Суббота, 12 октября 2024

Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці

502

Наша прадпрыемства ўваходзіць у склад філіяла ВУ «Кобрынгаз» вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Брэстаблгаз» ДВА па паліве і газіфікацыі «Белпалівагаз» і створана з мэтамі газіфікацыі і газазабеспячэння г. Пружаны, г.п. Шарашэва, Ружаны і сельскіх населеных пунктаў раёна.

Сёння, падводзячы вынікі зробленага, можна сказаць, што мы годна спраўляемся з усімі пастаўленымі задачамі, не толькі фактычна, але і нярэдка дасягаючы поспехаў у сваёй дзейнасці. У прыватнасці, калектывам Пружанскага раёна газазабеспячэння захавана безаварыйная работа ведамасных сістэм і аб’ектаў, а гэта значыць — бесперапыннае забеспячэнне газам спажыўцоў. Выкананы важны паказчык па энергазберажэнні, а таксама рэалізаваны план мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў і павышэнні эфектыўнасці карыстання матэрыяльнымі і фінансавымі рэсурсамі.


Ці магчыма было б дасягнуць такіх вынікаў тым, хто «сам па сабе», не зважае на працу калег? Відавочна — не, толькі зладжаная праца, сумеснае вырашэнне пытанняў, камандны пошук адказаў спрыяе высокім паказчыкам дзейнасці. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца наш калектыў. Пружанскіх газавікоў параўнальна нямнога, усяго 105 чалавек. Але гэта каманда аднадумцаў, сапраўдная суполка прафесіяналаў, якая можа горы варочаць. Даказана на практыцы: толькі ў першым паўгоддзі бягучага года былі пабудаваны два спажывецкія кааператывы ў вёсках Калазубы і Юндзілы, завершана будаўніцтва газаправода да в. Магілёўцы і аг. Лыскава. Усё гэта зроблена намі, і напярэдадні прафесійнага свята кожны заслугоўвае цёплых слоў, пажаданняў міру і спакою, дабрабыту ў сем’ях і самага моцнага здароўя.

Анатолій Рахавецкі, начальнік ПРГ

Ружанскі ўчастак газазабеспячэння

Гэта падраздзяленне заўсёды вызначаецца бездакорнай работай. І хаця калектыў участка невялікі, спраўляюцца яны з вялікім аб’ёмам задач (на Ружаншчыне толькі абанентаў газабалонных установак амаль 2 тысячы, без уліку бытавога газавага абсталявання) на выдатна.

Участак транспарту

Адным з перадавых падраздзяленняў Пружанскага раёна газіфікацыі з’яўляецца ўчастак транспарту, уліку расходавання і рэалізацыі газу. І яно не толькі складаецца з прафесійных спецыялістаў, адна з галоўных задач — пастаянна кантактаваць з абанентамі, вырашаючы шматлікія пытанні і звароты. Для выканання заявак на пастаўку газавых балонаў сёлета прадпрыемства атрымала новенькі аўтамабіль, з якім ужо паспелі пазнаёміцца жыхары раёна. У тым ліку і з абслугоўваючай камандай у складзе вадзіцеля Алега Манцэвіча і слесара Дзмітрыя Краца, якія якраз вярнуліся на базу з чарговага выезду.

Цэнтр абслугоўвання насельніцтва

У красавіку бягучага года была створана новая служба, якая ўзяла на сябе функцыі «аднаго акна», толькі ў пашыраным аб’ёме. І цяпер у адным падраздзяленні вядзецца работа з насельніцтвам па заключэнні дагавораў на газазабеспячэнне, прыёмка дакументацыі на газіфікацыю жылых дамоў, замену абсталявання і іншыя. Паслугі аказваюцца ў тым ліку і дыстанцыйна, пра што можна падрабязней даведацца па тэл. 2-97-19.

Аварыйна-дыспетчарскі ўчастак

Гэта самая адказная служба, адбор у якую даволі строгі і вядзецца сярод тых спецыялістаў, якія вызначаюцца адказнасцю і дысцыплінаванасцю. І такі падыход тлумачыцца ўскладзенымі абавязкамі, лакалізацыя і ліквідацыя аварыйных сітуацый, выкананне заявак на рамонт газавага абсталявання і, безумоўна, кругласутачны кантроль работы сістэм газазабеспячэння ўсяго Пружанскага раёна.

Участак эксплуатацыі

Адно з самых буйных падраздзяленняў (42 спецыялісты) з улікам вялікага спіса задач, якія пастаўлены перад калектывам участка. Работнікі займаюцца эксплуатацыяй сістэм газазабеспячэння і абсталявання, праектуюць і праводзяць рамонтныя работы на газаправодах, робяць урэзкі і выязджаюць на тэхнічнае абследаванне газавых прыбораў у насельніцтва.

Старонку падрыхтаваў Алег СІДАРЭНКА, фота аўтара