Вторник, 18 марта 2025

Якія пытанні і праблемы хвалююць жыхароў Сухопальшчыны? Адказы даў Дзень сельсавета

600

На мінулым тыдні ў сельскім клубе-бібліятэцы Сухопаля прайшло выніковае пасяджэнне з нагоды Дня Сухопальскага сельсавета. На ім разглядаліся пытанні, якія непасрэдна датычыліся вышэйназванага сельскага Савета, таксама заслухалі пратакол даручэнняў па выніках правядзення Дня Шаняўскога сельсавета ад 28 чэрвеня 2022 года.

Першым слова ўзяў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які павітаў прысутных і пажадаў усім, каб мерапрыемства прайшло на высокім узроўні ў плане абмеркавання праблем і шляхоў іх вырашэння. Пасля Мікалай Пятровіч даў слова кіраўніку спраў Шаняўскога сельскага Савета Людміле Касьян.

Людміла Сяргееўна паведаміла, што было выканана па даручэннях, што яшчэ трэба трымаць на кантролі. У прыватнасці, ААТ «Шані-аграпрадукт» правяло вырубку кустоў на землях агульнага карыстання ў в. Гарадзечна, але яны не былі ўцягнуты ў гаспадарчы абарот па той прычыне, што, як аказалася пазней, гэтыя землі на дадзены момант належаць прыватнай асобе. Таму далей давядзецца працаваць па пытанні асабіста з грамадзянінам, якому належыць участак у 3,8 га. Тут старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец зрабіў заўвагу наконт таго, што, перш чым пачынаць нейкую работу, трэба вывучаць дэталі па яе выкананні, у тым ліку выяўляць, каму належаць тыя ці іншыя землі. Каб не было падобных казусаў.

Праведзена рэвізія населеных пунктаў на прадмет выяўлення завершанага будаўніцтва новых індывідуальных жылых дамоў і рэканструяваных з павелічэннем агульнай плошчы (па сельскіх населеных пунктах раёна 11 дамоў прынята ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі, 5 новых дамоў здадзена ў эксплуатацыю з павелічэннем агульнай плошчы 2024 квадратных метраў). Згодна з пратаколам даручэнняў выканан і іншы шэраг работ.

Праўда, у разрэзе станоўчай дынамікі ў правядзенні работы па пратаколе даручэнняў ёсць і адмоўныя моманты. Праблемай для індывідуальнага прадпрымальніка аказалася навядзенне парадку на вытворчай тэрыторыі ў в. Клетнае (быў тэрмін да 01.08.2022 года). Інфармацыя на адрас сельвыканкама аб працягненні або пераносе тэрмінаў выканання работ не паступала. У адносінах да яго пачаты адміністрацыйны працэс. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Грышкевіч, які таксама прысутнічаў на пасяджэнні, па апошняй праблеме даў распараджэнне землеўпарадкавальнай службе выканкама ў бліжэйшы час вырашыць пытанне з гэтымі землямі. Тым больш, аказалася, што гэты прадпрымальнік мае яшчэ ўчасткі зямлі ў Пружанскім раёне, дзе таксама парадку няма і блізка.

Старшыня Сухопальскага сельвыканкама Міхаіл Мартынаў расказаў прысутным пра адміністрацыйны склад сельскага Савета, колькасць насельніцтва. Напомніў, што асноўнымі вытворцамі сельскагаспадарчай прадукцыі на тэрыторыі сельсавета з’яўляюцца ААТ «Мурава», «Жураўлінае» і «Роўбіцкае». Яны і дапамаглі ў бягучым годзе Сухопальскай амбулаторыі агульнай практыкі набыць новы аўтамабіль ГАЗ-27527.

Калі звярнуць увагу на ахову здароўя, то і тут існуе праблема, звязаная з аптэкай у аг. Сухопаль, якая ў апошні час працуе толькі два разы на тыдзень. Гэтага недастаткова, таму што любая хвароба не будзе чакаць, пакуль аптэка адкрыецца, — а яна адна на сельсавет.

Сістэма мясцовага самакіравання прадстаўлена сельскім Саветам дэпутатаў, у склад якога выбрана 11 дэпутатаў і 16 старастаў, за 2021 і бягучы перыяд гэтага года было праведзена 10 сесій, на якіх разгледжана і прынята 20 рашэнняў. Роля дэпутацкага корпуса і старастаў неацэнная. Іх жыццёвая пазіцыя з’яўляецца прыкладам для грамадзян, асабісты прыклад у вядзенні гаспадаркі, узорнае ўтрыманне домаўладанняў стымулюе іншых. У 2021 годзе на тэрыторыі сельскага Савета было арганізавана і праведзена 2 месячнікі, 7 суботнікаў па добраўпарадкаванні, у бягучым — 5 суботнікаў.

За 2021 год у сельвыканкам паступіла 1282 заявы грамадзян па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур і пытаннях землекарыстання (на 19 болей у параўнанні з 2020). Найбольшую ўдзельную вагу займаюць заявы па жыллёвых пытаннях (больш за 57%), актах грамадзянскага стану ( каля 14%). За мінулы год разгледжана 18 заяў ад юрыдычных асоб, выканана 150 запытаў аб выдачы даведак (выпісак) з інфармацыйных рэсурсаў. Найбольш праблемнымі з’яўляюцца пытанні аўтобусных зносін, добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў з вялікай колькасцю пустуючых дамоў і ўчасткаў на тэрыторыі сельсавета. За 9 месяцаў бягучага года паступіла 1003 заявы аналагічнага з мінулым годам характару. У Сухопальскім сельвыканкаме інфармаванне насельніцтва па сацыяльна значных і іншых пытаннях вядзецца на сістэмнай аснове праз правядзенне сходаў у працоўных калектывах, мясцовыя сходы ў сельскіх населеных пунктах, правядзенне асабістых і выязных прыёмаў грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, прамыя тэлефонныя лініі, сетку інтэрнэт. Работа з насельніцтвам знаходзіцца на пастаянным кантролі, і параметры ацэнкі яе эфектыўнасці пастаянна ўдасканальваюцца і пашыраюцца.

Адным з актуальных пытанняў жыццядзейнасці сельсавета з’яўляецца забеспячэнне бяспечных умоў пражывання грамадзян і грамадскай бяспекі, работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, тлумачальная работа па захаванні асабістай маёмасці. У Сухопальскім сельвыканкаме працуе савет грамадскага пункта аховы правапарадку, у склад якога ўваходзіць 9 чалавек.

Адным з накірункаў дзейнасці сельскага Савета з’яўляецца скарачэнне колькасці пустуючага і струхнелага жылля.

Штогод праводзіцца конкурс «Лепшае домаўладанне». Культурна-масавая работа з насельніцтвам праводзіцца на належным узроўні.

Сельскі Савет дэпутатаў, сельвыканкам і актыў сельсавета і далей працягнуць работу на зняцці хвалюючых насельніцтва пытанняў і праблем, будуць старацца граматна і даходліва тлумачыць стан спраў у рэгіёне, прымаць удзел у інфармацыйна-прапагандысцкіх групах, шукаць новыя формы работы з грамадзянамі.

Мікалай Кудравец папрасіў больш увагі ўдзяляць перспектыўнаму развіццю сельскіх населеных пунктаў, старацца ўтрымліваць моладзь на месцах, тым самым удыхаць у вёскі новае жыццё. Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч звярнуўся да пытання непрацуючага насельніцтва і даў распараджэнне прымаць усе меры для таго, каб працаздольная частка заставалася на месцы, тым больш што ўладкавацца ёсць куды. А яшчэ Міхаіл Міхайлавіч выказаў слушную думку: неабавязкова бегчы па дапамогу ў той жа сельскі Савет, калі сам можаш вырашыць многія пытанні. Трэба памятаць, што, акрамя правоў, у кожнага маюцца абавязкі.

Пасля слова бралі кіраўнікі груп, якія працавалі да гэтага на тэрыторыі Сухопальскага сельсавета. Першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Глушко расказаў, што была праведзена праверка выкарыстання зямель, некаторыя проста зарастаюць кустоўем, хаця маглі б прыносіць карысць гаспадаркам, на тэрыторыі якіх размешчаны. Ёсць пытанні і з адходамі, несанкцыянаваныя звалкі не павінны псаваць навакольнае асяроддзе, для гэтага трэба весці тлумачальную работу сярод насельніцтва. Патрэбна знайсці прымяненне тым пабудовам, якія яшчэ можна знайсці прымяненне, значыць, трэба знайсці таго, хто захоча збудаванне купіць.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук, які курыруе жыллёва-камунальную гаспадарку, расказаў, што работа, якую правярала яго група, вядзецца на належным узроўні: зносяцца пустуючыя дамы, праводзіцца ямачны рамонт дарог, паступова добраўпарадкоўваюцца могілкі. Але ёсць і недахопы: няма ніводнай лазні — дробязь, але не кожны з жыхароў мае сваю ванну, і водазабеспячэнне падводзіць — у аг. Роўбіцк і Янаўшчызне перавышэнне жалеза.

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч акцэнтаваў увагу на ахове здароўя ў сельскім Савеце. Справа ў тым, што Папялёўскі ФАП знаходзіцца на мяжы закрыцця, пасля чаго насельніцтву, якое абслугоўваецца гэтай установай, давядзецца дабірацца ў Сухопаль — гэта 15 кіламетраў. Не кожнаму пад сілу пераадолець такую адлегласць, калі ўзяць пад увагу, што насельніцтва тых населеных пунктаў далёка ўжо не маладое. Начальнік аддзела эканомікі Ірына Ліхтаровіч прапанавала разгледзець пытанне аб закрыцці комплексна-прыёмнага пункта ў аг. Роўбіцк за яго нерэнтабельнасцю.

Праблемы, на якія патрэбна звярнуць увагу, акрэслены. Застаецца толькі прыкласці намаганні, каб у бліжэйшы час іх зняць з парадку дня. І далей працаваць на вынік

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік