70 гадоў таму, у студзені 1952 года, у Пружанах адбылася знамянальная падзея: у горадзе з’явілася першая спартыўная школа. Пра тое, як усё пачыналася і з якімі вынікамі галоўная спартыўная ўстанова раёна падышла да свайго юбілею, — у нашай размове з яе кіраўніком, вядомым у краіне і далёка за яе межамі спартсменам Андрэем Мухам.

— Андрэй Сяргеевіч, паколькі на сённяшні дзень Вы — галоўная асоба ў ДЮСШ №1, давайце спачатку нагадаем чытачам пра вынікі Вашай уласнай спартыўнай кар’еры. А заадно прызнайцеся, як атрымалася «дарасці» да адміністратара?
— Не згаджуся, галоўныя асобы сёння – гэта нашы вучні. Але, паколькі разумею, што ад прамога адказу не ўцячы, скажу, што важным для мяне застаецца 2016 год. У сакавіку я заняў трэцяе месца на этапе сусветнага гран-пры ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. У чэрвені на чэмпіянаце Еўропы ў Італіі паказаў сёмы вынік. А ў верасні ў складзе беларускай паралімпійскай зборнай выступіў у бразільскім Рыа-дэ-Жанейра — паказаў сёмы вынік у кіданні кап’я.
Я на той момант працаваў інструктарам-метадыстам ДЮСШ. Дарэчы, 7 студзеня споўнілася сем гадоў, як тут шчырую. Да гэтага ўзначальваў спартклуб «Мухавец» у аддзеле спорту і турызму. Потым з’ехаў, шмат падарожнічаў і вярнуўся… Я — выхаванец ДЮСШ, тут адбылося маё станаўленне.

— Магчыма, заспелі людзей, з якіх усё пачыналася?
— На жаль, людзей, якія могуць у падрабязнасцях узгадаць тыя далёкія студзеньскія падзеі 1952 года, мы ўжо не знойдзем. Але ведаем, што жадаючых удасканальваць свае вынікі пад дэвізам: «Хутчэй, вышэй, мацней» — было шмат. У тыя часы праграма фізкультурнай падрыхтоўкі лічылася асноватворнай у сістэме патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі.

— Напэўна, пашчасціла пазнаёміцца з пружанскімі «аксакаламі» спорту?
— Безумоўна. Больш за тое, усіх, хто ўнёс свой уклад у развіццё і працвітанне нашай школы, мы запрасілі на наш юбілей, каб сказаць ім вялікі дзякуй. Аляксандра Лемяшэўскага і Сяргея Шчыпанава, якія ў свой час узначальвалі аддзел спорту і турызму райвыканкама, былых дырэктараў школы Уладзіміра Мелеша, Уладзіміра Пашкевіча, майго першага трэнера Васілія Зуя. Трэнераў Сяргея Чайкоўскага, Валянціну Красько, Алену Адамчук, Алену Астапчык – усе яны працуюць на вынік.

— Не забыліся і пра іх зорных выхаванцаў?
— Паклікалі ўсіх, хто ўпісаў свае прозвішчы ў спартыўны летапіс раёна. Ганну Ташпулатаву, якая першая з нашых землякоў заваявала права выступаць на Алімпійскіх гульнях і ў 2012 г. увайшла ў склад жаночай лёгкаатлетычнай каманды ў эстафеце 4х400 метраў. Ганну Гаўру, якая ў складзе зборнай каманды выйграла Чэмпіянат Еўропы па акадэмічным веславанні. Чэмпіёнку Еўропы па спартыўнай хадзьбе Ганну Зубкову…

Імён процьма: Павел Небыт, Анатоль Бяляеў, Роберт Казловіч, Павел Стагніеў, Аляксандр Бокша, Юлія Козел, Аляксей Комар, Сяргей Каляда – усе яны станавіліся пераможцамі і прызёрамі самых прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў.

— Некаторыя з іх, у прыватнасці, трэнер па плаванні Сяргей Каляда, паспелі выхаваць новую пляяду пружанскіх пераможцаў. Балазе, матэрыяльна-тэхнічная база для іх трэніровак сёння вельмі годная.
— Параўнальна, так. Раней наша спартшкола займала толькі адну залу. Потым тэрыторыю для трэніровак «пашырылі», перавялі школу ў былы кінатэатр «Беларусь» (там зараз знаходзіцца магазін будматэрыялаў). А пасля «Дажынак-2003» было вырашана нас вярнуць у будынак былога Дома афіцэраў. Намаганнямі трэнераў там пачаўся рамонт. Потым у горадзе з’явіўся Лядовы, а за ім – і Водны палацы.

— Ды такія, што Пружанам могуць пазайздросціць іншыя райцэнты вобласці! Здаецца, у вас, пружанскіх спартсменаў, ёсць усё для поўнага шчасця.
— Калі быць шчырым, то не зусім так. Ёсць пэўныя складанасці ў навучальна-трэніровачным працэсе, паколькі ў нас няма добраўпарадкаванага стадыёна. Я заўсёды казаў і буду казаць: лёгкая атлетыка ў нас на добрым рахунку, але мы працуем не дзякуючы чамусьці, а «насуперак». Адзінае ўдасканаленае пакрыццё, якое маем, — гэта наш 35-мятровы манеж, на якім выхоўваюцца ўдзельнікі чэмпіянатаў свету і Еўропы. Заўсёды хочацца нейкага развіцця.
— А з якімі канкрэтнымі вынікамі сустракалі 70-годдзе ДЮСШ?
— Па-першае, з 1 студзеня павысіўся статус нашай школы: мы ўжо атэставаны як спецыялізаваная ДЮСШ алімпійскага рэзерву. Аднак нашы мэты і задачы засталіся ранейшымі. У сіле паказчыкі набору — каля 380 вучняў.

Для іх дзейнічаюць тры аддзяленні: валейбол, футбол і лёгкая атлетыка. У першых дзвюх працуюць па тры трэнеры, на лёгкай атлетыцы — чатыры штатныя трэнеры і адзін па сумяшчальніцтве. Усе яны годныя выкладчыкі, і ва ўсіх — годныя вучні, якія для нас з’яўляюцца… кумірамі. Так, Вы правільна разумееце: менавіта дзеці – самае галоўнае, за імі будучыня. Па выніках апошняга першынства сярод ДЮСШ вобласці мы занялі трэцяе месца сярод раённых школ. Вядома, маглі б і лепш, але з-за хвароб дзяцей выступалі ў не самым моцным складзе.

— Колькі сёння ў ДЮСШ налічваецца выхаванцаў?
— Ганарымся кожным з 385 юных спартсменаў. Не ўсім аднолькава шанцуе ў вучобе ў агульнаадукацыйнай школе, але затое яны паказваюць добрыя спартыўныя вынікі. І мы рады, што яны сябе знайшлі, што бачаць сваю будучыню ў вялікім спорце і гатовы перамагаць.

— Можна сцвярджаць, што ў прыярытэце ў вас не масавасць, а вынік?
— Заканадаўчую базу, у тым ліку планавыя лічбы набору, яшчэ ніхто не адмяняў. Мы павінны ахапіць каля 18 працэнтаў ад колькасці вучняў у школах, якія ўваходзяць у асноўную групу здароўя. Гэта складана. Варта ўлічыць, што зараз нямала школьнікаў вызвалена ад урокаў фізкультуры або мае нейкія абмежаванні па стане здароўя. Мы іх прыцягнуць не можам… Але пакуль спраўляемся: тую масоўку, што маем, лічым дастатковай, каб знайсці самародкаў і выхаваць чэмпіёнаў. У нас перспектыўныя дзеці ва ўсіх аддзяленнях. У валейболе, напрыклад, нядаўна вызначылася Ангеліна Шапавал. У складзе зборнай каманды г. Кобрына яна стала прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў і атрымала прыз прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Дарэчы, у гэтым клубе працуе наш былы выхаванец Юрый Пушын.

— Ці застаецца ў дырэктара спартшколы час для спорту?
— Вядома. Я працягваю трэніраваць, праўда, у асноўным дарослых, якія жадаюць дамагчыся нейкіх вынікаў, адзін выхаванец нядаўна перамог на абласных спаборніцтвах. А вось для ўласнага жыцця часу, сапраўды, не хапае.
— Што б Вы пажадалі нашым чытачам у гэты цудадзейны калядны час?
— Сямейнага дабрабыту, цяпла, міру і, канечне, здароўя. Астатняе мы можам дасягнуць самі штодзённымі трэніроўкамі цела і душы.
Гутарыла Алеся Смайлік. Фота Кацярыны Масік і з архіву рэдакцыі