Сусветны фестываль моладзі — самая маштабная маладзёжная падзея ў свеце. Форум аб’ядноўвае неабыякавых людзей з усёй планеты. У перыяд з 29 лютага па 7 сакавіка 2024 года фестываль прайшоў у горадзе Сочы Расійскай Федэрацыі на федэральнай тэрыторыі Сірыус. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 20 тысяч маладых лідараў у сферы бізнесу, медыя, міжнароднага супрацоўніцтва, культуры, навукі, адукацыі, валанцёрства і дабрачыннасці, спорту, розных сфер грамадскага жыцця, а таксама падлеткі, якія прадстаўлялі розныя дзіцячыя арганізацыі і аб’яднанні больш чым са 180 краін свету. У фестывалі прынялі ўдзел 69 прадстаўнікоў Брэсцкай вобласці, сярод якіх быў і дэлегат з Пружанскага раёна, старшыня Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, дырэктар Шчарчоўскай сярэдняй школы і старшыня пярвічнай арганізацыі РГА «Белая Русь» установы адукацыі Дзяніс Цямчык. Мы сустрэліся з Дзянісам Уладзіміравічам і пагутарылі пра тое, якія эмоцыі былі атрыманы на працягу ўсяго мерапрыемства і якія ўражанні засталіся пасля яго.
Дзяніс Цямчык з’яўляецца ўраджэнцам Драгічынскага раёна, але пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы малады настаўнік гісторыі па размеркаванні прыбыў на Пружаншчыну, дзе ўжо жыве нямала гадоў і прыносіць карысць сваімі актыўнымі дзеяннямі.
— Я займаю актыўную грамадзянскую пазіцыю. Прымаю ўдзел у многіх акцыях, з’яўляюся старшынёй сельскай выбарчай камісіі. Узначальваю Маладзёжны парламент пры раённым Савеце дэпутатаў. Сваімі дзеяннямі хачу прынесці карысць нашаму грамадству і дзяржаве, —падкрэсліў Дзяніс Уладзіміравіч.
Верагодна, такія людзі, якія і павінны прымаць удзел у Сусветным фестывалі моладзі, асэнсавана жадаюць прынесці нешта новае і карыснае і ў развіццё ўсяго чалавецтва.
— Для мяне гэта новы вопыт. На цэлы тыдзень я апынуўся ў іншай атмасферы, упершыню ўбачыў горы і мора. Ужо ад гэтага адчуў каласальныя эмоцыі. Што ж да самога мерапрыемства, то гэта была неверагодная падзея. Калі ты можаш бачыць і чуць ужывую тых людзей, якія бяруць удзел у вырашэнні пытанняў не толькі ў канкрэтнай краіны, але і ўсяго свету. Цэлы тыдзень у горадзе панавала свята, — дадаў удзельнік фестывалю.
У працэсе нашых зносін Дзяніс Цямчык не раз згадваў, што ў Сочы былі людзі з розных куткоў нашай планеты, якія размаўлялі на розных мовах, былі рознага веравызнання, са сваімі нацыянальнымі сімваламі, але ў той жа час усе былі блізкія і прыязныя адзін да аднаго.
— Я знайшоў агульную мову не толькі з землякамі і хлопцамі з Расіі, але і пасябраваў з Лукасам з Бразіліі. Яму была вельмі цікавая гісторыя нашай краіны. Ён ведае фільм пра Брэсцкую крэпасць і бачыў яго.
Таксама пазнаёміўся з дзяўчынай з Узбекістана. Яна казала, што ёй падабаецца Беларусь сваёй чысцінёй і спакоем. Размаўляў з хлопцамі з Лівана, яны добра ведаюць рускую мову. Ліванцы захоплены нашым Прэзідэнтам.
Кожны дзень разам са мной былі дзяржаўныя сімвалы нашай краіны. Людзі, бачачы іх, станоўча рэагавалі і жадалі сфатаграфавацца са мной. А галоўнай ідэяй фестывалю было паказаць, што ўсе мы розныя па якіх-небудзь прыкметах, але ў той жа час адзіныя ў патрэбах, імкненнях і жаданнях. Фестываль паказаў, што, нягледзячы на ўсе адрозненні паміж людзьмі з розных краін, мы можам жыць у сяброўстве.
Напрыканцы нашай гутаркі Дзяніс Цямчык падзяліўся тым, што ён узяў на ўзбраенне з фестывалю для сябе.
— Захапляюся экалогіяй. Убачыў некаторыя праекты перапрацоўкі смецця, а таксама варыянты разумнага выкарыстання розных рэсурсаў. Таксама было цікава даведацца ў людзей з іншых краін, як у іх ідуць справы ў галіне адукацыі. Я атрымаў каласальны вопыт, дзякуючы якому ў мяне з‘явіліся некаторыя задумкі, якія хочацца ажыццявіць.
Выдатна, што сярод нас ёсць такія актыўныя маладыя людзі, якія імкнуцца не спыняцца на дасягнутых мэтах, а толькі ўдасканальвацца і ісці наперад, з кожным разам атрымліваючы новы вопыт, які ў далейшым дапаможа зрабіць штосьці карыснае для ўсяго нашага грамадства.
Руслан Басак.
Фота прадастаўлена Дзянісам Цямчыкам