Пятница, 14 февраля 2025

Дырэктар ТЦСАН Нэлі Педчанка рассказала, якія паслугі прапануе персанальны асістэнт і якія сацпаслугі з’яўляюцца самымі запатрабаванымі

317

У 2022 годзе ў Беларусі быў прыняты і ў сёлетнім студзені ўступіў ў дзеянне Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», адначасова з гэтым былі ўнесены змяненні ў Закон «Аб сацыяльным абслугоўванні», шэраг іншых дакументаў.
Рэдакцыя атрымала пытанні чытачоў, якія тычацца некаторых новаўвядзенняў, наогул работы сацыяльнай службы. На іх адказвае дырэктар ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Нэлі Педчанка.

— Нэлі Георгіеўна, сярод сацыяльных паслуг з’явіўся новы від — паслуга персанальнага асістэнта. Што гэта такое?

— Сапраўды, у адпаведнасці з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29.12.2022 № 94 з сёлетняга года будуць аказвацца паслугі персанальнага асістэнта. Гэтым паняццем аб‘яднаны паслугі асістэнта для інвалідаў з інтэлектуальнымі парушэннямі, парушэннем апорна-рухальнага апарата, паслугі памочніка па суправа-джэнні для інвалідаў
па зроку. Асноўная мэта ўвядзення такой паслугі — пашырэнне магчымасцяў людзей з інваліднасцю, іх удзел у жыцці грамадства. Пры гэтым забяспечваецца індывідуальны падыход у кожным канкрэтным выпадку.

Паслуга прадугледжвае аказанне дапамогі інвалідам у арганізацыі і ажыццяўленні самастойнай і незалежнай жыццядзейнасці, садзейнічае засваенню навыкаў самаабслугоўвання, сацыяльна-бытавых патрэб. Гэта і дапамога ў планаванні і арганізацыі штодзённага жыцця, прыняцці рашэнняў у розных жыццёвых сітуацыях, наладжванні камунікатыўных сувязяў з чужымі людзьмі і іншыя віды дапамогі, напрыклад, у арганізацыі вольнага часу, суправаджэнне падчас прагулак, наведванне аддзяленняў дзённага знаходжання ТЦСАН, канцэртаў, выстаў, іншых мерапрыемстваў, аказанне першай дапамогі, выклік урача, інфармаванне сваякоў пра стан здароўя і інш.

— Хто можа скарыстацца паслугай персанальнага асістэнта?

— Яна аказваецца не ўсім інвалідам, а толькі на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі і абілітацыі (ІПРА) ці заключэнні медыка-кансультацыйнай камісіі (МКК).

Паслуга даецца:

— для інвалідаў, якія жывуць разам з праца-здольнымі сваякамі, абавязанымі па законе іх утрымліваць, маючых рэзка выяўленае абмежаванне здольнасці да самастойнага перасоўвання і (ці) здольнасці да 
арыентацыі, адпаведнае ФК 4, і (ці) умеранае ці выяўленае абмежаванне здольнасці кантраляваць свае паводзіны, што адпавядаюць ФК 2 ці ФК 3, — пры патрэбе да 20 гадзін у месяц;

— для інвалідаў, якія жывуць асобна ад працаздольных сваякоў, абавязаных па законе іх утрымліваць, і адзінокіх інвалідаў, маючых абмежаванне жыццядзейнасці (здольнасці да самастойнага перасоўвання і (ці) здольнасці да 
арыентацыі), адпаведнае ФК 4, — пры патрэбе да 40 гадзін у месяц, а для маючых абмежаванне жыццядзейнасці (здольнасці кантраляваць свае паводзіны), адпаведнае ФК 2 ці ФК 3, — пры патрэбе да 60 гадзін у месяц.

— Якія наогул катэгорыі грамадзян маюць права на паслугі сацыяльных работнікаў, у тым ліку бясплатныя?

— Сацыяльныя паслугі аказваюцца згодна з адпаведнай інструкцыяй,  дзе зацверджаны парадак і ўмовы іх аказання дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання. На іх атрыманне на ўмовах частковай або поўнай аплаты маюць права непрацуючыя грамадзяне 60 гадоў і старэй, якія дасягнулі агульнапрынятага пенсіённага ўзросту, маюць права на дзяржаўную пенсію, і інваліды 1 і 2 груп (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці супрацьпаказанняў).

Платна аказваюць сацыяльныя паслугі грамадзянам, у якіх ёсць дзеці працаздольнага ўзросту. На бясплатную дапамогу сацработніка могуць разлічваць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны або асобы, што пацярпелі ад баявых дзеянняў, а таксама адзінокія грамадзяне, у якіх няма дзяцей ці дзеці ўжо самі сталі пенсіянерамі, а пенсія меншая за бюджэт пражытковага мінімуму (на сённяшні дзень БПМ складае 341,48 руб.). Калі пенсія адзінокага пенсіянера не перавышае двух БПМ, ён мае права на частковую аплату паслуг.

Па жаданні грамадзян яны могуць атрымліваць дадатковыя сацыяльныя паслугі на ўмовах поўнай аплаты.

— Нэлі Георгіеўна, які кошт паслуг сацыяльнага работніка пры ўмове поўнай аплаты?

— Кошт аднаго візіту на дом і ў сельскай мясцовасці, і ў горадзе, калі чалавек пражывае ў жылым памяшканні без зручнасцей — 2,00 руб., са зручнасцямі — 1,38 руб. За гэтую суму ў горадзе працягласць візіту — 1 гадзіна 50 мінут, у сельскай мясцовасці — 2 гадзіны 40 мінут (улічваецца, што ў вёсцы ёсць прысядзібная тэрыторыя і сацыяльнаму работніку патрабуецца больш часу на выкананне работ). 

Колькасць візітаў сацыяльнага работніка чалавек вызначае сам — ад двух да пяці разоў на тыдзень (акрамя выхадных і святочных дзён).

— Якія паслугі з’яўляюцца самымі запатрабаванымі?

— Сацыяльна-бытавыя. Гэта пакупка і дастаўка на дом прадуктаў харчавання, лекаў, прамысловых тавараў, дастаўка вады, паліва са сховішча і распальванне печкі, прыбіранне жылых памяшканняў, вынас смецця і іншыя.

— А калі чалавеку патрэбна дапамога ў нарыхтоўцы агародніны на зіму?

— Спецыялісты цэнтра штогод аказваюць са-дзеянне ў нарыхтоўцы агародніны па заявах грамадзян, якія знахо-дзяцца на надомным
абслугоўванні. Даставіць агародніну на дом дапамагаюць валанцёры атрада «Дабрыня» Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Што тычыцца дастаўкі агародніны, то валанцёры і члены раённай арганізацыі БРСМ таксама штогод дапамагаюць пажылым грамадзянам данесці пакупкі да транспарту і выгрузіць іх і падчас восеньскага кірмашу.

А ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў працягваецца супрацоўніцтва з валанцёрамі СШ № 1 г. Пружаны імя ЧБВА, якія рэгулярна аказваюць пасільную дапамогу. Напрыклад, у мінулым годзе яны забяспечылі працоўную майстэрню аддзялення расадай перцаў, дапамаглі з высадкай агароднінных культур у грунт.

Займаюцца валанцёрскай дзейнасцю і самі людзі «сярэбранага» ўзросту. На базе аддзялення дзённага знахо-джання для грамадзян пажылога ўзросту створана каманда «Валанцёр». На сённяшні дзень у ёй 36 удзельнікаў. Валанцёрская дзейнасць гэтай каманды ўключае найперш аказанне сацыяльнай і маральнай падтрымкі адзінокім пажылым грамадзянам для прадухілення іх сацыяльнай ізаляцыі, пры неабходнасці валанцёры наведваюць іх і ў бальніцы, аказваюць дапамогу ў пакупцы прадуктаў і лекаў. Таксама ахвотна бяруць удзел у розных мерапрыемствах, акцыях па добраўпарадкаванні горада.

— Куды чалавек можа звярнуцца па аказанне сацыяльных паслуг?

— Калі грамадзянін зарэгістраваны ў Пружанскім раёне ці жыве на яго тэрыторыі, ён павінен звярнуцца ў Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага аб-слугоўвання насельніцтва.

Тыя, хто жадае заключыць дагавор на аказанне сацыяльных паслуг, спачатку могуць патэлефанаваць па нумары 4-02-87. Спецыялісты растлумачаць, якія дакументы патрэбны, якую форму абслугоўвання магчыма выбраць.

Па гэтым жа нумары можна звяртацца і калі гутарка ідзе пра аказанне разавых паслуг па сацыяльна нізкіх цэнах (напрыклад, дапамога ў прыбіранні кватэры, мыцці вокнаў і інш.).

Гутарыла Ірына Сядова