З Дзмітрыем Красевічам мне ўпершыню давялося кантактаваць пасля прагляду прэм’еры фільма «На другім беразе», які дэманстраваўся ў кінатэатры «Спадарожнік» у верасні.
Я папрасіў гледачоў падзяліцца ўражаннямі пасля прагляду. Адным з маіх суразмоўцаў і аказаўся Дзмітрый Мікалаевіч. Ведаеце, ад гэтага чалавека ідзе нейкая асаблівая энергетыка інтэлігентнасці, светлага розуму, павагі да людзей. Тады для сябе я прыняў рашэнне расказаць пра яго на старонках газеты.

У мінулым годзе Дзмітрый Красевіч адзначаў паўвекавы юбілей з дня нараджэння. Які шлях застаўся ў яго за плячыма?
Як і многім мясцовым юнакам, першую прыступку ў самастойнае жыццё яму даў Пружанскі саўгас-тэхнікум (цяперашні аграрна-тэхнічны каледж). Згадзіцеся, нямала на слыху кіраўнікоў розных, нават вельмі высокіх рангаў, што менавіта тут пачалі сваю прафесійную адукацыю. Так і Дзмітрый Мікалаевіч пасля заканчэння ў 1988 годзе СШ № 3 вырашыў набыць спецыяльнасць тэхніка-электрыка, а ў 1992-м уладкаваўся на завод радыёдэталей электраманцёрам дыстанцыйнага абсталявання. Праз нейкі час перайшоў на Пружанскі малочны камбінат, а паралельна паступіў завочна ў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт.
Атрыманне вышэйшай адукацыі дазволіла пашырыць свае гарызонты, займаць ужо інжынерныя пасады і на малочным камбінаце, і ў Пружанскіх электрасетках. Набыццё практычнага вопыту дало магчымасць узначаліць інжынерную службу кансервавага завода, а ў 2008 годзе Дзмітрыя Мікалаевіча прызначылі дырэктарам.
З 2021 года Дзмітрый Красевіч узначальвае філіял Пружанскага райспажыўтаварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці». У структуру якога ўваходзяць завод па вытворчасці хлеба і хлебабулачных вырабаў, цэх мясных паўфабрыкатаў, рыбны і забойны цэхі. Вядзецца будаўніцтва цэха па вырабе мясных кансерваў, якое павінна завяршыцца ў бягучым годзе.
Зразумела, што сучасная вытворчаць патрабуе ўдасканалення ведаў, таму кіраўнік вырашыў набыць яшчэ адну вышэйшую адукацыю, скончыў Брэсцкі палітэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «эканоміка кіравання прадпрыемствамі прамысловасці».
Але не працай адзінай жыве чалавек. У вольны час Дзмітрый Мікалаевіч любіць вандраваць, захапляецца паляваннем. Асобным радком у яго хобі ідзе кулінарыя: нездарма дасканала ведае таямніцы харчовай вытворчасці. Але як сапраўдны мужчына любіць гатаваць мясныя стравы, розную вяндліну. Жаночая частка сям‘і — жонка і дачка — толькі падтрымліваюць падобнае захапленне.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара