Гэтая праблема не з’явілася апошнім часам: здаецца, яшчэ з часоў знакамітага рамана М. Чарнышэўскага моладзь задаецца пытаннем: «што рабіць?» Сапраўды, як маладым і энергічным бавіць вольны час у невялікім горадзе, дзе магчымасцей для цікавага і карыснага адпачынку па вызначэнні шмат не бывае?
Мы папрасілі паразважаць саміх маладых людзей з пазіцый «песіміста» і «аптыміста». І вось якая «дуэль» атрымалася.

Бессэнсоўна сноўдаючыся па парку, дзіцячых пляцоўках, далёка не бюджэтных кафэ, нам цяжка знайсці сабе месца для цікавых і, галоўнае, бяспечных пасядзелак.
Раней у гарадскім універмагу на першым паверсе было кафэ «Церамок», дзе падлеткам можна было без праблем сабрацца з сябрамі і пад прыемную атмасферную музыку атрымаць асалоду ад рознакаляровых шарыкаў марожанага. Цяпер, на жаль, такога, па-сутнасці, «дзіцячага» кафэ няма.
Вы ў адказ, напэўна, прапануеце «Бістро» ва ўніверсаме? Але там іншая публіка: гэтую ўстанову наведваюць людзі старэйшага ўзросту, якім, мяркуючы па заўвагах з іх боку, «шумны маладняк» замінае. Там, аказваецца, увогуле непажадана смяяцца. Але ж дзе моладзь, там заўсёды і смех, і весялосць.
Хочаш пасядзець з сябрамі ў цэнтры горада на лавачцы? А лавачка «зачынена», дакладней занятая заўсёднікамі гэтых месцаў: на адной нехта спіць, другую аблюбавалі курцы са стажам, трэцюю хуліганы зламалі, а чацвёртая аплявана шалупіннем ад семак.
Сядайце, людзі добрыя, не праходзьце міма.
А мы праходзім. Ідзём у парк, але і там не ўсё спакойна. Абавязкова сустрэнуцца асацыяльныя элементы ці хуліганы, якія сабе месца не могуць знайсці і іншым перашкаджаюць.
На спартыўнай пляцоўцы ў СШ №1, якая знаходзіцца недалёка ад дома, нас не хочуць бачыць: футбольнае поле зачынена, а брамка, праз якую раней так зручна было праходзіць да школы, і зусім перакрыта.
Куды ні зірні, усё нельга: тут нельга хадзіць, там нельга купацца, у грыбы і ягады таксама нельга. А што можна?
Паліна, г. Пружаны
Ганна Зімнёва, Насця Фокіна і Ваня Мелеш расказалі, што знайшлі для сябе выдатны спосаб бавіць вольны час. Не проста забаўляючыся, але і з карысцю. Яны лічаць: узорны клуб «TEENS-фармат», што створаны пры гарадскім Палацы культуры, дае моладзі нашага горада выдатную магчымасць паказаць сябе, развіць свае творчыя і інтэлектуальныя навыкі. Ды і проста знайсці новых сяброў.

Як адзначае Насця, для яе з прыходам у клуб знікла праблема, чым жа сябе заняць. Самае важнае тут — гэта магчымасць усё паспрабаваць зрабіць самому. Ганне наогул сумаваць некалі: апроч заняткаў у клубе, яна танцуе ў народным ансамблі «Спадчына», а гэта пастаянныя рэпетыцыі і выступленні. Тут ужо сапраўды не засумуеш. Ваня знайшоў сябе ў гукарэжысуры. Ён з задавальненнем займаецца музычным суправаджэннем розных мерапрыемстваў і дыскатэк.
Анастасія Ціхановіч, кіраўнік клуба, расказала, што мерапрыемстваў праводзіцца вялізная колькасць. І ўсе яны разнапланавыя: дзелавыя гульні, квізы, забаўляльныя мерапрыемствы для школьнікаў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, акцыі і здымкі відэа, турніры і літаратурныя вечарыны. Адзінае, як са шкадаваннем заўважыла Анастасія, удзельнікаў пакуль не так шмат, як хацелася б. Але клуб імкнецца прыцягваць і зацікавіць усіх, каму хочацца цікава і з карысцю праводзіць свой вольны час.
Напэўна, у любым месцы можна знайсці як добрыя якасці, так і недахопы. Ды і ёсць такі выдатны выраз «Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца»: той, хто захоча заняць сябе, заўсёды знойдзе, дзе і як гэта зрабіць.
Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік