Воскресенье, 19 января 2025

Дыялог з бацькамі атрымаўся

142

Напрыканцы года па традыцыі быў праведзены гарадскі бацькоўскі сход, сёлетняй тэмай якога стала «Стварэнне бяспечных умоў для выхавання дзяцей — гарантыя іх здаровага развіцця».

На пачатку мерапрыемства яго ўдзельнікаў сустракалі валанцёры і работнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, якія раздавалі памяткі ў рамках акцыі «Сям’я для кожнага дзіцяці». Інфармацыйныя буклеты расказваюць пра асаблівасці ўсынаўлення, патранатнай або апякун-скай сям’і з указаннем не толькі «дарожнай карты», але і неабходных кантактаў служб, якія падтрымаюць на адпаведным шляху.

Сам жа бацькоўскі сход атрымаўся разнастайным і інфарматыўным. Першым выступіў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік, які, працягваючы тэму валанцёрскай акцыі «Сям’я для кожнага дзіцяці», расказаў пра тое, што любому малому патрэбна любоў і падтрымка сям’і. Над вырашэннем гэтага пытання вядзецца маштабная работа, рэзультаты якой Аляксандр Канстанцінавіч падрабязна данёс да слухачоў. Старт быў дадзены сур’ёзны, і далейшыя прамовы праходзілі ў тым жа тэматычным ключы.

Даволі слушнымі былі і наступныя выступленні. Калі чалавек сапраўды адчуў важкасць даручанага яму пытання, то, відавочна, ён павінен быў дасканала прааналізаваць яго і ў поўнай меры сфарміраваць уласнае эмацыянальнае стаўленне. Што асабліва было бачна па звароце да прысутных намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супрыновіча, які «без паперкі» наладзіў сапраўдны дыялог з залай, перадаючы кожнаму свае высновы і знаходзячы водгук у гледачоў на тэмы, якія хвалююць усіх. Да слова, Руслан Васільевіч разам з удзельнікамі сходу шукаў тыя спосабы, якія дапамогуць знізіць, а то і ўвогуле выкараніць, дзіцячую злачыннасць. Што ўцягвае непаўналетніх у супрацьпраўную дзейнасць? Як гэтаму супрацьстаяць? Спадзяюся, што кожны ўдзельнік бацькоўскага сходу паспрабуе рэалізаваць тыя парады, да якіх прыйшлі разам са спікерам.

Тэму працягнулі і наступныя садакладчыкі. Намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Канстанцін Хованец засяродзіў увагу бацькоў на супрацьпажарнай бяспецы, а таксама на кантролі дарослых за дзецьмі ў час зімовых канікулаў, на якія прыпадае перыяд першага лёду. Урач Пружанскай ЦРБ Алена Крачко расказала пра медыцынскае даследаванне выпадкаў суіцыду, а таксама спроб самагубства сярод падлеткаў, пра прычыны, якія прыводзяць да трагедыі, і тое, як іх пазбегнуць. Даволі насычанымі фактамі мясцовага фармату падзяліўся старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі Дзяніс Чабатар, які асаблівую ўвагу звярнуў на распаўсюджванне наркотыкаў сярод моладзі.

У дадатак адзначым, што па той жа тэме, якой прысвячалася мерапрыемства, здаецца, нялішнім было б і «слова» прадстаўнікоў духавенства, якія здаўна лічыліся сапраўднымі «лекарамі душы». А дзіцячай душы даволі часта не хапае менавіта пранікнёных слоў, якія могуць закрануць самыя патаемныя часткі свядомасці. Тым больш што, святары амаль ніколі не карыстаюцца «паперкамі», а толькі тымі словамі, якія даходзяць да ўсіх.

Алег Сідарэнка