Дзяўчына з баявым характарам. Так можна ахарактарызаваць інжынера па якасці УП «Пружанская ПМК-21» Кацярыну Краўчук.
Толькі з цвёрдым характарам можна працаваць на прадпрыемстве, калектыў якога амаль цалкам складаецца з мужчын. Ды і сачыць за якасцю выпускаемай прадпрыемствам прадукцыі — вялікая адказнасць, сертыфікаваць новыя вырабы — таксама. Хто б мог падумаць, што такая, на першы погляд, далікатная дзяўчына будзе трымаць у тонусе вытворцаў-мужчын?
Можна сказаць, што біяграфія ўраджэнкі Пружан адпавядае яе характару. Пасля заканчэння СШ №1 Кацярына паступіла не ў гуманітарную, альбо медыцынскую навучальную ўстанову, а ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, на спецыяльнасць «Меліярацыя і водная гаспадарка». Як вам такое для дзяўчыны?

У пачатку 2018 года малады спецыяліст па размеркаванні трапляе ў Чэрвеньскае ПМС, што на Міншчыне, працуе інжынерам па каштарыснай рабоце.
Неўзабаве яе запрасілі вярнуцца на малую радзіму, у Пружанскім ПМК-21 прапанавалі пасаду інжынера па якасці. Як распавядае Кацярына Фёдараўна, гэтая пасада напрамую звязана з будаўніцтвам, давялося крыху перавучыцца. Па яе словах, гэта і добра: трэба веды набываць заўсёды, інакш не будзе ніякага прагрэсу, росту ў жыцці.
Інжынеру па якасці даводзіцца даволі часта выязджаць на будаўнічыя аб’екты, правяраць якасць работ лінейных работнікаў, майстроў і вытворцаў работ. І яны давяраюць спецыялісту. Кацярына Краўчук сцвярджае, што ўзаемаразуменне з людзьмі склалася з першых дзён працы на новым месцы. Таксама даводзіцца займацца сертыфікацыяй работ, кантролем якасці прадукцыі, напрыклад, якую выпускае цэх металаканструкцый. Дарэчы, іменна гэтую вытворчасць Кацярына Фёдараўна сертыфікавала. Тут выпускаюцца металаканструкцыі, у тым ліку і нясучыя, якія затым выкарыстоўваюцца на аб’ектах будаўніцтва. Акрамя гэтага, тут наладжана вытворчасць спецыяльных блокаў ФГС падвальнага тыпу, бетонных раствораў, ёсць свая піларама.
На адной вытворчасці Кацярына Краўчук не зацыкліваецца. Яна — актыўная ўдзельніца розных грамадскіх, творчых, спартыўных мерапрыемстваў. Каманда, у якую ўваходзіць Кацярына, прывозіць нямала прызавых узнагарод.
Склалася і сямейнае жыццё маладой жанчыны. Муж працуе таксама ў будаўнічай арганізацыі — ПМК-22, механікам. Яно, магчыма, і добра, калі муж і жонка працуюць у розных установах, сустракаюцца толькі дома. Так адносіны не прыядаюцца, за дзень паспяваюць засумаваць адзін па адным.
Хочацца пажадаць Кацярыне Краўчук поспеху ва ўсіх справах і пачынаннях і далейшага росту!
Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара