Па тым, як ладзяцца справы ў будаўнічай галіне, адразу можна зрабіць высновы аб стане эканомікі: калі ў бюджэце не хапае грошай на асноўныя выдаткі, то і новых жылых дамоў ці вытворчых аб’ектаў не будзе. Таму, аналізуючы статыстыку прыросту квадратных метраў або ўзвядзення цэхаў, фермаў, комплексаў і іншага, можна толькі здзіўляцца, а чым кіруюцца міжнародныя агенцтвы, паніжаючы крэдытны рэйтынг нашай краіны? Словы замежных «экспертаў» лёгка абвяргаюць беларускія будаўнікі.
Значны ўклад у агульную статыстыку ўносяць і пружанскія будаўнічыя арганізацыі. Як зазначае намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук, наш раён — адзін з нямногіх у рэспубліцы, дзе дзейнічае адразу чатыры прадпрыемствы — ПМК-21, 22, 29 і ААТ «Рамбуд». І работы хапае ўсім. Зразумела, не толькі на Пружаншчыне, але і далёка за яе межамі.
Той вопыт, што набылі пружанскія будаўнікі пры ўзвядзенні маштабных жывёлагадоўчых комплексаў, сучасных збожжасушылак, шматпавярховых дамоў і спартыўных аб’ектаў, запатрабаваны ў іншых рэгіёнах,— расказвае Сяргей Міхайлавіч.— Напрыклад, з будаўнічымі брыгадамі 21-й механізаванай калоны ахвотна заключаюць дамовы арганізацыі Кобрынскага раёна, дзе нашымі землякамі ўжо ўзведзена нямала аб’ектаў. Не першы год ПМК-22 працуе на маштабных будоўлях Баранавіцкага раёна.
— Існуе меркаванне, што далёкія камандзіроўкі звязаны з тым, што на малой радзіме паслугі будаўнікоў незапатрабаваны.
— Часткова гэта так, але ж варта глыбей аналізаваць прычыны. У першую чаргу, на Пружаншчыне менш узводзіцца аб’ектаў з-за нядаўняга буму, калі штогод у рэгіёне новыя аб’екты будаваліся дзясяткамі. Зараз інвестарам неабходна асвоіць тое, што было здадзена ў эксплуатацыю. Тым не менш, сцвярджаць аб абсалютнай незапатрабаванасці на малой радзіме нельга. Сёлета з агульнага аб’ёму інвестыцый у эканоміку раёна на будаўніча-мантажныя работы накіравана больш за 19 мільёнаў рублёў, крыху менш за палову ад гэтай сумы — на будаўніцтва жылля.
За першае паўгоддзе ў эксплуатацыю ўведзена больш за 6,1 тысячу квадратных метраў жылля, ці больш за палову ад задання на бягучы год. Два дамы агульнай плошчай 160 квадратных метраў узведзены ў аграгарадках Мурава і Клепачы, 35 дамоў пабудавалі індывідуальныя забудоўшчыкі. З 55 кватэр для шматдзетных сем’яў, запланаваных на 2021 год, пакуль здадзена дзесяць. Але напрыканцы года чакаецца ўвод у эксплуатацыю 60-ці кватэр у двух дамах па вул.Майскай, што прывядзе нават да перавыканання планаў. На будаўнцтве гэтых дамоў шчыруюць будаўнікі ПМК-29 і ААТ «Рамбуд». Таксама паступілі інвестыцыі для ўдасканалення інжынерна-камунікацыйнай інфраструктуры ў раёне вул.8 Сакавіка. Так што хутка пачнуцца работы па змяненні дарожнай сеткі з уладкаваннем кальцавой развязкі.
—А ў якім стане знаходзяцца справы з узвядзеннем вытворчых аб’ектаў?
—Тут таксама няма падстаў для расчаравання. Безумоўна, падрадным арганізацыям хацелася б, каб пружанскія прадпрыемствы заказвалі больш, але да ўсяго трэба ставіцца рацыянальна і ўлічваць мэтазгоднасць. Напрыклад, ААТ «Ліноўскае» спатрэбілася новая ферма каля в.Варотнае, за ўзвядзенне якой узялася ПМК-22: аб’ект амаль завершаны, тэрмін яго ўводу залежыць ад пастаўшчыкоў даільнага абсталявання. Генпадрадчыкам будаўніцтва новага жывёлагадоўчага комплексу з усёй інфраструктурай для ААТ «Велікасельскае Агра» з’яўляецца ПМК-21: толькі ў бягучым годзе неабходна асвоіць да 15 мільёнаў рублёў са здачай аб’екта ў наступным годзе. У бліжэйшы час чакаецца заканчэнне дакументальнага афармлення камбікормавага завода для ААТ «Агра-Калядзічы».
— Шэраг гарадоў вобласці сёлета сутыкнуўся з праблемамі выдзялення свабодных участкаў пад індывідуальную забудову. А як справы з гэтым у Пружанах?
— Мы таксама не пазбеглі падобнай праблемы, напрыклад, зараз у абароце толькі дзевяць участкаў, прыцягальнасць якіх не вельмі высокая. Некаторыя размешчаны на перасячэннях вуліц (вуглавыя), іншыя маюць складаны рэльеф. Мы загадзя рыхтаваліся да ўзнікнення падобных складанасцей і распрацавалі планы на перспектыву. Тычацца яны індывідуальнай забудовы паўночна-заходняй часткі горада — у раёне ПМС, дзе ідзе «сцежка» на Якавічы. Сёлета мяркуем падрыхтаваць праект, згодна з якім вызначыцца каля 130 свабодных участкаў, чаго хопіць на бліжэйшыя пяць гадоў. Тэрыторыя знаходзіцца непадалёк ад асноўных камунікацый, таксама там мяркуецца рэканструяваць падстанцыю. У выніку энергамагутнасцей будзе хапаць на тое, каб у кожнай сядзібе ўладкаваць электраацяпленне па льготных тарыфах. Згодна з планамі, у наступным годзе можна будзе выдзяляць участкі пад індывідуальныя дамы.
— Вось пытанне, якое паступіла ад нашага чытача: «Чаму шматпавярхоўкі ўзводзяцца ў новых мікрараёнах, а цэнтр горада застаецца пераважна прыватным сектарам? Магчыма, можна зрабіць, як на вуліцы Савецкай, дзе замест даваенных баракаў з’явіліся прыгожы «дом пад купалам» і новая гарадская плошча?
— Поўнасцю згодны з такім меркаваннем, але рэалізаваць яго няма магчымасці. Справа ў тым, што новыя дамы ўзводзяцца з дзяржаўнай падтрымкай і кошт аднаго квадратнага метра строга абмежаваны. Знос старых аб’ектаў, выплата кампенсацый уладальнікам нерухомасці або выдзяленне ім жылля будзе закладвацца ў сабекошт будаўніцтва, ён стане значна вышэйшы. А гэта дазволіць сабе могуць толькі камерцыйныя інвестары, як у сталіцы або іншых буйных гарадах Беларусі. У нашым жа райцэнтры знайсці пакупнікоў на дарагое жыллё немагчыма.
— Сяргей Міхайлавіч, ці можна спадзявацца на станоўчую дынаміку і ў наступным годзе?
— Прыкладаем усе намаганні, каб не было змен у горшы бок, але адразу агаваруся, што рэалізацыя задумак залежыць ад выдзялення грошай. Больш грунтоўныя прагнозы робяцца адносна жыллёвага будаўніцтва, аб’ёмы якога мяркуюцца не менш за сёлетнія. Гэта два шматкватэрныя дамы ў Пружанах на вул.Майскай, дзе ўвогуле плануем узвесці восем пяціпавярховак. Таксама актуальным застаецца індывідуальная забудова.
З вытворчых аб’ектаў будуць закончаны тыя, што закладзены ў бягучым годзе, — комплекс у Вялікім Сяле і, магчыма, другая чарга фермы ў в.Варотнае. Працягнецца рэстаўрацыя Ружанскага палаца.
Падрыхтаваны хадайніцтвы на ўзвядзенне новай сталоўкі для абласнога псіханеўралагічнага інтэрната ў в.Янаўшчызна, а таксама на неабходнасць рэканструкцыі гарадскіх ачышчальных збудаванняў. Ёсць надзея і на маштабнае добра-ўпарадкаванне г.п.Шарашэва, якое пры выдзяленні фінансавання можа быць распачата ў наступным годзе. У пасёлку мяркуецца зрабіць рэканструкцыю па прыкладзе п.Копысь: правесці добраўпарадкаванне вуліц, рамонт сацыяльна-культурных аб’ектаў. Ёсць намер змяніць афармленне цэнтральнай плошчы.
Відавочна, што пры рэалізацыі задумак будуць задзейнічаны ўсе нашы будаўнічыя арганізацыі. Але ім хопіць сіл і на аказанне паслуг на экспарт. У гэтым я абсалютна перакананы, бо прадпрыемствы маюць зладжаныя прафесіянальныя калектывы. Імі кіруюць вопытныя дырэктары і інжынерныя службы. Застаецца пажадаць усім пружанскім будаўнікам добрага настрою не толькі падчас прафесійнага свята, але і на ўвесь наступны год. Новых дасягненняў, моцнага здароўя і паменш клопатаў. А вашым сем’ям зычу дабрабыту і ажыццяўлення любых планаў.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.