Понедельник, 9 декабря 2024

Намеснік дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Наталля Талстуха расказала, ці можа дзіця з аўтызмам наведваць звычайную школу і ці можна назваць наша грамадства інклюзіўным

348

Грамадства не можа быць аднастайным. Мы жывём поплеч з зусім рознымі людзьмі, якія маюць свае асаблівасці, у тым ліку псіхафізічнага развіцця. Каб выбудаваць сапраўды талерантнае, спрыяльнае для ўсіх асяроддзе, гэта павінен усвядоміць кожны грамадзянін.

Напярэдадні Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб аўтызме, які адзначаецца 2 красавіка, мы пагутарылі з намеснікам дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, настаўнікам-дэфектолагам Наталляй Талстухай.

— Калі казаць пра асаблівасці дзяцей з аўтызмам, то ў першую чаргу трэба адзначыць немагчымасць іх паўнавартаснай сацыялізацыі, — кажа Наталля Уладзіміраўна. — Такія людзі не могуць мець прывычныя ў нашым разуменні зносіны, па-іншаму рэагуюць на навакольны свет. Для іх характэрны стэрэатыпныя рухі, непрыняцце пэўных шумаў, колераў, пахаў. Прычым рэчы, якія выклікаюць абвостраную рэакцыю, у кожнага чалавека з аўтызмам будуць рознымі, тут усё вельмі індывідуальна.

— Дапусцім, дзіця з аўтызмам было справакавана нейкім трыгерам. Што рабіць у такім выпадку?

— Кожны інцыдэнт трэба разглядаць асобна, няма адзінай універсальнай інструкцыі. Па магчымасці неабходна прыбраць раздражняльнік або адысці ад яго як мага далей. Адно дзіця можа супакоіць тактыльны кантакт, пры якім мы моцна абдымаем або выкарыстоўваем уцяжараную коўдру. Другое будзе мець патрэбу схавацца ў зацішнае месца і пабыць у адзіноце. Ёсць выпадкі, калі раздражненне здымаецца рухавай актыўнасцю. Важна ўважліва назіраць за паводзінамі дзіцяці, разумець яго жаданні.

— На Ваш погляд, наша грамадства можна назваць інклюзіўным?

— Пакуль нельга. На жаль, пэўны час асаблівыя дзеці былі закрыты. Наша грамадства не прывыкла бачыць, прымаць такіх людзей. Прывіццё інклюзіўнай культуры, канечне, працяглы працэс, але радуе, што пэўныя зрухі ёсць ужо зараз. Педагогі цэнтраў карэкцыі, валанцёры, проста неабыякавыя асобы вучаць грамадства талерантнасці, тлумачаць неабходнасць уключэння асаблівых людзей у грамадскія працэсы ў поўнай ступені. Спадзяёмся, што гэтая няпростая работа дасць пэўны вынік у будучым, выхавае сапраўды неабыякавае пакаленне.

— Патлумачце, калі ласка, як правільна называць асаблівых людзей?

— Неэтычна выкарыстоўваць словазлучэнне «хворы на аўтызм», лепш казаць «чалавек з аўтызмам». У такім выпадку мы маем на ўвазе, што гэта проста асаблівасць яго, такая ж, як наш характар ці тэмперамент.

— Калі гаварыць пра школы… Як справы з інклюзіяй абстаяць там?

— На дадзены момант гутарка ідзе толькі пра сацыяльную, не адукацыйную інклюзію. На жаль, педагогі масавай школы яшчэ не падрыхтаваны да работы ў інклюзіўных класах, навучання дзяцей з сур’ёзнымі псіхафізічнымі парушэннямі… Патрэбны глабальныя рэформы ва ўсёй сістэме адукацыі. Пакуль пра гэта цяжка казаць, але пакрысе мы робім крокі ў гэтым накірунку. Відавочны прыклад — класы інтэграванага навучання і выхавання.

— У дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра ёсць магчымасць вучыцца ў звычайнай школе?

— Так. Калі вучань з аўтызмам прыходзіць у агульнаадукацыйную ўстанову, за ім пры неабходнасці замацоўваецца суправаджальны педагог-цьютар, які падтрымлівае яго ў працэсе навучання: сядзіць побач, дапамагае выконваць заданні і г.д. Да слова, вядомы факты неверагодных здольнасцяў аўтыстаў. Напрыклад, такі чалавек можа складваць касмічныя лічбы проста ў галаве, але пры гэтым не здолее пераказаць самае простае апавяданне.

— Наталля Уладзіміраўна, што для Вас значыць слова «талерантнасць»?

— Прыняцце, пад-трымка, эмпатыя, прызнанне ўнікальнасці і значнасці асаблівых дзяцей, якія сапраўды таленавітыя. Прыклад таму — раённыя інклюзіўныя фестывалі, якія мы арганізоўваем з 2012 года. Падчас падрыхтоўкі да такіх маштабных мерапрыемстваў узнікаюць розныя складанасці. Але, калі асаблівае дзіця паказвае свае здольнасці на вялікай сцэне, усіх напаўняе непасрэдная, чыстая радасць, і часовыя цяжкасці ўраз забываюцца.

— Як адзначыце Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб аўтызме?

— Зараз рыхтуем раённую акцыю, якая пройдзе з 1 па 7 красавіка. У школах будуць праведзены інфармацыйныя і класныя гадзіны па дадзенай праблеме, падчас якіх школьнікі створаць сінія ліхтарыкі — сімвал талерантнасці людзей з аўтызмам.

Юлія Янушка