Четверг, 18 апреля 2024

Дыпломы абласнога этапу конкурсу «Жанчына года-2022» атрымалі прадстаўніцы Пружаншчыны!

715

Конкурс, які праводзіцца штогод грамадскім аб‘яднаннем «Беларускі саюз жанчын», стаў для нас звыклым. Вельмі прыемна тое, што прымаюць у ім удзел і выходзяць у пераможцы нашы зямлячкі — актыўныя члены аб’яднання, якія дасягнулі поспехаў у розных сферах дзейнасці.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання жанчын-удзельніц абласнога этапу конкурсу «Жанчына года-2022», які прайшоў у красавіку на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, таксама прыняла ўдзел пружанская дэлегацыя. І не проста прыняла. Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Гаспадыня сяла» была ўзнагароджана старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мікалаеўна Мардань, а дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Не старэюць душой ветэраны» — ветэран працы Раіса Аляксандраўна Бульчук.

Ад усёй душы віншуем іх з гэтай перамогай!

Наталля Чарэшка, старшыня праўлення Пружанскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын»


Мы папрасілі жанчын-пераможцаў сказаць сваё слова.

Раіса Бульчук, старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Шарашэўскага сельсавета:

— Вельмі цудоўнае мерапрыемства наладзілі арганізатары. І, ведаеце, такое было неверагоднае пачуццё нашага жаночага адзінства, што эмоцыі зашкальвалі. Калі разам спявалі гімн, проста слёзы цяклі.

Але, на жаль, ветэранаў няшмат удзельнічала, у асноўным моладзь (хаця для мяне і 40-гадовыя жанчыны юныя). Мне здаецца, што мы, ветэраны працы, маем яшчэ значны патэнцыял, шмат нерастрачанай энергіі. Я гэта і пра сябе гэтак жа кажу. У нашым сельсавеце шмат грамадскіх ініцыятыў вылучаецца менавіта саюзам жанчын і ветэранамі. І назва намінацыі, у якой я атрымала дыплом, як нельга лепш адпавядае настрою: менавіта так, «Не старэюць душой ветэраны», будзе называцца мерапрыемства ў Шарашэве, прызначанае на 12 ліпеня.

Зразумела, шкада, што ўсё менш часу застаецца на актыўныя справы, але ж я заўсёды жыла з дэвізам: «Хачу гэта рабіць — і раблю!» Справа не ва ўзросце, а ў нас саміх.

«Не завидуйте молодым,
В наше время не трудно быть ими.
А завидуйте пожилым,
Что остались навек молодыми!»


Таццяна Мардань, старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Ліноўскага сельсавета:

— Вельмі многа ў сучасным жыцці залежыць ад нас, жанчын. Мы — гаспадыні ў сваім доме, сваёй сям‘і. А мне давялося стаць яшчэ і гаспадыняй вялікай тэрыторыі сельсавета — 26-ці населеных пунктаў. Гэта і пачэсна, і вельмі адказна.

Зараз на першы план выходзіць работа па навядзенні парадку ў вёсках. І не толькі буйных, дзе пражывае шмат людзей, але і маланаселеных, з вялікай колькасцю пустуючых дамоў. Вельмі крыўдна, дарэчы, што даводзіцца зносіць нікому не патрэбныя старыя будынкі. У той жа час паглядзім на другі бок медаля: наводзім парадак — і замест ламачча і зараснікаў атрымліваем сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Далучаецца да навядзення парадку і насельніцтва. Апошнім часам, напрыклад, дастойная работа праведзена ў Загор‘і, Варотным, Тулоўшчыне. Наогул, заўсёды знаходзіцца нямала памочнікаў, людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, тым больш што на тэрыторыі сельсавета нямала жанчын-кіраўнікоў, мы разумеем адна адну і імкнёмся дапамагчы.

А яшчэ мы заўсёды гатовы шукаць нешта новае, каб зрабіць жыццё і маладых сем‘яў, і сталых жыхароў больш цікавым, разнастайным. Так, у мінулым годзе не проста адзначылі свята вёскі, а прыдумалі фэст «Ліноўскі гасцінец». Спадзяёмся, ён стане традыцыйным, а сёлета Лінова адзначае сваё 555-годзе, таму хочацца наладзіць з гэтай нагоды сапраўднае свята. Для ажыццяўлення сваіх планаў імкнёмся знаходзіць дадатковыя сродкі, з гэтай мэтай удзельнічаем у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Цяпер вось падрыхтавалі праект «Разам за здароўе ў аграгарадку». Яго вынікі ўжо падведзены, і мы павінны атрымаць грашовыя сродкі для будаўніцтва спартыўных пляцовак.