Суббота, 18 января 2025

Дзень работнікаў культуры адзначылі ў Пружанах

506

А хто ж для нашых таленавітых культработнікаў наладзіць канцэрт? Вядома ж, яны самі. Так і было напярэдадні свята. На святочнай вечарыне віншавалі, узнагароджвалі тых, хто звязаны з культурнай галіной. А таленавітых і творчых асоб, якія ў літаральным сэнсе нясуць культуру ў масы, у нас шмат.

Як вядома, не хлебам адзіным жыве чалавек, яму трэба і відовішчы, і сілкаванне для душы. Гэтую нішу як раз і запаўняюць артысты (не толькі прафесіянальныя, але і самадзейныя), бібліятэкары, музейшчыкі, работнікі кінафікацыі, шматлікія творчыя дзеячы. Нам патрэбны ўсе яны, а яны ў сваю чаргу не могуць абыйсціся без нас — гледачоў, чытачоў, прыхільнікаў іх талентаў, харызмы, абаяння.

Гэтыя і іншыя словы ўдзячнасці падчас святочнай вечарыны гучалі з вуснаў выступоўцаў. Віншаваў усіх старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які ўручыў узнагароды лепшым культработнікам Пружаншчыны.

Але гэта было крыху пазней. А на самым пачатку ўзгадалі старонкі гісторыі, вехі станаўлення культработы ў раёне, адкрыццё гарадскога Палаца культуры, якое адбылося роўна два дзесяцігоддзі таму падчас правядзення рэспубліканскіх «Дажынак-2003». Дзейнасць Палаца культуры была цесна звязана з выдатнай асобай, Васілём Іванавічам Курачынскім. На жаль, зусім нядаўна ён раптоўна пайшоў з жыцця. Кранальна прагучалі словы памяці пра гэтага неардынарнага, таленавітага чалавека.

Таксама былі віншаванні і ўзнагароды ад начальніка аддзела культуры Канстанціна Панімаша. І зразумела, музычныя нумары, якія паказвалі, колькі талентаў жыве і працуе ў нашым раёне.

Ведаеце, не так многа часу я жыву на Пружаншчыне, але і за гэты кароткі прамежак пазнаёміўся з многімі творчымі асобамі, калектывамі. Асабліва ўразілі сваёй самабытной творчасцю работнікі Калядзічскага Дома культуры. А якія прыгожыя касцюмы яны шыюць для сваіх выступленняў! Радуюць сваёй творчасцю шматлікія народныя і ўзорныя калектывы. Заўсёды на слыху «Бабіна лета», «Спадчына», «Чырвоны гваздзік», «Вербніца», «Пружанскі палацык», «Землякі», «Ойра» і многія-многія іншыя. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да сваёй справы, гледача, мастацтва. Мы ж ім проста ўдзячныя за іх творчасць.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік