Четверг, 19 июня 2025

Дырэктар Пружанскага ПМС Аляксей Шахновіч: «Мы любім тое, чым займаемся»

323

Цяжка аспрэчыць той факт, што мы жывём у самай цудоўнай і прыгожай краіне пад назвай Беларусь. Тут усё непаўторнае: шумлівыя лясы, блакітнае неба, неабсяжныя палеткі і самае чыстае і духмянае паветра. І наша задача — зберагчы гэтае багацце, прымножыць яго, проста любіць. І пажадана не на словах, а на справе. Вось тут у прыклад можна правесці УП «Пружанскае ПМС», якое без малога паўстагоддзя спецыялізуецца на выкананні меліярацыйных работ, у тым ліку будаўніцтве, рамонце і рэканструкцыі водагаспадарчых і меліярацыйных аб’ектаў. Тым самым павышаючы эфектыўнасць выкарыстання зямельных і водных рэсурсаў для атрымання высокіх і ўстойлівых ураджаяў сельскагаспадарчых культур.

Наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка неаднаразова адзначаў, што меліярацыя — для Беларусі тэма не новая, але найважнейшая для сельскай гаспадаркі. Гэта ж увядзенне ў сельскагаспадарчы абарот новых зямель з папярэднім навядзеннем парадку — раскарчоўкай расліннасці і чысткай меліярацыйных каналаў, разраўноўваннем зямельных плошчаў. Як вынік, прыемна глянуць на палеткі, і вось вам больш шчодры ўраджай.

Дырэктар УП «Пружанскае ПМС» Аляксей Шахновіч абмяркоўвае правядзенне работ з майстрам Мікалаем Мішчанчуком (стаж работы больш за 50 гадоў) і вадзіцелем Леанідам Шанюком (40 гадоў працы на прадпрыемстве).

Усю адказнасць у сваёй рабоце разумеюць і ў ПМС раёна. Пры невялікім штаце прадпрыемства ў 75 чалавек меліярацыя праводзіцца на высокім узроўні, з веданнем справы. І як жа дадзеную акалічнасць не праверыць?! Як жа не выказаць словы падзякі за шчырую працу?! Ды яшчэ з нагоды прафесійнага свята, якое будзе адзначацца ў гэтую нядзелю!

Для гэтага сустрэліся з дырэктарам прадпрыемства Аляксеем Шахновічам і спачатку папрасілі падвесці вынік зробленаму ў мінулым годзе.

— За 2023 год поўнасцю асвоілі грашовыя сродкі з рэспубліканскага бюджэту. Рэканструкцыі меліярацыйных сістэм «Вінец», «Вярхоўе ракі Ясельда» і «Задвараны» вяліся на землях філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі». Таксама ў Задваранах прыводзіліся ў належны парадак зямельныя плошчы ААТ «Ліноўскае». Плошчы склалі 728 га. Сродкі абласнога бюджэту скіравалі на сельгасугоддзі ААТ «Велікасельскае Агра», «Пружанскі райаграсэрвіс» і «Шані-аграпрадукт». Ахапілі 620 га і пакінулі пасля рэканструкцыі гаспадаркам зямельныя плошчы, адноўленыя і прыгожыя.

Драўнінна-хмызняковую расліннасць патрэбна не толькі выкарчаваць, але і складаваць для далейшай перапрацоўкі. Вось гэтым і займаецца вопытны трактарыст-машыніст Дзмітрый Наумік.

— Аляксей Аляксеевіч, раз добра справіліся з работай — значыць і ў плане грошай не былі пакрыўджаны?

— З такім калектывам можна і патрэбна зарабляць. Напрыклад, рост выручкі за 2023 год склаў 5 мільёнаў 717 тысяч рублёў — 135 % да 2022 года. Выпрацоўка на аднаго чалавека за мінулы год — 90 тыс. рублёў. На ўзроўні вобласці і нават рэспублікі гэта вельмі добры паказчык. Што да зарплаты, то ў сярэднім па прадпрыемстве яна складае 1700 рублёў. Вельмі нядрэнна, хапае і на сябе, і на сям’ю.

Тэхніка вельмі важная ў рабоце меліяратараў.

— Тэхніка абнаўляецца?

— Канечне ж, без гэтага выконваць пастаўленыя задачы было б куды цяжэй. Набылі два экскаватары: расійскі УМГ-Е225С і кітайскі «Ловал» з падоўжанымі стрэламі. Таксама купілі два трактары «Беларус-920» і «Беларус-1221». Абнавілі аўтамабільны парк: цяпер у нас ёсць МАЗ з прычэпам, набылі паўпрычэпы. Для падвозу тых жа запчастак на палеткі цяпер ёсць набытая ў лізінг «Газель». Для аператыўнага вырашэння рабочых пытанняў абнавілі камп’ютары.

Машыніст экскаватара «Ловал» Юрый Солад (больш за 20 гадоў стажу) задзейнічаны на чыстцы каналаў, а вадзіцель Мікалай Саўчук, які круціць баранку ў ПМС 40 га доў, заўсёды гатовы забяспечыць тэхніку палівам.

— Каго з працаўнікоў ставіце ў прыклад?

— З нашымі людзьмі прыемна працаваць. Ёсць касцяк з работнікаў, якія кожны дзень працуюць з запалам, не для галачкі, на сумленне. На іх раўняюцца і астатнія. У нас жа як? Работа ў любым выпадку павінна быць выканана без недахопаў, каб не было сорамна, бо яна заўсёды навідавоку ў людзей. Таму стараемся, прыкладаем многа сіл, каб усе былі задаволены рэзультатам нашай працы. Асаблівую падзяку за старанне хочацца выказаць машыністам экскаватара Вячаславу Кухараву, Юрыю Соладу, Дзмітрыю Ліцкевічу, Уладзіміру Ігнашэвічу, Аляксандру Мацэвічу і Георгію Судзенку. На сваім месцы і пры сваёй справе машыністы бульдозера Мікалай Суцько, Пётр Трафімчук і Уладзімір Аўдзейчык. Заўсёды спраўнай трымаюць сваю тэхніку і аператыўна выконваюць пастаўленыя задачы трактарысты-машыністы Дзмітрый Наумік, Юрый Лук’яновіч, Анатоль Архуцік і Іван Каралькевіч. Ды і вадзіцелі ў нас як на падбор: Юрый Венска, Барыс Канцэвіч, Леанід Шанюк, Мікалай Саўчук, Уладзімір Макарэвіч. Прозвішчы некаторых ужо гучалі ў нашай газеце, але, я лічу, ніколі не будзе лішнім сказаць добрае слова пра людзей, якія сваёй працай гэтага сапраўды заслужылі.

Толькі адказнаму работніку давяраецца новая тэхніка. Такім і з’яўляецца машыніст экскаватара УП «Пружанскае ПМС» Дзмітрый Ліцкевіч, які працуе на прадпрыемстве з 2009 года.

— А якія планы на будучае?

— Будзем і надалей займацца звыклай для нас справай — рэканструкцыяй меліярацыйных сістэм. Сёлета гэта плошчы ў 779 га. У тым ліку на 370 га будзем праводзіць культуртэхнічную меліярацыю (работы па расчыстцы зямель ад дрэўнай і травяністай расліннасці, пнёў, імху). Дарэчы, калі ў 2023 годзе меліярацыя складала 40% нашай дзейнасці, а 60% прыпадала на іншыя работы, то, згодна з мінулагоднім Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, цяпер гэтыя лічбы выглядаюць так: 90% — меліярацыя і 10% — на ўсё астатняе. Адразу бачна, што ў нашай краіне надаецца вельмі пільная ўвага стану зямель як крыніцы народнага багацця.

Старажылам у ПМС называюць машыніста бульдозера Пятра Трафімчука, які аддаў прадпрыемству каля 60 гадоў. А разам з калегам Аляксандрам Пахалевым яны віртуозна спраўляюцца з разраўноўваннем зямельных насыпаў, якія ўтвараюцца пасля чысткі каналаў.

— Зразумела, Аляксей Аляксеевіч, Вам слова для віншавання з нагоды прафесійнага свята.

— Ганарыцеся сваёй прафесіяй і не адступайце ад намечаных мэтаў. Жадаю заўсёды знаходзіцца ў зоне камфорту і сярод добрых людзей. Дамагайцеся штодзённа поспеху, адчувайце сябе сапраўднымі прафесіяналамі і проста шчаслівымі людзьмі. Жадаю міру і здароўя, багатых перспектыў, няхай заўжды над вамі лунае ўдача! Яшчэ раз са святам!

Гутарыў Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік