
На мінулым тыдні на базе Палаца культуры адбыўся Адзіны дзень інфармавання «Беларусь — краіна міру і згоды». Перад работнікамі ўстаноў культуры і сацыяльнай сферы раёна выступілі прадстаўнікі вертыкалі ўлады, ідэалагічнай работы, дэпутацкага корпуса.
Ключавыя тэмы сустрэчы — падтрыманне міру на беларускай зямлі, стабільнасць і адзінства грамадства, умацаванне суверэнітэту, узаемаразуменне і падтрымка адно аднаго, электаральная кампанія, выбары Кіраўніка дзяржавы.
«Мы беларусы — мірныя людзі…» — радкамі з Гімна Рэспублікі Беларусь распачала сваё выступленне начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Гаманчук, якая асобна падкрэсліла важнасць і значнасць гэтых паняццяў.
— Гледзячы на тое, што адбываецца ля нашых меж і ў свеце ў цэлым, наша задача — захаваць мір на нашай зямлі, не дапусціць паўтораў памылак мінулага, дакладна пазначыць нашу пазіцыю на палітычнай арэне і, галоўнае, жыць у адзінстве, разуменні і павазе адно да аднаго. Гэта такія простыя і ў той жа час важныя паняцці, якія ствараюць моцны фундамент для развіцця і працвітання моцнай незалежнай дзяржавы. Мір — аснова жыцця, і пра гэта заўсёды трэба памятаць! Прыклад нашай мірнай, міралюбівай краіны, якая заўсёды заклікае да міру, павінен быць пачуты ўсімі, хто жыве ў нашай любімай Беларусі, і сусветнай супольнасцю.
Дырэктар ААТ «Жураўлінае», член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Пішч падвёў вынікі работы ў прыярытэтных напрамках эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, турызму і іншых галінах у цэлым па краіне, а таксама падкрэсліў, што 2024 год стаў знакавым для нас, дэманструючы стабільнае развіццё і высокія паказчыкі ва ўсіх ключавых галінах, што сведчыць аб моцным падмурку і перспектыўных магчымасцях для далейшага росквіту дзяржавы.
Таксама асаблівая ўвага была нададзена развіццю эка- і культурнаму турызму. Спрашчэнне візавага рэжыму садзейнічала прыцягненню вялікай кролькасці турыстаў. Стварэнне новых турыстычных маршрутаў, у тым ліку прыродныя запаведнікі і гістарычныя помнікі, дазволіла разнастаіць турыстычны вопыт і прыцягнуць увагу замежных турыстаў.
У завяршэнні сустрэчы перад прысутнымі выступіў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які падрабязна спыніўся на стратэгіі развіцця Пружанскага раёна, на тым, што было зроблена за папярэдні год і над чым яшчэ ўсім разам трэба папрацаваць.
— 2024 год стаў знакавым для Пружанскага раёна, які прадэманстраваў значныя поспехі ў розных сферах. Асаблівая ўвага была ўдзелена добраўпарадкаванню вуліц, дарог, паркаў і сквераў, адкрыццю новых спартыўных пляцовак. Былі праведзены маштабныя работы па рамонце і мадэрнізацыі дарожнай інфраструктуры, што палепшыла транспартную даступнасць і камфорт для жыхароў і гасцей раёна.
Міхаіл Міхайлавіч таксама падзяліўся планамі на бліжэйшую перспектыву і адказаў на ўсе пытанні. І яшчэ раз падкрэсліў, што разам мы зможам пераадолець усе цяжкасці і разам стаць яшчэ на адну прыступку вышэй, палепшыць якасць жыцця, стаць мацнейшымі і мудрэйшымі. Высокія паказчыкі ва ўсіх сферах эканомікі сведчаць аб стабільным развіцці Пружанскага раёна, што, безумоўна, адбіваецца на ўзроўні дабрабыту яго жыхароў. Галоўнае — зберагчы мір на нашай зямлі, а да астатняга прыкласці працавітыя рукі, і тады ўсё атрымаецца.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік
