Воскресенье, 20 апреля 2025

Дырэктар Пружанскага каледжа Дзмітрый Чайкоўскі

469
На здымку: Дзмітрый Чайкоўскі (злева) падчас святкавання 70-гадовага юбілею каледжа з дырэктарам ДУ «Рэгіянальны цэнтр метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці» Андрэем Кавалеўскім.

Пад рубрыкай «Асоба» мы будзем расказваць у «раёнцы» пра людзей, якія сваёй дзейнасцю, асабістым жыццём могуць служыць прыкладам для сваіх землякоў, як для юных, так і сталых. І адкрывае нашу галерэю асоб раёна дырэктар УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» Дзмітрый Чайкоўскі.

Канечне, кожны з нас сам выбірае жыццёвую дарогу. Адзін бачыць шчасце ў сабе любімым, а па-за дзвярыма свайго дома — і трава не расці. Здаецца, і няма нічога ў гэтым дрэннага, але часам менавіта абыякавасць прыводзіць да таго, што мы не хочам бачыць гора іншых людзей, працягнуць руку дапамогі, проста выказаць словы падтрымкі.

— Пра дадзены аспект заўсёды варта помніць, якія б пасады ні займаў, з якімі б людзьмі не меў зносіны, — разважае Дзмітрый Уладзіміравіч. — Галоўнае — заставацца чалавекам, і не на словах, а на справе. Бо можна многа сказаць гучных слоў і нічым іх не падмацаваць.

З дзяцінства велізарным прыкладам для нас з’яўляюцца бацькі, іх нормы паводзін дома і ў грамадстве. Мы глядзім на іх наіўнымі вачыма і капіруем кожны рух, кожнае слова.

Як прызнаецца Дзмітрый Чайкоўскі, менавіта бацька Уладзімір Уладзіміравіч і матуля Антаніна Мікалаеўна імкнуліся закласці ў характары яго і брата Андрэя чалавечнасць і разуменне, што толькі разам можна дасягнуць вышынь. Працавітасць прывівалі на ўласным прыкладзе: маці шмат гадоў да выхаду на пенсію працавала ў Пружанскай ЦРБ, а бацька і па сённяшні дзень шчыруе ў філіяле ДРБУ № 140 КУП «Брэстаблдарбуд». Паважаныя для навакольных людзі і любімыя бацькі для сыноў.

Калі гаварыць пра маладосць і сталасць, то ў кожнага пакалення надыходзіць чарга станавіцца апорай, перадаваць вопыт, вучыць жыццю. Размова, канечне, пра сям’ю, бо хто ж ты без працягу свайго роду? Дзмітрый стаў абаронцам і надзейным плячом каханай жонцы Вользе, сапраўдным татам, а не «па пашпарце» дочкам Паліне і Вераніцы і сыну Уладзіславу. Радуецца кожнай магчымасці пабыць з сям‘ёй, пазаймацца з дзецьмі. Хаця працоўныя абавязкі, зразумела, займаюць асноўны час, галоўнае — арганізаванасць, тады гадзін у сутках хапае на ўсё.

— Я пачынаў свой працоўны стаж у Гродзенскай вобласці, тагачасным калгасе імя Дзяржынскага Свіслацкага раёна на пасадзе загадчыка машынна-трактарнага парка. Але пасля службы ва Узброеных Сілах вырашыў: калі нарадзіўся ў Пружанах, значыць, і карысць павінен прыносіць роднай старонцы. Сем гадоў аддаў выхаванню і навучанню маладога пакалення ў Пружанскім каледжы. Нароўні з тым, што даваў веды па спецыяльнасці, стараўся ўкласці ў свядомасць кожнага навучэнца: ты — грамадзянін сваёй краіны, ганарыся гэтым, — адказвае Дзмітрый Уладзіміравіч на пытанне, як праходзіла яго працоўная маладосць.

З красавіка 2013-га па снежань 2019 года Дзмітрый Чайкоўскі — старшыня Шарашэўскага сельвыканкама. І не проста займаў пасаду, а спраўна выконваў абавязкі. Менавіта ў той час у Шарашэве была пабудавана дзіцячая пляцоўка за цэнтрам культуры і вольнага часу, праводзілася газіфікацыя і ўвасаблялася ў жыццё праграма «Чыстая вада». На пастаяннай аснове, як і цяпер, наводзіліся парадкі на могілках (дзякуй нераўнадушным людзям!), не забывалі і пра помнікі тым, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Штодзённых набалелых пытанняў, з якімі звярталіся жыхары сельсавета, таксама ніхто не адмяняў. Адным словам, рабілася многае. І гэты вопыт работы спатрэбіўся ў далейшым, калі Дзмітрыя Уладзіміравіча абралі старшынёй Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Што ж, калі ўзяў добры працоўны старт, то спыняцца на паўдарозе недаравальна! І тут працаваў плённа, з жаданнем. Заўсёды пад увагай была ўборачная кампанія, штогод прымалі ўдзел галіновыя прафсаюзы ў акцыі «Наш жывёлавод». На першым плане, зразумела, заставаліся абарона правоў працоўных, работа ў мабільных групах, пытанні аздараўлення работнікаў і здаровага ладу жыцця…

На дадзены момант Дзмітрый Чайкоўскі зноў звязаны з каледжам, ён — дырэктар установы адукацыі. Работы стала менш? Зразумела, не. Тут жа трэба адказваць перад дзяржавай, якіх спецыялістаў рыхтуеш, якое выхаванне ўкладзеш у душы маладых людзей. Як і раней, навучэнцы каледжа радуюць сваіх выкладчыкаў перамогамі на розных конкурсах, паказваюць высокае майстэрства і прагу да ведаў. Прэстыж навучальнай установы не зніжаецца: сёлета набор навучэнцаў выкананы на 100 %, пры гэтым па заканчэнні каледжа ўсе размеркаваны на першае працоўнае месца.

Ніколі не цураўся Чайкоўскі і грамадскай дзейнасці. Заўсёды лічыў, што членства ў грамадскіх арганізацыях — гэта не проста нашэнне ў кішэні членскага білета. Так што прымае ўдзел ва ўсіх акцыях і мерапрыемствах, якія праводзяцца прафсаюзам, Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці, РГА «Белая Русь» і ГА «Беларускі фонд міру». Абіраўся дэпутатам Шарашэўскага сельскага і Пружанскага раённага Саветаў.

— А хто, калі не мы? — пытаннем на пытанне, ці не цяжка спраўляцца з усімі абавязкамі, адказвае Дзмітрый Уладзіміравіч.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік