На мінулым тыдні прайшло выніковае пасяджэнне ў рамках Дня Шчарчоўскага сельсавета, каб вызначыць, чым можна дапамагчы мясцовым жыхарам, на што звярнуць увагу.

Прэзідыум узначалілі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Мікалай Пятровіч звярнуўся да прысутных з прывітальным словам і падкрэсліў, што словы, якія прагучаць на дадзеным мерапрыемстве, ніяк не павінны разыходзіцца са справай. Калі вырашылі дапамагаць — значыць, абавязкова павінны выканаць абяцанае.
Ці былі выкананы даручэнні ў Шарашэўскім сельсавеце?
Спачатку быў заслуханы даклад аб выкананні пратакола даручэнняў па выніках правядзення Дня Шарашэўскага сельскага Савета ад 15.06.2023. Выконваючая абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Святлана Амяльянец расказала, што было зроблена па пратаколе даручэнняў.
А іменна, было праведзена апытанне насельніцтва па вывучэнні меркавання па будаўніцтве сетак каналізацыі, па выніках якога 50% апытаных згодны на правядзенне адпаведных работ. Праводзіўся знос дамоў і гаспабудоў, якія пуставалі (у г.п. Шарашэва і в. Сухаўшчына). На пастаянным кантролі трымалася пытанне навядзення парадку на падведамасных тэрыторыях індывідуальных прадпрымальнікаў.

Удзялялася ўвага і ўстановам адукацыі: за сродкі аддзела па адукацыі райвыканкама ў ДУА «Шарашоўскі дзіцячы сад Пружанскага раёна» часткова адрамантаваны дах будынка, пафарбавана агароджа, вароты і турнікеты ў Шарашоўскай сярэдняй школе.
Аддзелам культуры райвыканкама праведзена замена коміну ў ДУА «Шарашоўская дзіцячая школа мастацтваў», пашпарт гатоўнасці цеплакрыніцы атрыманы своечасова.
УАЗ «Пружанская ЦРБ» выкананы бягучы рамонт Крыніцкага ФАПа, на цяперашні момант праводзіцца працэдура закупкі па замене аконных блокаў і часткова інвентару і мэблі ў Шарашоўскай гарадской бальніцы.
Пружанскі КУВП «Камунальнік» правёў частковы бягучы рамонт дарогі па вул. Чкалава ў г.п. Шарашэва. Арганізацыяй вядуцца работы па рэкультывацыі мініпалігона ў пасёлку. На пастаяннай аснове ажыццяўляецца якаснае прафілактычнае абслугоўванне сетак і збудаванняў сістэм цепла- і водазабеспячэння, падтрыманне іх у тэхнічна спраўным стане.
ААТ «Пружанскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання» адрамантуе ўваходную групу комплекснага прыёмнага пункта ў г.п. Шарашэва да 01.12.2023 года.
Адрамантаваны будынак аддзялення пошты ў в. Крыніца.

Пружанскім ДРБУ-140 выкананы ямачны рамонт дарожнага палатна па вул. Савецкай у в. Крыніца. Усталявана агароджа на падыходах да моста па вул. Леніна ў Шарашэве і падняты тры калодзежы ліўневай каналізацыі да ўзроўню праезнай часткі дарогі.
ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» уведзена ў абарот ферма каля в. Акольнік.
Пасля выступлення Святланы Анатольеўны старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч падкрэсліў, што падтрымліваць парадак на зямлі патрэбна пастаянна, не чакаючы, каб на гэта табе ўказалі. Тады вакол будзе чысціня і прыгажосць, якой і славіцца наша краіна. Кожны з нас павінен усведамляць: проста так нічога не робіцца і не даецца. Хочаш жыць у прыгажосці — калі ласка, прыкладзі намаганні, пакажы прыклад.
Шчарчоўскі сельсавет: што робіцца?
Старшыня Шчарчоўскага сельвыканкама Віктар Ванека правёў своеасаблівы экскурс па сельсавеце. Расказаў пра тое, як наладжана работа з насельніцтвам, якія формы прымяняюцца, на які вынік працуюць.
Віктар Мікалаевіч акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што сур’ёзнымі памочнікамі ў гэтай рабоце з’яўляюцца мясцовыя дэпутаты і старасты вёсак, якія па магчымасці стараюцца вырашаць праблемы сваіх аднавяскоўцаў. Праводзяцца рэйды па нядобранадзейных сем’ях, з якімі вядзецца тлумачальная работа наконт здаровага ладу жыцця.

Вялікая ўвага ў сельсавеце ўдзяляецца пытанню добраўпарадкавання населеных пунктаў: прыбіраюцца могілкі і воінскія пахаванні, вырэзваюцца аварыйныя дрэвы, праводзяцца суботнікі, падчас якіх вядзецца збор смецця.
Удзяляецца ўвага і культурнаму жыццю жыхароў сельсавета. Тут стараюцца арыентавацца на розныя ўзроставыя катэгорыі грамадзян і ахопліваюць рознабаковыя накірункі.
Сельвыканкамам вырашаюцца пытанні землеўладкавання і рацыянальнага землекарыстання, добраўпарадкавання і санітарнага ўтрымання населеных пунктаў. Усе арганізацыі, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, праводзяць работу па азеляненні і кветкавым афармленні замацаваных тэрыторый. Санітарная ачыстка асноўнай часткі жыллёвага фонду сельсавета арганізавана па планава-рэгулярным і заявачным прынцыпе.
Трымаецца на кантролі пытанне па стане дарог, якасці дарожнага пакрыцця, хаця праблема ў гэтым напрамку існуе і сёння. Таксама застаецца адкрытым пытанне па забеспячэнні шырокапалосным доступам у інтэрнэт жыхароў в. Галасяціна і сумежных вёсак.

Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч заўважыў, што пытанне ўтрымання дарог набалелае для кожнага сельсавета, вырашаць яго трэба аператыўна, бо ў кожнай вёсцы таксама жывуць людзі, якія нічым не адрозніваюцца ад горада. Што да інтэрнэту, Міхаіл Міхайлавіч паставіў задачу знайсці выйсце з непрыемнай сітуацыі ў бліжэйшы час.
Кіраўніком раёна агучвалася і праблема з пустуючымі дамамі — калі не прадаюцца, значыць, падлягаюць зносу, каб не псавалі знешні выгляд населенага пункта, з транспартнымі зносінамі — з таго ж Шчарчова складана дабрацца ў Пружаны. Так быць не павінна, на першым плане заўсёды павінны быць людзі, дзеля іх і робіцца ўсё ў нашай дзяржаве.
А якія праблемы ўбачылі рабочыя групы?
Наступным крокам у рабоце пасяджэння было выступленне кіраўнікоў пяці груп, праца якіх была арганізавана на тэрыторыі Шчарчоўскага сельсавета.
Першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пружанскага райвыканкама Таццяна Вярэха расказала аб тым, што было праведзена абследаванне аб’ектаў усіх формаў уласнасці, праверка выкарыстання зямель. Заўважыла, што некаторым участкам патрэбна ачыстка, бо маюць месца несанкцыянаваныя звалкі вытворчых адходаў, і ўцягненне ў сельскагаспадарчы абарот зямель у раёне в. Блажкі (ААТ «Пружанскае»). Ахова працы на прадпрыемствах, якія размяшчаюцца на тэрыторыі сельсавета, наладжана на належным узроўні, работнікі забяспечаны спецадзеннем. Але не ўсе яго на сваіх працоўных месцах выкарыстоўваюць, таму, каб пазбегнуць траўматызму, кіраўнікам гэтае пытанне трэба трымаць на пастаянным кантролі.
Галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Жабрун вёў размову пра знос пустуючых дамоў. Таксама ўздымалася пытанне ўтрымання ў належным стане могілак, выдалення аварыйных дрэў.
Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які курыруе сацыяльную сферу, падкрэсліў, што работа ўстаноў аховы здароўя, адукацыі і культуры ў сельсавеце нараканняў не мае, але трэба заўсёды помніць: калі адрамантавалі, прывялі ў парадак, то трэба гэта зберагчы, паказаць сябе гаспадаром на роднай зямлі.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец адзначыла насычанасць таварамі на аб’ектах гандлю. Таксама не ўзнікла пытанняў і па аўтамагазіне, які абслугоўвае 18 населеных пунктаў сельсавета. На належным узроўні працуе ў аг. Шчарчова і пошта.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віталій Матвіенка, які узначальваў пятую групу, адзначыў станоўчую работу Шчарчоўскага сельсавета.
Праблемы прысутнічаюць
у жыцці кожнага чалавека. Ды, як кажуць, без цяжкасцей і жыць было б сумна. Іх не трэба баяцца, а лепш старацца знаходзіць шляхі іх вырашэння. У кожнага з нас, зразумела, свая колькасць перашкод па жыцці, з якімі даводзіцца змагацца. А ўявіце, колькі складаных пытанняў узнікае ў сельсавеце, на тэрыторыі якога пражывае, напрыклад, каля 1000 чалавек?! І праблемы людзей трэба вырашаць, трымаць на кантролі.

Цяпер у Шчарчоўскім сельсавеце пачынаецца работа над даручэннямі, якую трэба правесці якасна, не адкладваючы ў доўгую скрыню. Тады і павага будзе, і людзі застануцца задаволенымі. А па такім прынцыпе толькі і трэба жыць, каб чалавекам звацца.
Падрыхтаваў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік