Суббота, 15 февраля 2025

Дырэктар ААТ «Рамбуд» Аляксандр Апаляйчук: мы працуем дзеля дабрабыту ўсіх людзей

690

Сваю гісторыю «Рамбуд» можа адлічваць з розных дат, калі адбыліся лёсавырашальныя для арганізацыі падзеі. І з дня ўтварэння рамонтна-будаўнічага ўпраўлення на пачатку 70-х гадоў, і з рашэння аб’яднаць РБУ і Спецбуд у адзінае будаўнічае прадпрыемства. І нават з дня ўключэння акцыянернага таварыства ў склад агракамбіната «Мачулішчы», што выводзіла «рамбудаўцаў» ужо на рэспубліканскі ўзровень. Аднак з намерам зберагчы памяць тых, хто стаяў ля самых першых вытокаў стварэння гэтай знакамітай арганізацыі, было вырашана прызнаць датай «нараджэння» ААТ «Рамбуд» г. Пружаны адну з падзей 24 жніўня 1944 года, калі была арганізавана рамонтна-будаўнічая кантора ў складзе Пружанскага Гарпрамгаса (цяпер КУВП «Камунальнік»).

Так супала, што праз 12 гадоў, амаль у дзень нараджэння свайго прадпрыемства, «рамбудаўцы» стануць адзначаць яшчэ і прафесійнае свята — Дзень будаўніка.

За мінулыя 80 гадоў будаўнічай канторай, участкам, упраўленнем кіравалі вядомыя ў раёне людзі, дзякуючы ініцыятыўнасці якіх расла не толькі арганізацыя, але і яе партфоліа, якое напаўнялі дзясяткі аб’ектаў. Кожны год, калі РБУ ўзначальвалі Валянцін Іванавіч Дарафееў, Андрэй Васільевіч Шэпель, Дзмітрый Якаўлевіч Радзішэўскі, Аляксей Мікалаевіч Кубік, Сяргей Іванавіч Міхальчук, Міхаіл Паўлавіч Дзям’янец, Іван Паўлавіч Вітко, Васілій Лявонцьевіч Кунінец, рукамі калектыву «Рамбуд» узводзіліся дамы, пракладваліся новыя інжынерныя камунікацыі. Пры гэтым такія работы ў перыяд кіраўніцтва В.Л. Кунінца выконваліся ўжо не толькі на Пружаншчыне, але за межамі раёна і вобласці.

На вытворчай нарадзе ў дырэктара Аляксандра Апалейчука (у цэнтры) вядучы эканаміст Ганна Кулецкая, начальнік вытворча-тэхнічнага сектара Таццяна Шэпель, галоўны інжынер Сяргей Кніга, галоўны бухгалтар Алена Самусева.

Як зазначае цяперашні дырэктар таварыства Аляксандр Апаляйчук, сімвалізм можна ўбачыць і ў тым, што гэтыя дзве гістарычныя падзеі калектыў арганізацыі адзначае яшчэ і ў Год якасці, робячы ў яго здзяйсненні таксама важкі ўклад. За мінулыя з моманту назначэння Аляксандра Мікалаевіча тры гады «Рамбуд» не толькі не згубіў усё зробленае папярэдне, але і працягвае папаўняць «скарбонку гісторыі» прадпрыемства новымі здабыткамі.

— На сённяшні дзень ААТ «Рамбуд» г. Пружаны мае статус будаўнічага прадпрыемства амаль поўнага цыкла, — гаворыць кіраўнік таварыства. — Мы выконваем агульнабудаўнічыя, электрамантажныя і сантэхнічныя работы. Калі абагульніць, то можам пабудаваць дом літаральна з падмурка і да даху, толькі без аздабленчай аддзелкі.

45-гадовы стаж працы электрагазазваршчыкам за плячыма Анатолія Жалнерчука. У «Рамбуд» ён прыйшоў 10 гадоў таму і праца яго цэніцца высока.

Для выканання ўзятых абавязацельстваў прадпрыемства мае адпаведны кадравы састаў у 126 работнікаў, якія маюць прафесійны вопыт і высокую кваліфікацыю, каб справіцца з пракладкай інжынерных камунікацый, робіць цагляную кладку, праводзіць электрычнасць. А яшчэ выконваць газазварачныя, металаапрацоўчыя работы і нават падрыхтаваць розныя будаўнічыя растворы ў прамысловых аб’ёмах. Для чаго, акрамя рук будаўнікоў, ёсць абсталяванне, інструмент, тэхніка.

Безумоўна, у працы «рамбудаўцаў» не абыходзіцца і без праблемных пытанняў, сярод якіх патрабуе першачарговай увагі абнаўленне матэрыяльнай базы і кадраў. Па словах дырэктара, з тэхнікай вырашыць прасцей, для чаго і складаюцца планы ўжо на бліжэйшую перспектыву. Складаней з работнікамі, бо цяперашні сярэдні ўзрост дасягае амаль 50 гадоў, а хочацца, каб прыходзіла больш моладзі.

Штодня тоны раствору выдае бетонна-змешвальная ўстаноўка, пры гэтым нельга забывацца і пра якасць. Таму рэгулярна працоўныя планы інжынер па якасці Іна Рэчыц абмяркоўвае з матарыстам БЗУ Аляксандрам Клімцом.

— Спадзяёмся, што з улікам цяперашняй загружанасці ААТ «Рамбуд» г. Пружаны выпускнікі адпаведных навучальных устаноў павераць у нашы стабільныя перспектывы і прыйдуць да нас на працу. А зацікавіць нам ёсць чым. У прыватнасці, зараз працуем над узвядзеннем шматкватэрнага дома ў г.п. Ружаны, заканчваем сантэхнічныя работы ў сталоўцы і ў Шарашэўскім доме-інтэрнаце. Пастаянна ўдзельнічаем у будаўніцтве вытворчых аб’ектаў (наступны год не будзе выключэннем) не толькі як субпадрадчыкі, а і як галоўны падрадчык.

Чарговы праект вывучаюць майстар Раман Шапавалаў і інжынер вытворча-тэхнічнага сектара Кірыл Ціханаў.

Хочацца верыць што жаданні кіраўніцтва спраўдзяцца, таму што зараз у калектыве ёсць нямала прафесіяналаў, вопыт якіх не павінен знікнуць. Да такіх Аляксандр Апаляйчук адносіць электраманцёра Аляксандра Кавалевіча, муляраў Аляксандра Рупеку і Мікалая Апалейчука, цесляра Мікалая Дарошку, машыніста экскаватара Аляксандра Гарустовіча, электрамантажніка Віктара Чарнякевіча. Перайманне вопыту ў будаўнікоў цэніцца на вагу золата: толькі праз практычную навуку рыхтуюцца прафесійныя кадры. Прыкладам гэтага можна лічыць працоўны шлях мантажніка сантэхнічнай брыгады Андрэя Невяровіча, электраманцёра Андрэя Грышкевіча, матарыста БЗУ Аляксандра Клімца, муляра Рамана Гавейны, якія адпрацавалі на прадпрыемстве параўнальна нямнога, але, абапіраючыся на пераняты на месцы вопыт, ужо займелі пэўны аўтарытэт.

«Няхай будзе святло!» — дэвіз брыгады электрамантажнікаў у складзе Мікалая Панасевіча, Аляксандра Гульковіча і Андрэя Грышкевіча.

На такіх людзях трымалася таварыства і будзе трымацца ў будучым.

— Напярэдадні юбілею і прафесійнага свята жадаю нашым ветэранам, а таксама цяперашнім работнікам добрага здароўя, ажыццяўлення жыццёвых і працоўных планаў, а таксама задавальнення ад любой справы. Мы працуем дзеля дабрабыту ўсіх людзей, і нашы намаганні ніколі не будуць забытыя.

Алег Сідарэнка.

Фота аўтара