Четверг, 25 июля 2024

Дзень Шарашэўскага сельсавета: праблемы самі не знікнуць, іх трэба вырашаць

360

Выніковае пасяджэнне ў рамках Дня Шарашэўскага сельсавета з удзелам яго актыву было праведзена на мінулым тыдні. Кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, прадпрыемстваў, арганізацый і службаў раёна, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў сабраліся ў цэнтры культуры і адпачынку пасёлка, каб акрэсліць праблемы, якія маюць месца ў Шарашэве і акрузе, а яшчэ заслухаць даклад старшыні Сухопальскага сельскага Савета аб выкананні пратакола даручэнняў ад 25.10.2022 года, дадзенага на папярэднім Дні сельсавета, які праводзіўся ў Сухопалі.

Прыемна ўразіла сама абстаноўка ў фае. Тут — цудоўная выстава вырабаў з дрэва сям’і Ліневіч і неймаверна прыгожыя карціны Аляксандра Мяркулава, Вольгі Семянчук і наведвальнікаў Шарашоўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Вольгі Сяргейчык.

Месца ў прэзідыуме занялі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Перш чым перайсці непасрэдна да разгляду вызначаных пытанняў парадку дня, Мікалай Пятровіч расказаў аб праблемах, якія агучылі яму ў Шарашэўскім сельсавеце падчас выязнога прыёму. Яны існуюць, але няма такой праблемы, вырашыць якую было б немагчыма. Галоўнае — разам і з разуменнем справы.

Старшыня Сухопальскага сельсавета Міхаіл Мартынаў расказаў, як выконваюцца даручэнні, прапісаныя ў пратаколе па праходжанні Дня Сухопальскага сельскага Савета.

Так, у 2023 годзе работнікамі сельвыканкама, Сухопальскай сярэдняй школы і клуба-бібліятэкі выканана афарбоўка стэл воінскага пахавання, помніка і агароджы ў аг. Сухопаль (фарба дадзена ААТ «Жураўлінае»), ААТ «Роўбіцкае» выканала касметычны рамонт помніка на брацкім пахаванні ў аг. Роўбіцк, ААТ «Мурава» адрамантавала помнік у аднайменным аграгарадку.

Філіял «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» выконваў заяўкі па выкараненні недахопаў у рабоце вулічнага асвятлення. УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» ўсталяваны новы плот вакол Мураўскага фельчарска-акушэрскага пункта, заменены ўваходныя дзверы, пафарбаваны фасад і ганак Папялёўскага фельчарска-акушэрскага пункта. Бягучы рамонт фасада Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду выкананы.

Філіялам «Пружанскае ДРБУ-140» КУП «Брэстаблдарбуд» выкананы рамонт трубаправода і дарогі ў в. Прыкалесь і адводу дажджавой вады з плошчы перад прыпыначным пунктам у аг. Сухопаль. Вясной бягучага года праведзена выбарачная падсыпка аўтадарогі на ўчастку ад аг. Сухопаль да в. Папялёва.

Даручэнні, дадзеныя ААТ «Мурава», «Роўбіцкае» і «Жураўлінае», выкананы амаль поўнасцю.

Пункты пратакола даручэнняў з больш познімі датамі выканання знаходзяцца на кантролі сельскага выканаўчага камітэта.

Святлана Амяльянец, выконваючая абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама, пазнаёміла з вытворчасцю, наладжанай у сельсавеце, прадпрыемствамі гандлю, установамі аховы здароўя, сістэмай адукацыі.

З мэтай павышэння ўзроўню абслугоўвання людзей, якія пражываюць у аддаленых маланаселеных пунктах, арганізавана работа выязных мабільных брыгад для аказання сацыяльна значных паслуг. У 2022 годзе такая работа праводзілася ў вёсках Белы Лясок, Доўгае, Ківачына, Манцы, Акольнік, Сухаўшчына і Ясень.

За 2022 год у сельвыканкам паступіла тры звароты ад юрыдычных асоб і 953 — ад грамадзян па выкананні адміністрацыйных працэдур.

Адным з актуальных пытанняў жыццядзейнасці сельсавета з’яўляецца забеспячэнне бяспечных умоў пражывання грамадзян і грамадскай бяспекі, работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, тлумачальная работа па захаванасці асабістай маёмасці.

Сельвыканкам не пакідае па-за ўвагай і скарачэнне колькасці пустуючага і трухлявага жылля, а таксама пераразмеркаванне зямельных участкаў, якія вызваліліся.

Арганізоўваюцца і праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя юбілейным і памятным датам, творчыя сустрэчы, тэматычныя дыскатэкі, народныя святы «Дажынкі», «Купалле».

Традыцыйна на тэрыторыі сельсавета загадзя працавалі рабочыя групы па сваіх накірунках. Мэта іх работы — вызначыць, як наладжана жыццё з розных ракурсаў. Першы намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко, які ўзначальваў адну з груп, расказаў аб выкарыстанні зямель, у тым ліку і меліярацыйных. Работа ў гэтым накірунку наладжана, але ёсць зямельныя плошчы, якія не ўключаны ў севазварот, проста зарастаюць кустоўем. Такая ж праблема праглядаецца і на могілках, асабліва праваслаўных, у прыклад ставіліся каталіцкія пахаванні ў пасёлку, чыстыя і дагледжаныя. Выяўлены праблемы з несанкцыянаванымі звалкамі, іх нямнога, але трэба старацца ад іх пазбаўляцца.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук распавёў аб тым, што неабходны рамонт агароджы на праваслаўных могілках у г.п. Шарашэва і в. Крыніца. Патрэбна падумаць і над асфальтаваннем вуліц у Шарашэве, гравійнае пакрыццё ў пасёлку складае 76 %. Жыллёвы фонд КУВП «Камунальнік» таксама патрабуе ўвагі. Жыхары в. Купічы скардзяцца на пітную ваду, у якой вялікае ўтрыманне жалеза.

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч закрануў сферу аховы здароўя і сістэмы адукацыі. Калі гаварыць пра Шарашоўскую бальніцу, то тут патрэбна звярнуць увагу на абсталяванне паркоўкі, разабрацца з безбар’ерным асяроддзем і правесці рамонт унутры будынка. З прыемнага: у гэтым годзе чакаецца папаўненне аўтапарка ўстановы аховы здароўя, што паспрыяе большай аператыўнасці пры выкліках «хуткай дапамогі» насельніцтвам сельсавета. Не пазбегнуць рамонту даху ў дзіцячым садку ў Шарашэве. Каб на належным узроўні праводзіць свята вёскі Крыніца, добра было б абнавіць сцэну ў населеным пункце.

Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец зрабіла агляд гандлёвых аб’ектаў. У магазінах маецца ў наяўнасці абавязковы пералік прадуктаў харчавання, маланаселеныя пункты абслугоўваюцца аўталаўкай. Пытанне абслугоўвання ў абавязковым парадку трэба вырашыць з пагранзаставай № 2: ці гэта будзе райспажыўтаварыства, ці індывідуальны прадпрымальнік. У хуткім часе будзе праведзены рамонт паштовага аддзялення ў в. Крыніца.

Не страшна тое, што існуюць праблемы. Без іх не абыходзіцца жыццё ніводнага чалавека. Тым больш калі гаварыць пра цэлы сельсавет. Галоўнае, ніколі не апускаць рукі, шукаць рашэнне праблемы. А хто шукае, той абавязкова знойдзе.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом тут: https://ok.ru/budni/album/963384912520