Понедельник, 2 декабря 2024

Наш рэпартаж. Дзень Перамогі адсвяткавалі ў Пружанах (+многа фота)

877

Яркі, сонечны дзень 9 мая, здавалася, радаваўся чарговай гадавіне з дня Вялікай Перамогі. Радаваліся людзі, якія сустракаліся, віншавалі адзін аднаго са святам, радаваліся гарады, населеныя пункты, вуліцы, скверы, што зноў сустрэлі мірную вясну, пад блакітным небам роднай Беларусі.

Мерапрыемствы пачаліся з мітынгу і ўскладання кветак да брацкай магілы загінулых вызваліцеляў Пружан на гарадскіх могілках па вуліцы Горка, да іншых помнікаў і абеліскаў горада. Гэтая традыцыя заклалася даўно.

Ні адно памятнае месца не застаецца па-за ўвагай насельніцтва Пружанскага раёна. У мітынгу ля брацкай магілы ўдзельнічала кіраўніцтва раёна. Да прысутных звярнуўся старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, выступіў ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка.

Урачыстае шэсце па вуліцах Рыгора Шырмы і Савецкай да помніка «Спаленым вёскам» узначалілі ўдзельнікі ваенна-гістарычнага клуба «За Радзіму!».

За імі ішлі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», гараджане — удзельнікі акцыі БРСМ «Беларусь памятае!», якія трымалі ў руках партрэты герояў Вялікай Айчыннай вайны. Так у адным страі разам з жывымі прайшлі і тыя, хто не дажыў да сённяшняга святочнага дня.

Вялікай паўнаводнай ракой рушылі сучаснікі, каб аддаць даніну гераічным продкам, якія не пашкадавалі свае жыцці за наша мірнае і шчаслівае жыццё. Людскі паток фінішаваў каля помніка «Спаленым вёскам».

Адкрыў мітынг старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які выказаў словы ўдзячнасці воінам Вялікай Айчыннай за наш сённяшні дзень, за тое, што мы маем магчымасць сеяць хлеб, расціць дзяцей, радавацца жыццю.

З добрымі словамі павагі і ўдзячнасці да подзвігу нашых продкаў выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі, будаўніцтве Парламента Юрый Наркевіч.

Старшыня Пружанскай раённай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму» Валянціна Іванаўна Засядацель успамінала пакутнікаў, што былі сагнаны ў палон і вывезены на рабскія работы ў Германію, якія не дажылі да Перамогі ў шматлікіх лагерах смерці. Валянціна Іванаўна выказала ўпэўненасць, што мы ўсё зробім, каб такое не паўтарылася ніколі.

З пранікнёнымі словамі звярнуўся да ўсіх прысутных благачынны цэркваў Пружанскага благачыння, настаяцель храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага протаіерэй Міхаіл Носка. Ён адзначыў супадзенне праваслаўнага Вялікадня ў тую пераможную вясну 1945 года і ў 2024 годзе. Як змог перамагчы смерць наш Выратавальнік, так і воіны Вялікай Айчыннай вайны змаглі перамагчы ворага, які нёс смерць, рабаўніцтва, пакуты. Сваім бессмяротным подзвігам шматнацыянальныя байцы Чырвонай Арміі змаглі даказаць, што святло перамагае цемру.

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук адкрылі памятную шыльдачку з QR-кодам, які інфармуе аб гэтым памятным месцы. Цяпер кожны з дапамогай тэлефона зможа падрабязна даведацца аб гісторыі помніка «Спаленым вёскам» у г. Пружаны.

Мінутай маўчання ўшанавалі памяць аб тых, хто не дажыў да 9 мая 2024 года.

Фіналам мітінгу стала ўскладанне вянкоў і кветак ад удзячных патомкаў да падножжа помніка.

Мітынгі памяці і святочныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх сельсаветах раёна, да помнікаў і абеліскаў былі ўскладзены вянкі і кветкі.

9 Мая па добрай традыцыі было насычана рознымі канцэртнымі праграмамі, у якіх прымалі ўдзел не толькі жыхары нашага горада, але і госці з іншых населеных пунктаў.

Канцэртная праграма «Мы сустракаем Дзень Перамогі» праходзіла ў амфітэатры гарадскога парку. У першай частцы канцэрта можна было атрымаць асалоду ад выступленняў розных выканаўцаў і творчых калектываў. У асноўным выконваліся песні, звязаныя з Вялікай Перамогай.

Падчас мерапрыемства былі падведзены вынікі конкурсу відэавіншаванняў «Дзякуй вам, ветэраны!». Нагадаем, што сам конкурс праходзіў у перыяд з 8 красавіка па 2 мая, а прыняць у ім удзел мог кожны жадаючы. Як вынік, трэцяе месца паміж сабой падзялілі вучні ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Пружаны імя ЧБВА» і супрацоўнікі санаторыя «Ружанскі». Другое месца было прысвоена рознаўзроставай інтэграванай групе ДУА «Шаняўскі дзіцячы сад». А пераможцай у конкурсе відэавіншаванняў стала жыхарка г. Пружаны і шматдзетная мама Марына Белаглаўка.

У другой частцы праграмы ў гонар святкавання 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне праходзіла рэспубліканская харавая акцыя «Помнім. Шануем. Ганарымся», у якой прынялі ўдзелы харавыя калектывы дзіцячых школ мастацтваў нашага горада і раёна. Неабходна адзначыць, што выступленне кожнага было выдатным і вельмі спадабалася прысутным.

Святочны канцэрт праходзіў і на гарадской плошчы, куды прыйшла вялікая колькасць людзей. На сцэну пад бурныя апладысменты выйшлі госці з горада Ваўкавыска, якія прыехалі парадаваць сваім выступленнем жыхароў Пружан, і ім гэта ўдалося.

Вакальна-інструментальны ансамбль Ваўкавыскага ГДК «Свабодны стыль» з канцэртнай праграмай «Пад мірным небам Беларусі» паўтары гадзіны выконваў песні на розны густ. Некаторыя прысутныя падпявалі, некаторыя танцавалі, а значыць, усе знаходзіліся ў выдатным настроі.

Ну, а завяршыўся гэты канцэртны вечар выступленнем арт-гурта «Беларусы», які прыехаў з горада Мінска і зрабiў свята яшчэ больш яркім!

А «кропку» ў святочным дні паставіў неверагодна прыгожы феерверк.

Віктар Ільюшчанка, Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік

Многа фотаздымкаў з Дня Перамогі — у альбмах: https://vk.com/album-23306785_302622497 і https://ok.ru/budni/album/978560411528