
Раней лічылася, што паспяховасць вытворча-эканамічнай дзейнасці залежала толькі ад выпускаемага асартыменту, попыту на яго і зніжэнне сабекошту. Аднак, як паказвае больш паглыблены аналіз працэсаў, ёсць нямала іншых фактараў, якія спрыяюць або пагаршаюць дабрабыт арганізацыі. У прыватнасці, беражлівы менеджмент, які заснаваны на вядомых падыходах з аптымізацыяй працэсаў, зніжэннем выдаткаў і павышэннем прадуктыўнасці. Вось толькі ў той галіне, якая раней пакідалася па-за ўвагай.
У многіх краінах свету прынцыпы беражлівага менеджменту паспяхова рэалізуюцца ў самых розных абласцях: у сферы паслуг, сістэме аховы здароўя, жыллёва-камунальных паслуг. Летась Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь былі падтрыманы прапановы Мінэканомікі і Дзяржстандарту па стымуляванні ўкаранення ў нашай краіне практыкі беражлівай вытворчасці і ўвядзенні з пачатку 2026 года абавязковай сертыфікацыі на адпаведнасць нацыянальным стандартам. Дарэчы, мэты абвешчанай пяцігодкі якасці непасрэдна звязаны з новай праграмай, у плане павышэння якасці жыцця людзей у выніку росту эфектыўнасці эканомікі, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, прадукцыйнасці працы.
Дык што такое беражлівая вытворчасць і якім чынам неабходна выкарыстоўваць новы інструмент? Дзяржавай выпрацаваны падыходы па ўкараненні адпаведных прынцыпаў на шэрагу прадпрыемстваў рэспублікі, ужо падрыхтаваны і знаходзіцца на ўзгадненні праект дзяржаўнага стандарту «Менеджмент якасці. Сістэмы беражлівага менеджменту. Патрабаванні і кіраўніцтва па прымяненні».
На сённяшні дзень на некаторых прадпрыемствах Брэстчыны ўжо ўкаранены інструменты беражлівай вытворчасці, у тым ліку аптымізацыя працэсаў, зніжэнне адыходаў ці выкарыстання рэсурсаў, зніжэнне ліку дэфектных вырабаў і рост задаволенасці спажыўцоў, павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў і іх уцягнутасці ў працэс пастаянных паляпшэнняў. Адным з такіх прадпрыемстваў стала ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў», якое зараз укараняе ў сябе 5S у частцы захоўвання інструментаў.
З просьбай больш падрабязна расказаць пра плануемыя крокі і чакаемыя ад іх рэалізацыі вынікі мы звярнуліся да дырэктара прадпрыемства Андрэя Каласея.
— 5S як напрамак беражлівай вытворчасці складаецца з пяці асноўных стратэгій: сартаванне на працоўным месцы неабходнага абсталявання, матэрыялаў, камплектуючых і г.д.; размяшчэнне іх на працоўнай паверхні павінна забяспечваць лёгкую даступнасць для ажыццяўлення тэхналагічнага працэсу; пастаяннае падтрыманне чысціні на працоўным месцы; распрацоўка інструкцый тэхналагічнага працэсу на кожнае працоўнае месца; бесперапынная аптымізацыя працэсу для задавальнення спажыўца і ўдасканалення. Менавіта гэтыя параметры мы мяркуем укараніць, для чаго бачым свае магчымасці і распрацоўваем канкрэтны алгарытм,— зазначае Андрэй Васільевіч.
Па словах кіраўніка, укараненне аднаго з такіх напрамкаў сістэмы беражлівай вытворчасці дазволіць ААТ «ПЗР»:
— павялічваць аб’ём выпуску прадукцыі;
— скарачаць выдаткі на вытворчасць выпускаемага асартыменту;
— забяспечваць рост прадукцыйнасці працы;
— забяспечваць якасць прадукцыі і прасочваемасць усіх стадый тэхналагічнага працэсу.
Відавочна, што эфект павінен быць паспяховым. А гэта ўжо будзе карысна як для самога акцыянернага таварыства, так і для яго калектыву. Хаця рэалізацыя задумак знаходзіцца яшчэ ў самым пачатку абранага шляху. З мэтай азнаямлення з Сістэмай беражлівай вытворчасці, у красавіку бягучага года дырэктар завода разам са сваімі спецыялістамі прынялі ўдзел у адпаведным семінары, арганізаваным РУП «Брэсцкі ЦСМС» і ТАА «Машынабудаўнічае прадпрыемства «КОМПО». У далейшых планах вышэйшага звяна ААТ абавязковы ўдзел у наступных навучальных мерапрыемствах і далейшае навучанне начальнікаў цэхаў і ўчасткаў.
Трэба дадаць, што да гэтага працэсу можа далучыцца любое жадаючае прадпрыемства. У мэтах пашырэння практыкі ўкаранення ашчаднай вытворчасці на прадпрыемствах вобласці, Брэсцкім аблвыканкамам сумесна з РУП «Брэсцкі ЦСМС» складзены план-графік падобных семінараў.
Для ўключэння ў групу жадаючых прыняць у іх удзел неабходна звярнуцца ў РУП «Брэсцкі ЦСМС» па тэлефонах: +375 (162)58-08-76, +375(29)798-43-21, e-mail: pechko@сsmbrest.by).
Алег Сідарэнка