Воскресенье, 20 апреля 2025

Дзень нараджэння вёскі з грыбной назвай! Наш рэпартаж з Баравікоў (+многа фотаздымкаў)

675

Калі 12 чэрвеня святкавалі дзень вёскі Калазубы Ружанскага сельсавета, то тыднем пазней, 19 чэрвеня, свой дзень нараджэння адзначала вёска Баравікі Мокраўскага сельсавета.

Шчымліва на сэрцы становіцца, калі ўсведамляеш, што такі прыгожы, маляўнічы куточак, як вёсачка Баравікі, пусцее. Усё менш застаецца тут карэнных жыхароў, толькі дачнікі ў сезон напаўняюць ваколіцы гоманам, удыхаюць новае жыццё. Саміх жа баравікоўцаў тут засталося ўсяго шасцёра чалавек, іх узрост у большасці пераваліў за 80. Гэтыя сталыя, паважаныя людзі і былі, можна сказаць, пачэснымі гаспадарамі і заадно гасцямі свята вёскі Баравікі.

На прыгожай палянцы, каля гасціннага дачнага дома Таццяны і Уладзіміра Ціхановічаў, развярнулася імправізаваная сцэна, на якой была ўладкавана гукавая апаратура, плот аздобілі вышыванымі ручнікамі. Тут і адбывалася афіцыйная частка свята. Гэта пасля Ціхановічы запрасілі пакаштаваць наварыстай, духмянай юшкі. Але пакуль ішло ўслаўленне жыхароў вёсачкі, а таксама тых, хто тут нарадзіўся.

Для старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча Баравікі — малая радзіма. Тут ён нарадзіўся, вырас, адсюль вылецеў з бацькоўскага гнязда ў вялікі свет. Сюды ён і прыязджае, калі выдаецца свабодная гадзіна ў напружаным графіку кіраўніка. У сваім прывітальным слове Міхаіл Міхайлавіч выказаў упэўненасць, што такога кшталту святы будуць пастаянна праходзіць не толькі ў буйных сельскіх населеных пунктах, але і ў маленькіх, дзе застаўся хоць адзін жыхар. Рэдакцыя ж бярэ на сябе адказнасць расказаць пра кожную вёску нашага раёна, усхваліць яе жыхароў, распавесці пра гісторыю. Праект «Вёсачка родная мая» стартаваў у нашай газеце напачатку гэтага года. Такім чынам усе разам аддадзім даніну павагі вёскам, дзе засталіся карані, дзе знаходзяцца родныя могілкі нашых продкаў, дзе, магчыма, выпадзе і некаму з нас знайсці свой апошні прытулак.

Свята ж вёскі Баравікі стала да таго ўтульным і радасным, што не заўважалася і летняя спёка. Тут, на палянцы, было так добра ад шчырасці вяскоўцаў, тых, хто арганізаваў мерапрыемства, а гэта старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч, дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» Аляксандр Пішч, стараста вёскі Баравікі Таццяна Бабыла, настаяцель Рудніцкага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы Анатоль Кавальскі, артысты аўтаклуба аддзела культуры райвыканкама Тамара Гараніна, Вольга Грышкевіч, вакальная група «Шчырым сэрцам», Віталій і Наталля Герасімовічы, дуэт «Гармонік», Вольга Сазонава, а таксама вакальная група «Раніца» Рудніцкага сельскага клуба-бібліятэкі, супрацоўнікі перасоўнай бібліятэкі і цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Дарэчы, рэпертуар гэтага цікавага і даволі гарманічнага калектыву складаецца з духоўных песень, падабраных з густам і душою. Ад выканальніцкага майстэрства артыстаў і саміх кампазіцый на сэрцы рабілася светла і лёгка.

А як жа не назваць тых, хто зараз з’яўляецца асноўным касцяком жыцця вёскі! Гэта Галіна Антонаўна Новік, Анастасія Рыгораўна Пашкевіч, Валянціна Сямёнаўна Чарнуха, Рыгор Васільевіч і Людміла Васільеўна Грышкевічы, Галіна Барысаўна Сцепанюк. Гэтыя паважаныя людзі напрыканцы свята падзяліліся сваімі ўспамінамі, якія запісаны на дыктафон. У асноўным усе яны расказвалі пра гады ліхалецця, калі па нашай Радзіме пракацілася знішчальным віхрам Вялікая Айчынная вайна. Але нягледзячы на ўсе іспыты, якія выпалі на лёс гэтых людзей, яны выстаялі, змаглі вярнуцца пасля Вялікай Перамогі да мірнага жыцця, аднавіць гаспадарку, нарадзіць дзяцей, выхаваць іх, цешыцца ўнукамі і праўнукамі. У гэтых людзей трэба вучыцца стойкасці, мужнасці, мудрасці.

Час няўмольны, пакрысе адыходзяць у вечнасць нашыя бацькі, бабулі, дзядулі, вось такія вёсачкі ўсё больш сірацеюць. Паўтаруся, толькі мы зможам зрабіць так, каб не тухла ў сельскіх хатах святло, каб жыццё не адыходзіла разам з іх жыхарамі. Не прадаецца хата бацькоў, куток бацькоўскі не прадаецца. Жыві, наша вёсачка!

Віктар Ільюшчанка, фота аўтара