З дзяцінства памятаецца, з якім нецярпеннем чакаў набліжэння 1 верасня і ўрачыстай школьнай лінейкі, на якой з традыцыйным званком адкрываўся чарговы навучальны год. Гэтае чаканне было вельмі радасным, бо хацелася пахваліцца новай формай, прыгожым ранцам, запісаць у яшчэ не крануты сшытак першыя словы «Класная работа». І толькі пасля таго, як сам стаў татам, зразумеў, чаму ж у маіх бацькоў набліжэнне верасня заўсёды выклікала задумлівасць на твары.

Сапраўды, дарослым даводзіцца вырашаць нямала «перадшкольных» пытанняў. Што спатрэбіцца вучню? Дзе набыць неабходнае? А некаторым прыходзіцца яшчэ і думаць, дзе ўзяць грошы на ўсе патрэбы, асабліва калі трэба сабраць не аднаго, а двух-трох і больш школьнікаў.

Калі сямёра па лаўках
Для таго, каб падтрымаць шматдзетныя сем’і, штогод арганізуецца дзяржаўная падтрымка ў выглядзе выплат матэрыяльнай дапамогі. Нельга сказаць, што яна дазваляе вырашыць абсалютна ўсе падрыхтоўчыя пытанні, але адчувальную ролю ў тых зборах усё ж адыгрывае. Таму зараз ва ўсіх рэгіёнах Беларусі вядзецца прыём заяў ад шматдзетных бацькоў на аказанне адначасовай матэрыяльнай дапамогі да новага навучальнага года. Такая магчымасць, як паведамляе начальнік аддзела працы раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына Пасевіч, ёсць і ў жыхароў Пружаншчыны.
— Аб’ём матэрыяльных выплат складае 30% бюджэту пражытачнага мінімуму, або 109,32 рубля, — тлумачыць Ірына Мікалаеўна. — Пры гэтым устаноўленая грашовая сума даецца не на сям’ю, а на кожнага школьніка ў ёй.

Падобную падтрымку атрымалі ўжо 658 шматдзетных сем’яў на 1418 дзяцей. Выплаты прадугледжваюцца ў рамках дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021-2025 гады. Варта адзначыць, што матэрыяльная дапамога аказваецца незалежна ад даходу сям’і.
Да слова, заявы працягваюць прымацца, для чаго трэба звяртацца на адрас: г. Пружаны, вул. Чырвонаармейская, 78, каб. 212.
Падтрымка для добрага працаўніка
Бацькам школьнікаў можа быць аказана матэрыяльная дапамога і па месцы працы за кошт сродкаў прафсаюзных арганізацый. Таксама нярэдка выплаты ажыццяўляюцца і са сродкаў наймальніка. Некаторыя кіраўнікі такім чынам імкнуцца заахвоціць шчырых работнікаў, якія бездакорна выконваюць свае працоўныя абавязкі.
Безумоўна, маштабнымі выплаты на падрыхтоўку да школы па месцы працы назваць нельга, больш важкае слова тут выказваюць менавіта прафсаюзы. Па словах старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяны Гаманчук, штогод (з 2002 года) праводзіцца традыцыйная дабрачынная акцыя «Прафсаюзы — дзецям», у рамках якой са сродкаў, назапашаных грамадскімі працоўнымі аб’яднаннямі, аказваецца фінансавая дапамога як шматдзетным, так і малазабяспечаным сем’ям, якія выхоўваюць малых школьнікаў. Таксама падобная пад-трымка выдаецца тым, у каго сын або дачка ідзе ў першы клас, дзецям-сіротам, тым сем’ям, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

— У калектыўных дагаворах арганізацый прапісаны дадатковыя нормы па падтрымцы членаў прафсаюза падчас збораў школьнікаў, — паведамляе Таццяна Гаманчук. — І размова ідзе не толькі пра фінансавыя выплаты. На некаторых прадпрыемствах работнікам таксама даецца свабодны ад працы дзень або час на першую вераснёўскую лінейку з захаваннем заработнай платы. Пагадзіцеся, для бацькоў гэта выдатная магчымасць пабыць побач з дзіцем у асаблівы для яго дзень.
Яшчэ адна частка такой дабрачыннай праграмы заключаецца ў падрыхтоўцы запамінальных падарункаў ад прафсаюза тым малым, што сядуць за парты ў першы раз у сваім жыцці.
Дапамога і ад грамадства
У апошнія жнівеньскія дні свае дабрачынныя акцыі плануюць і грамадскія аб’яднанні. У прыватнасці, актыўную работу праводзіць зараз БРСМ. Як паведамляе старшыня райкама Ульяна Апаляйчук, саюз моладзі дзейнічае ў актыўнай звязцы з установамі і арганізацыямі раёна.

Таксама да маштабнай рэспубліканскай акцыі «У школу — з «Белай Руссю»!» далучылася і раённае падраздзяленне гэтай грамадскай арганізацыі. Па словах пружанскага прадстаўніка РГА «Белая Русь» Таццяны Кашкан, запланавана ўручэнне грашовых сертыфікатаў на набыццё неабходных школьнікам рэчаў, а таксама карысных падарункаў малым. І гэтыя мерапрыемствы ўжо пачаліся. Увогуле мяркуецца падтрымаць шматдзетныя сем’і, бацькі якіх з’яўляюцца членамі грамадскага аб’яднання. А гэта больш за 30 сем’яў, у якіх выхоўваецца 120 дзяцей. Трэба адзначыць, што з кожным годам дабрачынная акцыя толькі пашыраецца і па меры фінансавых магчымасцей суполкі яна ахоплівае ўсё больш дзетак.
А дзе набыць патрэбнае для школы?
Здараецца, што гэтае пытанне становіцца асноўным, бо некаторыя гандляры, карыстаючыся тым, што попыт расце, пачынаюць «перапісваць цэннікі». Каб не апынуцца ў такіх сітуацыях, раім наведаць магазін «Дзіцячы свет», які падрыхтаваў для школьнікаў усё патрэбнае, ды па разумным кошце. Пра гэта і было заяўлена ў суботу падчас правядзення «Парада школьнай моды», які прайшоў на пляцоўцы каля крамы. У гэты дзень была арганізавана ўжо паўторная дэманстрацыя адзення: у магазіне столькі прапаноў, што за адзін раз немагчыма прэзентаваць усё. І тычыцца гэта не толькі школьнага адзення дзелавога стылю, але і спартыўнай формы. Увогуле акцэнт тут робіцца толькі на беларускіх вытворцаў лёгкай прамысловасці, каб бацькі былі ўпэўненыя, што набываюць карысныя і бяспечныя рэчы згодна з рэкамендацыямі гігіеністаў.

У дадатак у магазіне рэалізуецца шырокі асартымент канцылярыі, у тым ліку спецыяльныя сшыткі для лабараторных, практычных работ, контурныя карты і атласы. Усё набытае можна тут жа сабраць у рукзакі, мадэлі якіх разлічаны на ўсе ўзроставыя групы дзяцей. Да ведама бацькоў, у «Дзіцячым свеце», а таксама ў шэрагу прамтаварных магазінаў раёна дзейнічаюць акцыі, якія могуць крыху аблегчыць фінансавы цяжар.
У іх ліку наступныя:
- продаж школьных тавараў у беспрацэнтны крэдыт на 3 месяцы з першапачатковым узносам дзясятай часткі ад сумы;
- «Зноў у школу», у рамках якой пры набыцці школьнага асартыменту на суму ад 70 і больш рублёў даецца скідка 10%;
- «Першы раз у першы клас»: бацькі, якія збіраюць першакласнікаў, з кожных 150 выдаткаваных рублёў атрымліваюць скідку 15%.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік