Вторник, 22 апреля 2025

Дзень сённяшні аддзялення трансфузіялогіі Пружанскай ЦРБ

383

Аддзяленне трансфузіялогіі Пружанскай райбальніцы падчас наведвання яго карэспандэнтамі не пуставала. Толькі што з кабінета, дзе праводзіцца забор плазмы крыві, выйшаў донар Раман Кардзіс. Рыхтаваўся да гэтай жа працэдуры жыхар аг. Лінова Мікалай Стасевіч.

Донар Мікалай Стасевіч і старшая медсястра Наталля Каляда.

На чыста жаночае пытанне, ці не страшна яму, Мікалай Аляксандравіч толькі ўсміхнуўся: гэтая плазмадача ў яго была ўжо 17-я па ліку, плюс восем разоў здаваў кроў. Робіць гэта штомесяц, так што працэдура знаёмая да дробязей. Зразумела, даводзіцца правільна рыхтавацца да яе: напярэдадні тры дні не ўжываць тлустай ежы, паболей піць вады, каб кроў стала больш вадкай, не ўтвараліся тромбы. Ды і наогул адказна ставіцца да свайго ладу жыцця.

І вось ужо запрацавала сістэма плазмаферэзу, за работай якой уважліва сачыла старшая медсястра Наталля Каляда. Адны пластыкавыя трубачкі, якімі аказаліся злучаны донар і апарат, афарбаваліся ў чырвоны колер, другія — у празрыста-жаўтаваты. Аддзяленне трансфузіялогіі даўно выкарыстоўвае падобныя методыкі працы: кроў забіраецца з вены чалавека, на цэнтрыфузе чырвоныя клеткі аддзяляюцца ад плазмы і зноў вяртаюцца донару, а плазма замарожваецца ў спецыяльных пакетах. Толькі тэхніка, з дапамогай якой гэта робіцца, пастаянна ўдасканальваецца.

— Гэты апарат фірмы «Геманэцік» у нас больш стары, — тлумачыць загадчык аддзялення Іван Сямашка. — Яго перадаў на бязвыплатнай аснове Гродзенскі абласны цэнтр трансфузіялогіі, калі мяняў сваё абсталяванне. А апарат «Аўрора» ў суседнім кабінеце — сучасны, новага пакалення, яго зусім нядаўна атрымалі ад беларускай фірмы «ЮніанМедыкал» у якасці спонсарскай дапамогі. Прыязджаў інжынер фірмы, дапамог устанавіць, запусціць, правесці пробныя заборы. Усё добра працуе, цяпер засталося пачакаць, пакуль атрымаем заказаныя для яго аднаразовыя расходныя матэрыялы.

Адрозненне апаратаў апошніх пакаленняў у тым, што ў рабоце поўнасцю адсутнічае так званы чалавечы фактар. Сістэма працуе ў закрытым рэжыме. Медперсанал не ўмешваецца ў працэсы, не перашкаджае працаваць разумнай тэхніцы. Але самае нязначнае парушэнне (напрыклад, адна з трубачак пераціснецца) — і апарат спыніцца, падасць гукавы сігнал аб праблеме.

Сапраўды, чуем: нешта запішчала. Аказалася, гэта апарат прасігналіў, што адпаведная порцыя крыві апрацавана, плазма ў колькасці 291 мілілітра ўжо ў пакеце, а эрытрацытная маса перапампоўваецца назад Мікалаю Стасевічу. Так паўторыцца некалькі разоў, пакуль колькасць здадзенай донарам плазмы не будзе роўнай 600 мл (па 300 мл у кожным пакеце).

Працэдура доўжыцца крыху больш за паўгадзіны, за гэты час перапрацоўваецца 1,2–1,5 літра крыві (дарэчы, раней пры здачы плазмы працэс ішоў паўтары гадзіны).

— Пры плазмадачы губляецца толькі вадкая частка крыві, — кажа Іван Іванавіч. — Яна назапашваецца вельмі хутка, у адрозненне ад чырвоных клетак, якія ўзнаўляюцца некалькі тыдняў, таму здаваць плазму пры неабходнасці чалавек можа нават двойчы на месяц. Наогул, у арганізме тых, хто рэгулярна праходзіць падобную працэдуру, запускаецца механізм аднаўлення крыві, хутчэй праходзяць кампенсацыйныя працэсы, абмен рэчываў, павышаецца імунітэт. Так што донарства карыснае для арганізма, калі, зразумела, у чалавека няма супрацьпаказанняў.

Іван Іванавіч Сямашка і сам шмат разоў здаваў кроў, мае званне «Ганаровы донар», але пасля перанесенага гепатыту донарства стала немагчымым.

— Супрацьпаказаннямі могуць аказацца не толькі інфекцыйныя або шэраг хранічных хвароб, але нават вага ніжэйшая за 50 кілаграмаў. Ёсць абмежаванні і па ўзросце: раней донарам можна было стаць з 18 да 60 гадоў, цяпер верхнюю планку ўзнялі да 65-ці.

Нам здавалася, што забраная ў донара плазма адразу адправіцца ў рэанімацыйнае або хірургічнае аддзяленне для аказання неадкладнай дапамогі тым, хто мае ў іх патрэбу. Але ж не. Пакеты спачатку трапляюць пад шокавую замарозку: нягледзячы на тое, што кожны донар праходзіць медагляды, плазма, як і кроў, дакладна даследуецца на выяўленне шэрага магчымых захворванняў і выкарыстоўваецца толькі пасля пацвярджэння іх бяспекі. Так што без каранціну ў маразільнай камеры ніяк. Плазма, дарэчы, праз шэсць месяцаў захоўвання правяраецца яшчэ раз і толькі тады выкарыстоўваецца па прызначэнні.

А як жа заклікі да людзей, што тэрмінова патрэбна кроў той або іншай групы? Урач тлумачыць, што донарская кроў і яе кампаненты ў любым выпадку бяруцца з існуючых запасаў, але часам існуе патрэба папаўняць «банк крыві». Самая рэдкая ў нас IV група крыві з адмоўным рэзусам. Яе назапашваюць менш за астатнія, тым не менш сочаць, каб заўсёды была ў наяўнасці на экстранны выпадак. Самыя распаўсюджаныя групы крыві — І і ІІ са станоўчымі рэзусамі. Адпаведна, і донараў з гэтымі групамі ў картатэцы аддзялення больш.

Канкрэтную колькасць донараў Іван Іванавіч не называе: нехта прыходзіць сюды аднаразова, а той жа Раман Кардзіс, з якім мы сутыкнуліся на самым пачатку, у той дзень здаў плазму 52-гі раз. Але існуюць іншыя лічбы: згодна з планам, за год аддзяленне нарыхтоўвае 600 літраў донарскай крыві і 290 літраў плазмы. Гэта прыкладна 1500 кровадач і 500 плазмадач.

«Лінейка» захворванняў, вылечыць якія дапамагаюць кампаненты крыві і прэпараты з яе, на жаль, не змяншаецца. Унёс у яе сваю сумную лепту і кавід. І, напэўна, многія з нас сутыкаліся з сітуацыяй, калі жыццё і здароўе члена сям‘і залежала менавіта ад чырвонай кроплі, падоранай донарам. Мікалай і Раман не ведаюць, каго выратуюць гэтыя пакеты з апошняй плазмадачы, як і не будзе ведаць пацыент, чый дар атрымаў. Але магчыма, некалі сам перадасць эстафету дабра іншым людзям.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік