Нягледзячы на тое, што ўжо амаль 35 гадоў няма Савецкага Саюза, мы працягваем жыць думкамі пра тую магутную «чырвоную імперыю». Хто з настальгіяй, хто з надзеяй на адраджэнне, а хто і з нянавісцю. Такім чынам, умоўна існуючыя сёння меркаванні можна падзяліць на дзве супрацьлеглыя катэгорыі.
Такі падыход — яскравая рыса нашага, славянскага менталітэту. Мы шчыра верым, падтрымліваем, нават абагаўляем нейкую падзею, ідэалогію ці асобу. А праз кароткі час ставімся рэзка негатыўна да ўсяго, звязанага з ёю, нават імкнёмся разбурыць спадчыну, знішчыць любыя прыкметы таго часу. Ні адна нацыя на Зямлі так сябе не паводзіць. У шэрагу дзяржаў Еўропы, Новага Свету, Азіі ёсць помнікі, пастаўленыя заваёўнікамі. Мноства збудаванняў, узведзеных «на чалавечай крыві», працягвае існаваць і нават ўключаны ў спіс нацыянальных каштоўнасцей пэўных краін.
А мы з набыткамі савецкай эпохі — толькі настальгія або нянавісць? А ёсць і трэцяя пазіцыя, якой асабіста прытрымліваюся. І маю права на гэта, як і разважаць пра яе. Дзяцінства і юнацтва маё прайшло ў Савецкім Саюзе. Прафесійнае станаўленне прыйшлося на «чорныя 90-я». Сямейнае шчасце, радасць бацькоўства я спазнаў у цяперашняй Беларусі.
Я не хачу жыць у СССР!
Апошнія тры пяцігодкі гэтай краіны, на маю думку, сталі самым горкім «перыядам паўраспаду». Не буду паглыбляцца ў палітычныя і эканамічныя прычыны і наступствы, проста падзялюся, якім чынам гэта ўспрымала радавое грамадства. З пачатку 80-х гадоў стала вельмі складана з прадуктамі харчавання. З’явілася такое паняцце, як «дэфіцыт». Да яго адносіліся не толькі чырвоная або чорная ікра, амары, бананы, а нават вэнджаная і вараная каўбасы, яйкі, шакалад, кава і многае іншае. Успомніце, як смачна было выпіць кавы з цыкорыяй. А хто з нас мог пахваліцца пастаянным доступам да маянэзу? Паверыце ці не, але ў горадзе, у якім вырас (а ён большы за Брэст), адзін раз на месяц прывозілі… кабачковую ікру. Адзін раз на тыдзень у магазінах з’яўлялася марожанае. У час, калі па тэлевізары транслявалі «Зборнік мультфільмаў» (да 5 ролікаў на 20-30 мінут), двор проста выміраў, таму што наступны паказ будзе праз тыдзень.
Як тады вырашалася пытанне з адзеннем, таксама можна ўспамінаць бясконца. Успамінаецца, як у кватэры сябра, чый тата збіраўся ў камандзіроўку ў Японію, за два тыдні з ранку і да позняй ночы не зачыняліся дзверы ад «хадакоў» з просьбамі. Прызнаюся, што грошы тады зараблялі нядрэнныя, хапала на жыццё, на розныя пакупкі, каб адкласці на ашчадкніжку. Вось толькі назваць нас багатымі было нельга. Багацце вызначалася па іншых прыкметах. «Сашы з Масквы прывезлі джынсы, пайшлі паглядзім». «Дзімка частуе бананам, пайшлі паспытаем». «Алегу купілі магнітафон, надышла чарга яго бацькоў, пайшлі паслухаем». Што гаварыць, калі нават касеты да магнітафона можна было набыць па падпісцы. Падобныя гісторыі можна апісваць тысячамі, таму што мільёны людзей жылі так.
Жылі і марылі пра змены. А потым не проста марылі, а сталі патрабаваць. І змены адбыліся: не стала Савецкага Саюза.
Я не хачу жыць у эпоху перамен!
У перыяд гэтых змен мне таксама «пашчасціла» жыць. Памятаю, як у 1992 годзе маці мяняла рэчы на бульбу, каб было з чаго прыгатаваць вячэру. Як «вавёркі», «зайцы», «ваўкі» гублялі нулі, як «зубры» ляталі з ветрам і ніхто іх не лавіў. Як у 1993-м мужыкі радаваліся, што ў магазін прывезлі «Беламор» і ў рукі давалі 10 пачак. Малочнае «па запісе» прывозілі ў магазін, які называўся «Віно-Гарэлка», дзе з былога асартыменту нічога і не засталося.
У 1994 годзе я атрымаў першы аванс, якога хапіла, каб купіць па адным батончыку «Марса», «Снікерса», «Баунці» і іншай «хіміі», бо вельмі хацелася паспытаць тое, што абяцала рэклама. Памятаю, як два гады мы збіралі грошы, каб купіць… канапу. З ёй на коніку з мэблевага магазіна мы ехалі дадому як каралі, таму што бачылі, з якой зайздрасцю глядзелі на нас прахожыя.
Усё стала па-новаму ў нашых гарадах і вёсках. Пасля заходу сонца на вуліцы было лепш не з’яўляцца, нават самі праваахоўнікі не імкнуліся лішні раз заходзіць у цёмныя завулкі. Задумайцеся, з чым звязана «дэмаграфічная яма», што адбылася ў нашым грамадстве менавіта ў 90-я гады мінулага стагоддзя?
Я не хачу жыць у Беларусі?
Не буду агітаваць, гэта толькі маё меркаванне і мой асабісты выбар. Проста прывяду некалькі жыццёвых назіранняў і звычайнай статыстыкі. Але, спадзяюся, што яны прымусяць задумацца вас, чытачоў.
Аднойчы мне патэлефанавала жыхарка горада, якая заклікала карэспандэнтаў пакрытыкаваць… таксі за тое, што выраслі тарыфы.
— Раней па горадзе мне хапала трох рублёў, а адзін з дому на вул. Рыгора Шырмы падвёз да аўтастанцыі за 8.
Сказаў бы мне хто 30 гадоў таму, што нашы людзі будуць абурацца цэнамі на таксі, я нават і не засмяяўся б, а проста палічыў таго чалавека «нездаровым на галаву».
Далей. Прайдзіцеся па нашых дварах і паглядзіце на самую галоўную праблему. Так-так, гэта недахоп парковачных месцаў.
А трэцяе, зазірніце ў мясныя лаўкі Пружан: хто там стаіць у чэргах і хто скупляе амаль усю прадукцыю?
Тым, хто сцвярджае, што мы жывём горш, чым у «савецкі час», адказ дае статыстыка. У 1986 годзе сярэдні беларус зарабляў 609 долараў ЗША (па курсе Дзяржбанка СССР 1 долар каштаваў 0,75 кап.). А ў 2021 годзе сярэдняя заработная плата была на ўзроўні 559 долараў ЗША. Так, у абсалютным параўнанні мы сталі жыць горш. На 50 долараў?!
Даводзіцца чуць, што цяжэй стала пенсіянерам. У маёй бабулі на момант распаду СССР была пенсія 80 рублёў. Праз курсы валют пераводжу ў сённяшні намінал і атрымліваю прыкладна… 350 рублёў. Але гэта вельмі прыблізнае параўнанне. Больш яскравы прыклад: на сваю пенсію яна змагла купіць унучцы камплект з кухоннага стала і чатырох табурэтаў, які каштаваў якраз 80 рублёў. Сучасныя магчымасці параўноўвайце самі, нават не буду расказваць, з якімі цяжкасцямі яна даставала гэтую мэблю.
Не буду сцвярджаць, што мне ўсё падабаецца ў сучаснай Беларусі, ёсць некаторыя праявы, якія, на маю думку, трэба мяняць. Вось толькі не хачу, як выказаўся адзін з «кандыдатаў у Прэзідэнты», поўнасцю «разагнаць калгасы» і стварыць на землях зону свабоднага земляробства. Пры гэтым пакідаючы па-за планамі тысячы вяскоўцаў, якія працуюць у сельгаставарыствах. Або, як абяцаў другі «катлетны майстар», распачаць маштабную прыватызацыю. Усё гэта было, усё гэта мы бачылі, а дакладней кажучы, перажывалі і пакутвалі. Я хачу іншага. У прыватнасці, спакойна адпраўляць дзяцей вучыцца ў іншыя гарады і не турбавацца за іх жыццё і здароўе. Зайсці ў магазін і не проста купіць смятаны, а выбраць тую, якая мне зараз патрэбна. А яшчэ бачыць добраўпарадкаваныя вуліцы свайго горада, новыя жыллёвыя мікрараёны. У мяне сёння вельмі многа магчымасцей для рэалізацыі свайго «хачу». І не толькі ў мяне.
Побач з тым не хачу зноў дагаворвацца з прадаўцамі, каб яны пакінулі мне сервелату. Дагаворвацца са знаёмым, каб ён вынес мне з «лікёркі» пару каністраў з гарэлкай, бо на «днюху» збіраюцца госці. Не хачу паўгода не атрымліваць зарплату, купляючы прадукты «на вексель». Я проста не хачу паўтарэння рэвалюцыйных перамен. Рэзкіх, маштабных, кардынальных. Таму што ведаю: карысць ад іх атрымаюць толькі адзінкі. А я, як і сотні тысяч мне падобных, зноў апынуцца ў «90-х гадах».
Не ўсё мне падабаецца ў Беларусі, але абнадзейвае тое, што мы не застылі, як у апошнія пяцігодкі СССР. Мы рухаемся, змяняемся. Хай і эвалюцыйна, а значыць, не вельмі хутка, але ж не балюча, без шокавай тэрапіі з «супамі для галадаючых». Шкада тое, што вынікаў такіх пераўтварэнняў я, напэўна, і не пабачу, бо, як сведчыць гісторыя, на гэта трэба не менш за 20 гадоў. Але мне спакойна, што імі скарыстаюцца мае дзеці, а там і ўнукі. Вось і атрымліваецца, што, насамрэч, я жыву не ў той Беларусі, якой яна без усялякіх рэвалюцый можа паступова стаць. Аднак ці маю я выбар, бо краіну шчаслівай будучыні для маіх нашчадкаў ніхто не пабудуе за мяне. І не паспрачаешся з тым, што час выбраў нас. Будаваць, а не разбураць.
Алег Сідарэнка
