Пятница, 13 июня 2025

Дзень адчыненых дзвярэй у Пружанскім РАНС

259

На мінулым тыдні ў Пружанскім РАНС прайшоў дзень адчыненых дзвярэй. На мерапрыемстве прысутнічала больш за сто вучняў з розных школ Пружанскага раёна.

Удзельнікі, якіх падзялілі на дзве групы, вывучалі начынне пажарнай машыны і экіпіроўку выратавальнікаў, глядзелі прафарыентацыйны фільм пра работу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Раптам падчас аповеду пра абмундзіраванне пажарных нечакана для ўсіх загучаў сігнал, пададзены дзяжурным. А гэта азначала, што камандзе выратавальнікаў неабходна было выязджаць на заданне. Вось так усе ўдзельнікі мерапрыемства сталі сведкамі таго, як насамрэч праходзіць збор агняборцаў, калі ў іх дапамозе маюць патрэбу людзі. Можна сказаць, што гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія імгненна адрэагавалі на сігнал і праз мінуту ўжо былі гатовы выязджаць на спецзаданне.

Далей усё было спакайней. Надышоў час уручэння ўзнагарод лепшым удзельнікам раённага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Выратавальнікі вачыма дзяцей». Конкурс праводзіўся па розных намінацыях: «Малюнак», «Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі», «Апавяданне», «Верш» і інш. Усе прызёры і пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі. Не абышлося і без дадатковых падарункаў ад раённага таварыства выратавання на водах тым вучням, якія спаборнічалі ў намінацыях, звязаных з Правіламі паводзін на вадзе. Гэтыя падарункі ўручыў старшыня раённай арганізацыі ТВВАД Юрый Амельянчук.

А напрыканцы мерапрыемства работнікі Пружанскага РАНС запрасілі ўсіх на паказальнае выступленне. Спачатку пажарныя выратавальнікі імітавалі сітуацыю з аўтамабілем, які загарэўся, — прафесіяналы сваёй справы патушылі яго ў найкарацейшыя тэрміны. Затым была прадэманстравана вадзяная заслона. Усе ўдзельнікі дня адчыненых дзвярэй пакідалі сцены Пружанскага РАНС у выдатным настроі і са станоўчымі эмоцыямі.

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік

Больш фота глядзіце ў альбомах у нашых групах https://vk.com/album-23306785_302918393 і https://ok.ru/budni/album/979559288456