Суббота, 12 октября 2024

Дзень здароўя і «Вясёлыя старты» на снезе правялі для вучняў Ружанскай СШ

212

У шосты школьны дзень у Ружанскай сярэдняй школе імя Казіміра Марача прайшоў чарговы Дзень здароўя.

Для вучняў 2-4-х класаў у рамках работы занальнага цэнтра была праведзена спартландыя «Вясёлыя старты».

У спаборніцтвах прымалі ўдзел тры каманды вучняў: «Сняжынкі» (Варанілавіцкая СШ), «Снегавікі» (Магiлявецкая СШ) і «Завіруха» (Ружанская СШ імя Казіміра Марача). Конкурсы, прапанаваныя ўдзельнікам спартландыі, імітавалі зімовыя віды спорту. Кожнаму конкурсу папярэднічалі загадкі пра чарговы від спорту, якія вучні з задавальненнем адгадвалі. Падчас «Вясёлых стартаў» вучні змаглі адчуць сябе і лыжнікамі, і біятланістамі, і кёрлінгістамі, і бабслеістамі. Усе ўдзельнікі спаборніцтваў адчайна змагаліся за перамогу, але мацнейшай аказалася ружанская каманда, якой дапамаглі родныя сцены.

Для вучняў 5-8 класаў правялі «Зімовыя забавы» — спаборніцтвы на лыжні (на здымку). А школьнікі 9-11 класаў паўдзельнічалі ў «Дні рэкордаў». На кожнай са «станцый», якія міналі хлопцы і дзяўчаты, неабходна было выканаць пэўнае заданне: скачкі са скакалкай, скачок у даўжыню з месца, падцягванне на перакладзіне і інш. Пераможцы атрымалі дыпломы. А ў канцы мерапрыемства была праведзена бяспройгрышная латарэя з салодкімі прызамі.

Як бачым, нашы настаўнікі выкарысталі ў гэты дзень розныя формы правядзення мерапрыемстваў. Але, напэўна, самае важнае, што ўсе яны імкнуліся, як заўсёды, далучыць вучняў да спорту і выхаваць у іх неабходнасць весці здаровы лад жыцця.

Вера Наумік, педагог-арганізатар Ружанскай сярэдняй школы імя Казіміра Марача