Вторник, 19 мая 2026

Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь

275

Амаль 30 гадоў таму ў Рэспубліцы Беларусь прайшоў першы народны рэферэндум. На ім сярод іншых пытанняў вырашалася, пад якімі сцягам і гербам беларусам будзе зручней будаваць сваю маладую краіну. І пераважная большасць электарату тады выбрала нацыянальныя сімвалы, якімі мы ганарымся сёння. Да іх крыху пазней дабавіўся і гімн. З таго часу штогод традыцыйна кожную другую нядзелю мая ў нашай рэспубліцы адзначаецца Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна.

Адпаведныя мерапрыемствы прайшлі ў мінулую нядзелю ў многіх населеных пунктах Пружаншчыны. Але, безумоўна, самым масавым стала святкаванне ў Пружанах. У ім прынялі ўдзел усе пакаленні гараджан, ад школьнікаў да ветэранаў працы. На плошчы каля райвыканкама сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў горада, грамадскіх арганізацый, а таксама вертыкалі ўлады.

Удзельнікі мерапрыемства выканалі разам наш нацыянальны гімн, які, згодна з заканадаўствам, гучыць падчас усіх важных дзяржаўных і грамадскіх падзей. І святкаванне Дня Дзяржаўных сімвалаў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч назваў менавіта такой падзеяй, калі інтарэсы краіны шчыльна спалучаюцца з грамадскімі надзеямі. А яшчэ — з гонарам за сваю Радзіму, за свой народ-патрыёт.

— Атрыбуты дзяржаўнасці і суверэнітэту суправаджаюць нас ва ўсе моманты жыцця і працы, надаючы сілы і адчуванне еднасці, — падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч.

Права ўзняць Дзяржаўны сцяг сёлета было дадзена дырэктару ААТ «Пружанскі льнозавод» Мікалаю Жогалу і вучаніцы СШ № 1 г. Пружаны імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі Лізавеце Чаргейка. Нагадаем, што пад кіраўніцтвам Мікалая Сцяпанавіча наш ільнозавод дасягнуў значных поспехаў, неаднаразова гучаў на ўзроўні рэспублікі, а ў бягучым годзе быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Пэўнымі дасягненнямі вызначылася і яго памочніца, няхай пакуль і на школьным узроўні, але ж гэта толькі пачатак.

Са святам, якое аб‘ядноўвае, павіншаваў пружанцаў і пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі. Ён зазначыў, што дзяржаўныя сімвалы нашай маладой краіны — гэта і сімвалы нашых перамог у эканоміцы, культуры, спорце і іншых грамадскіх сферах. Яны асвятляюць маладому пакаленню верны шлях, накіраваны на карысць беларускага народа.

Традыцыйна ў гэты дзень адбылося ўрачыстае прыняцце ў піянеры вучняў 4 «А» класа пружанскай гімназіі. Са словамі ў дарогу да іх звярнуліся старшыня раённага савета ГА «БРПА» Вольга Бабрыцкая і класны кіраўнік Таццяна Строк. Новым піянерам гальштукі, як часцінку нашага Дзяржаўнага сцяга, павязалі члены райвыканкама.

Прайшла і цырымонія ўручэння членскіх білетаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якую правяла першы сакратар райкама гэтай грамадскай арганізацыі Ульяна Апаляйчук. Пасведчанні таго, што кожны з маладых людзей далучыўся да вялікай і дружнай каманды, а значыць, цяпер павінен быць лепшым у вучобе і актыўным у грамадскіх справах, атрымалі 30 юнакоў і дзяўчат. Прадстаўнікі маладога пакалення, выпускнікі шэрага гарадскіх школ і гімназіі, прынеслі прысягу грамадзян Беларусі.

Афіцыйную частку мерапрыемства гарманічна дапаўнялі вакальныя нумары, падрыхтаваныя творчымі калектывамі Пружаншчыны.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Яшчэ больш фота — глядзіце ў альбомах у нашых групах «УКантакце» і на «Аднакласніках».