны плот на месцы пахавання ў в. Ялова. У аг. Стараволя пашырылі могілкі.

ААТ «Велікасельскае Агра» таксама не застаецца ўбаку ад вырашэння праблем. Так таварыствам агароджана ферма ў в. Бакуны, знесены будынкі, якія не выкарыстоўваюцца, у тым жа населеным пункце, за Домам культуры па вул. Перамогі, тэрыторыя прыбрана, зямля ўведзена ў севазварот.

На жаль, філіялам РУП «Брэстэнерга» «Пружанскія электрасеткі» не выкананы работы па ўборцы галін пасля абрэзкі дрэў у населеных пунктах сельсавета. Як паабяцалі ў арганізацыі, усё будзе прыбрана lа канца 2024 года.

Іншыя даручэнні, тэрмін выканання якіх не наступіў, знаходзяцца на кантролі.

Аглядную экскурсію па Зеляневіцкім сельсавеце для прысутных зрабіў яго страшыня Леанід Аўдзейчык. На што звяртаецца ўвага пры рабоце з насельніцтвам? У першую чаргу, трэба ўмець выслухаць, унікнуць у праблему чалавека, знайсці да яго падыход і, канечне, дапамагчы выйсці са складанай сітуацыі. Для гэтага і працуюць у сельвыканкаме.

Што робіцца? Добраўпарадкоўваецца тэрыторыя сельсавета. Праводзіцца інфармацыйная работа з насельніцтвам аб неабходных мерах па барацьбе з сумнікам канадскім. Таксама займаюцца аднаўленнем расліннага свету, высаджваюцца дрэвы і кусты. Адным з кірункаў дзейнасці сельвыканкама з’яўляецца скарачэнне колькасці пустуючага і старога жылля.

На кантролі пастаянна знаходзяцца пытанні забеспячэння кармамі, пасадка і апрацоўка прысядзібных участкаў, уборка збожжавых. Тут поўнае ўзаемадзеянне з філіялам «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга» і ААТ «Радзіма». На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца тры воінскія пахаванні, якія ўтрымліваюцца ў дагледжаным стане, вялікі дзякуй за гэта сярэдняй школе і Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы з в. Магілёўцы. Па заявах сельвыканкама прафілююцца дарогі ў населеных пунктах, рэгулярна выконваецца падсыпка і грэйдзіраванне вуліц. ДРБУ № 140 праведзены капітальны рамонт мастоў у в. Зіновічы (на здымку ўнізе) і Галоўчыцы.

Штомесяц ажыццяўляецца прыём грамадзян Зеляневіцкага сельсавета, вядзецца інфармаванне насельніцтва па сацыяльна значных пытаннях. На належным узроўні знаходзіцца работа са зваротамі людзей. Не ўпускаецца з-пад увагі прафілактыка пажараў. І яшчэ шмат чаго робіцца, каб людзі адчувалі сябе паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Але існуюць пытанні, якія яшчэ чакаюць свайго вырашэння. Гэта рамонт аддзяленняў сувязі ў в. Зіновічы і Магілёўцы, аг. Лыскава, асфальтаванне некаторых вуліц. Патрэбна прывесці ў парадак помнік архітэктуры Троіцкі касцёл у аг. Лыскава. Не зусім здавальняе якасць мабільнай сувязі і інтэрнэту. Чакае зносу былая свінаферма ў Зіновічах. Неабходна замена аконных блокаў у спартыўнай зале ў Магілявецкай сярэдняй школе.

Непасрэдна перад правядзеннем Дня Зеляневіцкага сельсавета на яго тэрыторыі працавала пяць груп, якія кожны па сваім накірунку вывучалі стан спраў у мясцовым выканкаме, выкарыстанне зямель, гандаль, медыцынскае абслугоўванне, сістэму адукацыі, сацыяльную абарону насельніцтва. Канечне, праблемы ёсць, проста немагчыма ўсё і адразу пракантраляваць, жыццё без складанасцей увогуле быць не можа. Але былі названы і прыемныя моманты. Напрыклад, магазін ФПР «Колас» у аг. Лыскава, дзе можна набыць не толькі разнастайныя і заўсёды свежыя харчовыя тавары, але прысутнічае і багаты асартымент прамысловай групы. Дый пагутарыўшы з насельніцтвам сельсавета, усе прыйшлі да высновы — жыць можна і на вёсцы, цяпер для гэтага створаны ўсе ўмовы.

Якая ж задача такіх мерапрыемстваў? Вельмі слушна сказаў аб гэтым старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Галоўнае — гэта стварэнне ўмоў для камфортнага жыцця кожнага чалавека. Народ павінен давяраць уладзе, бачыць у ёй надзейную абарону. Хочацца адзначыць, што Пружаншчына ў гэтым плане нічым не абдзелена.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік