Четверг, 17 апреля 2025

Дзе азнаёміцца з новымі заканадаўчымі актамі і якая эканамічная сітуацыя ў раёне? Гэтыя і іншыя пытанні падымаліся падчас сустрэчы на кансервавым заводзе

520

ААТ «Пружанскі кансервавы завод» у чацвер наведала інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама разам з прадстаўнікамі галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама і Рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі па Брэсцкай вобласці.

Госці сустрэліся з калектывам прадпрыемства ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы па прававым інфармаванні грамадзян краіны.

Асноўная задача падобных мерапрыемстваў — павышэнне прававой адукаванасці насельніцтва. З гэтай нагоды выступоўцы расказалі пра асаблівасці дзейнасці органаў юстыцыі краіны, вобласці і нашага раёна. А таксама звярнулі ўвагу на тое, што даступнасць інфармацыі ў інтэрнэце не азначае, што яна з’яўляецца актуальнай або наогул адпавядае рэчаіснасці.

Таму найбольш поўныя і свежыя юрыдычныя навіны можна даведацца толькі з тых парталаў, якія створаны пры афіцыйнай дзяржаўнай падтрымцы. І першы рэсурс — Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал pravo.by, які таксама з’яўляецца пляцоўкай для афіцыйнага апублікавання нарматыўных актаў, што пацвярджае ўступленне іх у сілу. У дадатак нямала цікавага можна знайсці на прававым форуме Рэспублікі Беларусь, дзе створана дыялогавая пляцоўка для выказвання ўласных думак наконт юрыдычных пытанняў. Напрыклад, менавіта там праходзілі афіцыйныя грамадскія абмеркаванні дапаўненняў і змяненняў Канстытуцыі РБ.

Ёсць публічныя цэнтры, якія дзейнічаюць на базе рэспубліканскай бібліятэчнай сістэмы. На гэтых парталах можна нават у анлайн-рэжыме атрымаць кансультацыі юрыстаў. Дарэчы, Беларусь — адзіная краіна ў свеце, дзе створаны дзіцячы сайт для прававога выхавання падрастаючага пакалення — mir.pravo.by.

У рамках правядзення мерапрыемства ўвага была нададзена і таму, што адбываецца ў раёне. З эканамічнай статыстыкай мінулага года і пачатку 2022-га пазнаёміла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец. У прыватнасці, яна звярнула ўвагу на тое, што, нягледзячы на нездавальняючыя вынікі леташняй работы кансервавага завода, пачатак бягучага года паказвае дадатную дынаміку. І яе трэба захаваць на ўвесь перыяд, бо прадпрыемства робіць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны.

Унікальнасць падобных сустрэч заключаецца ў тым, што пасля агульных выступленняў і абмеркавання грамадскіх пытанняў удзельнікі сустрэчы атрымалі магчымасць асабіста пракансультавацца з членамі інфармацыйнай групы — работнікамі аддзела ЗАГС, натарыяльнай канторы, юрыдычнай службы, аддзела прымусовага выканання і іншых. Чым і скарысталіся работнікі завода.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік